Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОП-15 нацыянальных акцэнтаў сучаснага дызайну хатняга інтэр’еру


Той, хто хаця б раз у жыцьці сутыкаўся з рамонтам, начуты пра скандынаўскі мінімалізм, ангельскую клясыку, міжземнаморскі стыль ці стыль праванс. А што такое сучасны беларускі стыль, адзін Бог ведае. Як адбіліся традыцыі шляхецкіх сядзібаў і сялянскіх хатаў на сучасным выглядзе нашага жытла, цяжка сказаць. А вось як маглі б адбіцца, зараз паглядзім разам з нашай аўтаркай Палінай Масьлянковай.

Арнамэнт

Для таго каб падкрэсьліць беларускасьць інтэр’еру, найчасьцей ужываецца арнамэнт, але рэдка дзе да месца. Арнамэнт можна сустрэць на сьценах і на падлозе, на бэльках і на ліштвах, на кухонных фасадах і ў малюнку кафлі, на посудзе і ў тэкстылі. Арнамэнт — гэта складаная знакавая сыстэма, у якой кожны знак нясе свой сакральны зьмест: у спальні будуць дарэчы сымбалі каханьня і плоднасьці, у ядальні — багацьця і ўрадлівасьці, а ў сенцах — абярэгі. Галоўнае — ведаць меру і мець густ, які падкажа, як інтэрпрэтаваць традыцыю і арганічна ўвесьці арнамэнт у свой інтэр’ер.

Саламяны павук

Папулярным упрыгожаньнем інтэр’еру стаўся саламяны павук — менавіта гэтым вобразам натхняліся дызайнэры, ствараючы асноўнае асьвятленьне ў доме. Раней павукоў плялі на сьвяты і вешалі на покуці над сталом, дзе зьбіралася ўся сям’я. Колішні сакральны сымбаль, цяпер павук аднавіў як дызайнэрскі акцэнт сваё ганаровае месца ў сэрцы дома.

Выцінанка

Выцінанка — гэта яшчэ адна крыніца натхненьня для дызайнэраў інтэр’еру. Пакуль яшчэ рэдка ўбачыш у людзей на сьценах шэдэўры выцінанкі. Але варта толькі падкінуць ідэю, паказаць прыклад, што на сьцяне могуць красавацца ня толькі прадметы клясычнага жывапісу, як тут жа ўзьнікае попыт і на выцінанку, і на графіку, і на маляваныя дываны.

Разьба па дрэве ці дэкаратыўны шпон

Драўляныя паверхні сталоў, камодаў і шафаў дызайнэры прапануюць аздабляць разьбой па дрэве ці дэкаратыўным шпонам — такое ўпрыгожаньне вельмі працаёмістае, але яно таго вартае. Скарыстаўшы гэты прыём на кухонных фасадах, можна не клапаціцца пра стэрыльную чысьціню — позірк усё адно будзе чапляцца за яркі акцэнт, адцягваючы ўвагу ад непарадку на кухні.

Ганчарныя вырабы

Раней у сялянскай хаце было некалькі чыгункоў і мноства збаночкаў, гладышоў, спарышоў і гарлачыкаў, у кожнага зь якіх была свая функцыя. А беларускія ганчарныя вырабы можна ня толькі ставіць на паліцы, але, як і раней, ужываць на кухні і нават у якасьці адмысловых засьняў для сьвяцільняў.

Ткацтва

Калі ўжо вядзецца пра традыцыйныя рамёствы, то бяз ткацтва немагчыма ўявіць ніякі беларускі інтэр’ер. Гэта ня толькі саматканыя ручнікі, абрусы, посьцілкі, падушкі, кілімы і слуцкія пасы. Часта саматканая рэч — гэта ня проста побытавы прадмет, гэта арт-аб’ект: прыкладам, слуцкі пояс як дарожка на стале ці ручнік у раме над працоўным месцам. А дапоўніць усё гэта можна самым сапраўдным калаўротам — з закінутага дзедавага дому.

Дрэва

Дрэва — гэта натуральны матэрыял, зь якога будуюць і якім аздабляюць дамы ад найдаўнейшых часоў да нашых дзён. Натуральнае дрэва прымушае інтэр’ер дыхаць, жыць сваім жыцьцём. З дрэва звычайна зробленая і асноўная мэбля: ложкі, шафы, крэслы, сталы, лавы, куфры. Да ўсяго, ці ня ў кожным інтэр’еры вобраз дрэва прасьлізгвае ці то ў росьпісе на сьцяне, ці то ў выглядзе пянька-зэдліка, ці то ў горцы дроваў, ці то ў цэнтры карціны, ці то ў расьпіле паленцаў над ложкам. Сусьветнае дрэва, сямейнае дрэва — гэты вобраз глыбока сядзіць у нашай падсьвядомасьці і вырываецца на волю падчас гнездаваньня.

Сена

Апрача дрэва і льняных тканінаў, у дызайнэраў у пашане сена — яшчэ адзін прыродны, экалягічна чысты матэрыял. Рэканструкцыя сенавалу ў сучасным доме — з усімі рамантычнымі асацыяцыямі, якія адсюль выцякаюць. У адным з праектаў нават прапануецца будаваць дамы з пажарабясьпечных саламяных блёкаў.

Валошкі

Розныя кветкі часта прысутнічаюць у інтэр’еры — пераважна ў вазах. І толькі валошкі сям-там выступаюць у ролі інтэр’ерных акцэнтаў. У праекце на здымку — проста літаральны вобраз сінявокай.

Буслы, зубры, бабры, ласі, ваўкі, ваўкалакі

У сучасных дызайн-праектах часта сустракаюцца вобразы жывёлаў: алені, насарогі, жырафы, зэбры, сланы. У нас жа зусім іншая фаўна — па-майстэрску абыграная, яна становіцца сапраўднай разынкай інтэр’еру. Буслы, зубры, бабры, ласі, ваўкі скарыстаныя і ў фатаздымках, і ў постэрах, і ў скульптурах, і ў барэльефах, і на карцінах, і на фасадах мэблі. У адным з праектаў надзвычайна адлюстраваны вобраз ваўкалака — пачынаючы ад кіліма на ўваходзе з надпісам «Хто пераступіць гэтае месца, станецца ваўком на ўсё жыцьцё» і заканчваючы інсталяцыяй нажоў акурат пад чорным саламяным павуком.

Печ

Сэрцам кожнай хаты заўжды была печ, а цяпер функцыю сямейнага агмяню часта выконвае печ-камін ці нават фальш-камін. Нягледзячы на радыятары і вадзяную цёплую падлогу, пячное ацяпленьне ўсё яшчэ актуальнае — калі не для эстэтыкі і цяпла, то хаця б «на выпадак вайны». У конкурсе прадстаўленыя цікавыя сучасныя інтэрпрэтацыі традыцыйнай печкі — скажам, у выглядзе млына ці печкі зь ляжанкай.

Лавы, куфры, калыскі, валізкі

Традыцыйную беларускую мэблю цяпер рэдка пабачыш у сучасным доме. Драўляныя лавы саступаюць месца зэдлікам і крэслам, куфры — новым шафам і камодам, калыскі з палацямі — ложкам, канапам ды гамакам. Аднак простыя формы і шматфункцыянальнасьць традыцыйнай мэблі і аксэсуараў бяруць сваё, і тады старыя куфры ператвараюцца ў столікі, казэткі ці скрынкі, валізкі — у камоды, тумбачкі ці проста пірамідкі, а гліняныя бабульчыны збаны — у вазы, падсьвечнікі ці сьвяцільнікі.

«Пагоня» на падушцы

Апошні этап абстаўленьня жытла — гэта дэкор. На столікі і паліцы ставяцца ўлюбёныя кнігі, фатаздымкі, сувэніры. На сьцены вешаюцца карціны. У праектах сьцены ўпрыгожвалі партрэты беларускіх пісьменьнікаў, маляваныя дываны і карціны, абразы, фоташпалеры са снапамі і валошкамі, фатаздымкі, рогі і галовы жывёл, лапці і нават постэры зь літарай «Ў». Праз дэкор найпрасьцей дадаць у інтэр’ер беларускасьці, напоўніўшы яго прыватнымі асацыяцыямі — «Пагоняй» на падушцы ці букетам каласоў у збаночку, сямейнымі фатаздымкамі ў старых рамах ці пяньком дрэва, якое пасадзіў твой прапрапрадзед.

БелАЗ-хаус

Наагул для экстэр’еру дому на выставе прапаноўваліся самыя розныя ідэі. Гэта былі дамы на колах БелАЗ-хаус і Трактар! Дысцыпліна!, дамы-шышкі і дамы-бульбіны, дамы-каўшанкі і дамы-шпакоўні, дамы зь сена і дамы з цэглы, млыны і сенавалы, курныя хаты і зямлянкі, лесьнічоўкі і шляхецкія сядзібы, дамы ў лесе і дамы на вадзе, і яшчэ мноства цікавых, нязвыклых, вар’яцкіх ідэяў...

Будан

Сёлета ўпершыню за пяць гадоў існаваньня фэстывалю дызайнэры і архітэктары перайшлі ад футурыстычных праектаў да нацыянальных канцэптаў. Чаго варты хаця б будан — каму як хата, а каму як карцінка на сьцяне! Натхніўшыся ўдзелам у конкурсе, нашы дызайнэры, магчыма, стануць часьцей прапаноўваць сваім замоўцам тыя ці іншыя беларускія нацыянальныя «фішкі», а кліенты, у сваю чаргу, зацікавяцца наватарскімі прыёмамі выкарыстаньня традыцыі. Глядзіш, так паступова і сфармуецца сучасны беларускі стыль у інтэр’еры.

Паліна Масьлянкова для Радыё Свабода

Ілюстрацыі да матэрыялу скарыстаныя з ласкавага дазволу арганізатараў штогадовага беларускага фэстывалю-конкурсу дызайну і архітэктуры DESIGN CONCEPT 2015, які акурат цяпер праходзіць у Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG