Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Толькі ня плачце»


Сама сірата, а цяпер і адзінокая маці, Ганна Карповіч штодня пяць кілямэтраў нясе дзіця на руках, каб адвесьці і сустрэць са школы старэйшага сына.

Жыхарка вёскі Малінаўка Менскага раёну штодня пераадольвае пяць кілямэтраў да школы з двухгадовым дзіцем на руках. У суседні пасёлак Бараўляны яна дабіраецца спадарожным транспартам і пехатою, каб давесьці старэйшага сына-другаклясьніка да школы. Ганна Карповіч — выхаванка дзіцячага дому, дваіх дзяцей гадуе самастойна, і дапамагаць ёй няма каму.

«Цяжка было такое даведацца пра сваіх бацькоў: пілі і мне давалі, каб ня плакала»

Вёска Малінаўка разьмешчана за дванаццаць кілямэтраў ад менскай кальцавой дарогі. Тут, у цагляным «сацыяльным» двухпавярховіку, Ганна жыве з васьмігадовым Аляксеем і двухгадовым Юркам. У гэтым жа доме вырасла і сама Ганна: «Мама забрала мяне з дзіцячага дому ў восем гадоў, і ўсіх нас — братоў і сёстраў — было пяцёра». Пра бацькоў ад нараджэньня Ганна даведалася ўжо дарослай: ёй вярнулі матэрыялы справы аб пазбаўленьні іх бацькоўскіх правоў.

«Цяжка было такое даведацца пра сваіх бацькоў, — кажа Ганна. — Пілі... І мне давалі, каб ня плакала». Сваю новую, прыёмную маці Ганна называе не іначай, як мама, хоць жыцьцё ў сацыяльнай сямʼі таксама не было цукрам. «Нас было пяцёра, непаслухмяныя, натуральна, цяжка ёй, таму ўсялякага было... Здаралася, у двары начавалі, без абеду заставаліся... Але я буду ўдзячная маме да канца жыцьця, я гатовая на калені перад ёй стаць, што яна забрала нас з дзіцячага дому», — не перастае паўтараць Ганна.

Мама сказала, што жыву за кошт сястры, — я перастала есьці

Ганна працавала на будоўлі, нарадзіла двух сыноў, а калі ад бацькі дзяцей ня стала дапамогі і магчымасьці жыць у ягонай кватэры, вярнулася ў свой сямейны дом. Названыя браты і сёстры ня сталі сапраўднымі і новым сваякам не ўзрадаваліся: з дванаццаці пакояў ў доме выдзелілі толькі адзін. «Давялося пазмагацца за другі пакой. Сястра спрабавала нават пазбавіць мяне бацькоўскіх правоў, міліцыю выклікала. Але цяпер ужо ўсё спакойна — адзін пакой дзіцячы, а другі мой».

Тры з паловаю мільёны выплат на дзяцей Ганна разьмяркоўвае паміж школьнымі абедамі, камунальнымі паслугамі і рамонтам кухні. Пра харчаваньне кажа так: «Са старэйшым Лёшкам прасьцей — худзенькі, як я, а вось малодшы Юрка — „мясная душа“: любіць усё, што зь мясам. Бачыце, які таўстунок!»

Пра сябе кажа, што важыць 48 кіляграмаў: «Мне аднойчы мама сказала, што я жыву за кошт сястры, і я перастала есьці — кава, гарбатка». Пра тое, што, стоячы ў чарзе па талёнчык да лекара ад голаду страціла прытомнасьць, успамінаць ня хоча. Цяпер сямʼі дапамагае «SOS Дзіцячая вёска»: крупы, алей, макарону, іншыя прадукты — штомесячны дабрачынны «паёк». Пра гэтую дапамогу жанчына кажа адно: «Каб не „Дзіцячая вёска“, ня ведаю, як бы я жыла». Але спадзявацца перадусім прывыкла на сябе, таму на будучыню марыць «мець хоць маленькі, але свой дом з агародам».

Пяць кілямэтраў да школы — з двухгадовым Юркам на руках

Найбліжэйшая ад Малінаўкі школа — у суседнім пасёлку Бараўляны. Расклад некалькіх рэйсавых аўтобусаў зь Менску, якія злучаюць Малінаўку з Бараўлянамі, з раскладам заняткаў не супадае. Каб адвесьці і забраць з урокаў сына-школьніка, Ганна штодня пераадольвае пяцікілямэтровую адлегласьць з малодшым на руках.

«Лёшку я падымаю а 6-й ранку, адводжу яго да прыпынку, і далей ён ужо едзе і даходзіць да школы сам. Ён баіцца пераходзіць дарогу, і я вельмі хвалююся, але іншага выйсьця няма. „Прадлёнкі“ нават у малодшых клясах няма, і дзесьці аб 11 выпраўляемся да школы ўжо зь Юркам».

Аўтобусны прыпынак за вёскай — ня блізкі сьвет

Аўтобусны прыпынак за вёскай — ня блізкі сьвет

Ганна кажа, што іншы раз трапляе з малым на аўтобус, часам — падʼяжджае выпадковымі машынамі, а часта ўсе пяць кілямэтраў ідзе пехатой. Гэткім чынам шлях пераадольвае і ў зваротны бок. «Аўтобусны прыпынак усталяваны за вёскай, у полі, не зашклёны, не ўпарадкаваны. Калі стаім, то вельмі мерзьнем на ветры, асабліва зімой, дзеці часта хварэюць.

Аўтобусны прыпынак за вёскай — ня блізкі сьвет

Аўтобусны прыпынак за вёскай — ня блізкі сьвет

Бывае, што дзьве гадзіны трэба аўтобуса чакаць, машыны не бяруць, тады ідзём пехатой. Малодшага нясу на руках — сілы нестае. Налета Юрку трэба аддаваць у садок, таксама ў Бараўлянах, а мне на працу. Як Лёша будзе адзін дабірацца — не ўяўляю», — кажа матуля.

Ганна вельмі баіцца за бясьпеку дзяцей: дарога без узбочыны і не разьлічаная на мінакоў. Асабліва небясьпечна на мосьце, дзе Ганну аднойчы саму зьбіла машына,і яна два гады хадзіла на мыліцах. «Хоць бы дзяцей-школьнікаў на аўтобусе падвозілі. Я хадзіла ў сельсавет, але мне адказалі, што аўтобус выдзяляецца, калі ёсьць шмат вёсак. А так — дабірайцеся, як хочаце».

Выбар невялікі: чакаць дзьве гадзіны аўтобусам, галасаваць ці ісьці пешшу.

Выбар невялікі: чакаць дзьве гадзіны аўтобусам, галасаваць ці ісьці пешшу.

«Жыцьцё, якое б ні было, я ўсё роўна люблю».

Ганна Карповіч мае яшчэ адну мару — надрукаваць вершы, якія яна піша многія гады. «Я шмат напісала вершаў — прысьвечаных сябрам, блізкім людзям. Калі даводзілася перажываць добрыя ці прыкрыя падзеі ў жыцьці — усе перажываньні запісвала ў сшыткі.

Ёсьць шмат вершаваных віншаваньняў — на дні нараджэньня сябрам, да сьвятаў розных». Яна паказвае стос агульных сшыткаў з занатаванымі вершамі. «Хочаце, прачытаю верш, прысьвечаны маме? — перапытвае яна і адразу папярэджвае: — Толькі ня плачце».

Осторожна, мама, будь.
Дай спокойно мне уснуть,
Хочу я просто отдохнуть,
Хочу я верный выбрать путь.

Падсумоўваючы аповед, раптам кажа: «Жыцьцё, якое б ты ні было, я ўсё роўна цябе люблю».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG