Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-5 перамогаў і паразаў у змаганьні з будаўнікамі


Свабода ўзгадала найбольш гучныя выпадкі, калі грамадзкасьць паўставала супраць будаўнікоў, зьбірала подпісы, ладзіла вулічныя акцыі пратэсту.

Некалькі актывістаў «Маладога фронту» каля ўрочышча Курапаты трымаюць бестэрміновую кругласуткавую варту для абароны пляцоўкі, дзе незаконна пачалося будаўніцтва 5-павярховага бізнэс-цэнтру з крамай «Белмаркет».

Цягам апошніх гадоў палітычныя і грамадзкія актывісты разам зь мясцовымі жыхарамі ня раз уступалі ў барацьбу супраць ушчыльненьня, пабудовы шкодных прадпрыемстваў і высяканьня дрэваў. Свабода ўзгадала найбольш гучныя выпадкі, калі грамадзкасьць паўставала супраць будаўнікоў, зьбірала подпісы, ладзіла вулічныя акцыі пратэсту.

Адстаялі

1. Котаўка

Канфлікт, зьвязаны з пабудовай касьцёла ў менскім сквэры Котаўка, пачаўся ўвесну 2016 году, калі Зелянбуд пачаў высякаць там дрэвы.

У выніку пратэстаў экалягічнага таварыства «Зялёная сетка», іншых грамадзкіх арганізацыяў і мясцовых жыхароў высечку спачатку прыпынілі да 15 жніўня на падставе высноваў арнітолягаў, што на дрэвах гняздуюцца рэдкія віды птушак.

Калі высечка ўзнавілася, актывісты размалявалі дрэвы ў чырвоны колер, каб паказаць, што «дрэвам таксама баліць».

Агулам актывісты правялі некалькі акцыяў пратэсту (найбуйнейшая адбылася ў сьнежні 2016 году) і сабралі больш за 500 подпісаў у адміністрацыю Савецкага раёну Менску за перанос будоўлі ў іншае месца. На пачатку лютага 2017 году стала вядома, што касьцёлу прапанавалі новы пляц для будаўніцтва.

2. «Бульбаш-хол»

Будоўля забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» за 50 мэтраў ад мэмарыялу пачалася ў 2012 годзе. Грамадзкасьць адразу зьвярнула ўвагу на тое, што пляцоўка, дзе яго пачалі ўзводзіць, уваходзіць у ахоўную зону ўрочышча Курапаты. Пасьля зваротаў грамадзкасьці дзяржаўныя ўстановы выявілі парушэньні пры будаўніцтве і прынялі рашэньне яго спыніць. Але ў 2013 годзе Навукова-мэтадычная рада пры Мінкульце пастанавіла скараціць межы ахоўнай зоны са 120 да 50 мэтраў — і «Бульбаш-хол» трапіў у зону рэгуляванай забудовы, дзе будаваць можна з улікам пэўных нюансаў.

Пратэсты супраць будоўлі «Бульбаш-холу» ачолілі грамадзкая ініцыятыва «За ўратаваньне Курапатаў» і хрысьціянская злучнасьць «Курапаты». Іх актывісты зьвярталіся ў суды, хадзілі ў Міністэрства культуры, ладзілі талокі ва ўрочышчы.

Улетку 2015 году будаўніча-аздабляльныя працы ў «Бульбаш-холе» актывізаваліся. Меркавалася, што яго рыхтуюць да адкрыцьця, а таксама паведамлялася, што ён зьмяніў назву і цяпер мае называцца «Банкет-холам». Але ні пад новай, ні пад старой назвай рэстаранна-забаўляльны комплекс каля Курапатаў так і не адкрыўся.

3. Лецішчы каля Кітайскага парку

Улетку 2013 году жыхары некалькіх вёсак у Смалявіцкім раёне пратэставалі супраць дэталёвага пляну забудовы Кітайска-беларускага парку, згодна зь якім меркавалася выселіць 14 малых паселішчаў.

Мясцовыя жыхары патрабавалі празрыстых грамадзкіх абмеркаваньняў, наракалі, што іх запрашаюць абмеркаваць дэталёвы плян, але ніхто ня ведае, што ўваходзіць у генплян, што ўвогуле зьбіраюцца будаваць.

Кіраўніцтва Кітайска-беларускага парку, галоўныя праектанты абяцалі, што да 2020 году ў новым горадзе будзе пражываць 30 тысяч жыхароў, зьявіцца больш за 11 тысяч кватэр і дамоў, а таксама інфраструктура — роварныя дарожкі, спортпляцоўкі, палі для гольфу, гатэлі і казіно.

Хоць уладальнікаў лецішчаў ня выселілі, але лес навокал высеклі і будоўля парку пачалася. На думку, мясцовых жыхароў, гэта пагражае экалёгіі раёну.

4. Гатэль на месцы 2-й радзільні на вуліцы Валадарскага

У канцы 2012 году менчукі абурыліся заплянаваным будаўніцтвам 16-павярховага гатэля на перасячэньні вуліцы Валадарскага і Гарадзкога валу. Гатэль пад назвай Aras Palace меўся будаваць турэцкі інвэстар. Меркавалася, што там будзе спа-цэнтар, летняя кавярня, некалькі парковак і казіно.

Падчас грамадзкіх абмеркаваньняў жыхары цэнтру Менску выказаліся катэгарычна супраць. Адны абураліся зьнешнім абліччам плянаванага шматпавярховіка, які моцна выбіваўся б з архітэктурнай карціны раёну, іншыя казалі, што не пацярпяць суседзтва казіно і начной рэстарацыі з суседнімі дзіцячымі пляцоўкамі. А старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч адзначыў, што ня толькі будоўля, але і складаньне праекту гатэля незаконнае, бо дадзеная тэрыторыя ўяўляе сабой гісторыка-культурную каштоўнасьць — раней на гэтым месцы стаяла гарадзкая жаночая гімназія, у якой вучылася акторка Стэфанія Станюта.

Пасьля жыхары кварталу пісьмова зьвярталіся да ўладаў, у выніку пляцоўка, дзе раней была 2-я гарадзкая радзільня, вярнулася ва ўласнасьць гораду. Зрэшты, новы інвэстар, які выкупіў пляцоўку ў 2015 годзе, пакуль не канкрэтызаваў, што тут хоча збудаваць.

5. Пасёлак «Сонечны»

У канцы 2002 году Менрайвыканкам аддаў прылеглае да Курапатаў з паўночнага боку поле пад забудову катэджнага пасёлку «Сонечны» пры самых месцах масавых пахаваньняў. Будаўнічая кампанія самастойна вызначыла мяжу ахоўнай зоны на адлегласьці 80 мэтраў ад Курапатаў, пасьля чаго былі пазначаныя межы будоўлі і завезеныя будаўнічыя матэрыялы.

Узьнікла хваля грамадзкага абурэньня, і ў красавіку 2003 году старшыня Менаблвыканкаму скасаваў дамову на арэнду зямлі пад будоўлю на тэрыторыі, прылеглай да Курапатаў. Будаўніцтва спынілі, будаўнічую пляцоўку ліквідавалі, а ўсе матэрыялы вывезьлі.

Пасёлак «Сонечны» ўсё роўна паўстаў, але нашмат далей ад першапачаткова заплянаванага месца.

Не адстаялі

1. Бел АЭС

На Астравеччыне зьбіраць подпісы супраць будоўлі АЭС у Беларусі пачалі яшчэ ў 2008 годзе. Лёзунгі, зьвязаныя зь небясьпекай, якую нясе новы «мірны атам», гучалі падчас усіх «Чарнобыльскіх шляхоў», пачынаючы з канца 2000-х. У 2016 годзе, калі будоўля фактычна завяршылася, спыніць яе патрабавалі АГП і Беларуская антыядзерная кампанія.

Супраць будаўніцтва пад Астраўцом атамнай станцыі выступалі і палітычныя партыі, і грамадзкія актывісты, і экалягічныя арганізацыі, а таксама мясцовыя жыхары. У якасьці прычын, чаму ня варта будаваць БелАЭС, называлася экалягічная небясьпека, эканамічная неабгрунтаванасьць, а таксама тое, што тэндэр на яе будаўніцтва выйгралі расейцы.

За час будоўлі БелАЭС на будаўнічай пляцоўцы было 10 інцыдэнтаў (самы вядомы выпадак — калі ўпаў рэактар), загінулі 3 чалавекі. Намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк назваў такія лічбы «прымальнымі». Запусьціць абʼект плянуецца ў 2019 годзе.

2. Сьвінакомплекс у Валожынскім раёне

Яго будоўля распачалася ў 2012 годзе. Паводле дадзеных Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, гэта будзе найбуйнейшае ў краіне спэцыялізаванае прадпрыемства па вытворчасьці бэкону, на ім будзе 110 тысяч галоў.

Будоўля часткова ці цалкам закранула восем вёсак, жыхары якіх абураліся, што пагоршыцца экалягічны стан раёну. У кілямэтровую санітарную зону трапілі 11 жылых дамоў, якія падлягалі зносу.

Нягледзячы на скаргі мясцовых жыхароў і заклікі эколягаў спыніць будоўлю сьвінакомплексу, яна працягваецца.

3. Парк каля гатэля «Пэкін»

Будоўля пачалася ў 2012 годзе ў парку 40-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, які беларускія ўлады задарма аддалі пад гатэль «Пэкін».

Мясцовыя жыхары арганізавалі шэраг пратэстаў. На іх думку, ніякага грамадзкага абмеркаваньня праекту не праводзілася. Лукашэнку быў накіраваны ліст з 412 подпісамі, у якім менчукі патрабуюць спыніць высечку дрэваў ва ўнікальным парку і працы па ўзьвядзеньні «Пэкіна», а таксама даць грамадзкасьці поўную інфармацыю пра гэты праект.

Як і было заплянавана, гатэль «Пэкін» дабудавалі ў 2014 годзе.

4. Завод ядахімікатаў у Пухавіцкім раёне

У 2008 годзе разгарэўся пратэст жыхароў пасёлкаў Дружны, Сьвіслач і Рудзенск Пухавіцкага раёну супраць будаўніцтва заводу ядахімікатаў — даччынага прадпрыемства расейскага вытворцы хімічных сродкаў аховы расьлін «Август».

Людзі зьбіралі подпісы у тым ліку ў ААН і АБСЭ, выходзілі на стыхійныя мітынгі, зьвярталіся ў дзяржаўныя органы, у тым ліку да прэзыдэнта. Асноўны клопат, зьвязаны з будаўніцтвам, палягаў у пагаршэньні экалягічнай сытуацыі ў рэгіёне. Апроч гэтага, мясцовых жыхароў абурыла хлусьня прадстаўнікоў аблвыканкаму, якія на нарадзе ў Менску заявілі, што з жыхарамі пасёлкаў узгаднілі плян забудовы.

За ўдзел у мітынгах шэраг актывістаў судзілі. Хімзавод пабудавалі, нягледзячы на пратэсты.

5. Дом для спэцназу ва Ўруччы

Насуперак зваротам і пратэстам мясцовых жыхароў адна зь нешматлікіх зялёных зон ва Ўруччы ўлетку 2012 году ператварылася ў будаўнічую пляцоўку.

Да таго моманту, як на месцы сквэру з памятным знакам Герою Савецкага Саюзу генэралу Івану Русіянаву і байцам 100-й гвардзейскай дывізіі пачалася будоўля, канфлікт ва Ўруччы цягнуўся ўжо ня першы год. Жыхары раёну змагаліся з ушчыльненьнем. У 2012 годзе Ўручча ўшчыльнялі дамамі для грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў жыльлі, у тым ліку для супрацоўнікаў АМАП.

Жыхары раёну больш за 10 разоў сустракаліся з чыноўнікамі, пісалі звароты. Самыя актыўныя абаронцы Ўручча трапілі пад суд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG