Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзень роднай мовы адзначаюць у сьвеце 21 лютага. У Беларусі цягам цэлага тыдня розныя арганізацыі, ініцыятывы, а таксама некаторыя дзяржаўныя ўстановы ладзяць імпрэзы, прысьвечаныя беларускай мове. Але самыя яркія і цікавыя традыцыйна адбываюцца 21 лютага.

1. Дыктоўка з ТБМ

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ладзіць традыцыйную, ужо дзявятую па ліку Агульнанацыянальную дыктоўку.

Тэксты дыктовак можна ўзяць на партале ТБМ ці прачытаць у «Нашым слове». 21 лютага дыктоўка будзе па тэкстах Янкі Сіпакова, Максіма Багдановіча і Макара Краўцова. Дыктоўку, як заўжды, праводзяць у тры этапы. Наступны этап будзе 15 сакавіка, потым 25-га.

Дзе: Менск, сядзіба ТБМ (вул. Румянцава, 13), аб 11.00. Усе ўдзельнікі атрымаюць падарункі.

Дарэчы: На сайце баранавіцкага навіннага парталу да сьвята роднай мовы выйшаў тэст, з дапамогай якога можна атрымаць адзнаку па беларускай мове.

Тэст няпросты. Трэба будзе перакладаць сказы тыпу «Конікі паціху сакаталі ў канюшыне» і ведаць значэньне выразаў кшталту «Лыкі драць».

2. Спэктакль «Браніслаў» з Арт Сядзібай

21 лютага адбудзецца паказ спэктакля «Браніслаў. Сцэны з жыцьця ды сноў» паводле аднайменнай п’есы Эльдара Бякірава.

Спэктакль прысьвечаны Браніславу Тарашкевічу, выдатнаму навукоўцу і беларускаму грамадзкаму дзеячу.

У пастаноўцы галоўны герой паўстае ня толькі як распрацоўнік клясычнай граматыкі і правапісу беларускай мовы, але і як чалавек з пакручастым і трагічным лёсам.

Уваход на спэктакль 21 лютага паводле папярэдняга запісу. Колькасьць месцаў абмежаваная. Па ўсіх пытаньнях зьвяртайцеся на пошту artsiadziba@gmail.com.

Рэпартаж Свабоды з прэм’еры спэктакля можна паглядзець тут.

Дзе: месца і час арганізатары паведамяць кожнаму, хто запішацца на прагляд, асабіста.

3. Монаспэктакль «Билінгвы» ў Берасьці

У межах сьвяткаваньня Дня роднай мовы культурніцкі цэнтар «Грунтоўня» запрашае на монаспэктакль «Билінгвы», тэма якога — дзьвюхмоўе ў Беларусі.

Дзе: Берасьце, вул. Дзяржынскага, 14.

4. Сэрыял Friends і «Хуткія размовы па-беларуску» з журфакам БДУ

Прысьвечаныя Дню роднай мовы мерапрыемствы адбываліся тут цягам усяго тыдня. 21 лютага ўстанова не працуе, таму галоўныя імпрэзы пройдуць у пятніцу 19-га і ў панядзелак 22 лютага. Напярэдадні сьвята будучыя журналісты запрашаюць да прагляду перакладзеных і агучаных на беларускай мове некалькіх сэрыяў сэрыялу Friends. Паказ адбудзецца 19 лютага а 18.00 у 308 аўдыторыі.

22 лютага — «Хуткія размовы па-беларуску». Студэнты заклікаюць паспрабаваць паразмаўляць па-беларуску ў нядзелю, 21.02, у Міжнародны Дзень роднай мовы, а на наступны дзень прыйсьці на факультэт на «Хуткія размовы па-беларуску» і палепшыць сваё валоданьне мовай.

Дзе: Інстытут журналістыкі БДУ (вул. Кальварыйская, 9)

5. Канцэрт з Моладзьдзю БНФ

Моладзь БНФ ладзіла цэлы Тыдзень беларускай мовы, у праграме якога — настольныя гульні, дыскусіі зь вядомымі асобамі, пастаноўка форум-тэатру «Мова», кінапрагляды беларускіх і ўкраінскіх фільмаў, гарадзкі квэст у цэнтры Менску. На 21 лютага заплянаваны сьвяточны канцэрт з удзелам маладога беларускага гурту «Лепшы квас». Пачатак канцэрту а 20.00.

Дзе: Менск, сядзіба Партыі БНФ (вул.Чарнышэўскага, д.3).

6. Экскурсія зь Сяргеем Харэўскім і Ірынай Дубянецкай

Беларускі Калегіюм і Лятучы Ўніверсітэт запрашаюць у навуковае падарожжа з Ірынай Дубянецкай і Сяргеем Харэўскім з цыклю «Трэцяя беларуская праўда». 21 лютага ладзіцца экскурсія «Радзіма радзімічаў» ад Менску праз Бабруйск, Сьветлагорск і Рэчыцу да Гомеля.

Дзе: Падрабязная інфармацыя пра вандроўку тут.

Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі

7. Канцэрт на вакзале ў Бабруйску

У Бабруйску з 14 па 21 лютага праходзіць гарадзкая акцыя «Размаўляем, чытаем і сьпяваем па-беларуску». У межах акцыі — імпрэзы ў музэях, школах і бібліятэках. У сам Дзень роднай мовы, 21 лютага на Бабруйскім аўтавакзале пройдуць два канцэрты: «Беларускі край» народнага фальклёрнага калектыву «Бярэзінскі карагод» «Беларусь, мая сонца-краіна!» хору вэтэранаў працы «Бабруйскія зоры».

Падрабязная праграма імпрэзаў тут.

8. Правакацыйны флэш-моб ад курсаў «Мова Нанова» «Я не размаўляю па-беларуску, бо...»

Перад гэтым на сайце «Мова Нанова» праходзіў імправізаваны перапіс беларускамоўнага насельніцтва.

Калі першая акцыя была скіраваная на тое, каб паказаць твары беларусаў, якія гавораць па-беларуску і не саромеюцца гэтага, то задача другой — даць магчымасьць назваць прычыну, ці, як кажуць арганізатары, «адмазку», чаму яны так ня робяць. Паводле задумы, гэтае прызнаньне можа стаць першым крокам да таго, каб пачаць гаварыць на роднай мове.

Дзе: http://www.movananova.by/dzienmovy

XS
SM
MD
LG