Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тодар Кашкурэвіч: У Ракаве я знайшоў сваю радзіму


Некалькі гадоў таму мастак, музыка-дудар, этнакультуроляг, дасьледнік традыцыйнай беларускай (ліцьвінскай) культуры, карэнны мянчук Тодар Кашкурэвіч пераехаў на сталае жыхарства са сталіцы ў мястэчка Ракаў. Як прыжыўся там, ці спрыяе творчасьці побыт і атмасфэра старадаўняга мястэчка? І ўвогуле — якое яно, сучаснае беларускае мястэчка? Ці захоўваюцца ў ім традыцыі, адметнасьці беларускай местачковай культуры?

Фрагмэнты перадачы:

Вячаслаў Ракіцкі: Тодар, чаму вы пакінулі Менск? З банальных прычынаў — не было жытла, таньней там жыць, чым у сталіцы? Ці нешта іншае, зьвязанае з вашым духоўным, псыхалягічным станам, творчымі патрэбамі?

Тодар Кашкурэвіч: Ёсьць у тых мясьцінах нейкая харызма, якая адпавядае майму псыхалягічнаму стану. Яна невыпадковая. Хоць мае карані па маме і тату паміж Бабруйскам і Слуцкам, але мая радзіма там. Бацькі вывозілі нас з братам, калі мы былі дзецьмі, у вёску пад Ракавам. Мне падабаецца мэнтальнасьць гэтых людзей. Мне падабаецца краявід. Яшчэ адна рэч. Хоць я і атэіст, але мяне хрысьцілі ў ракаўскай царкве. Мяне зноў сьцягнула ў той край.

Ракіцкі: У вас там дом, падворак, зямля? Мо і гаспадарка ёсьць? Свойская жывёла? Як вы там жывяце? Паводле ракаўскіх раскладаў ці менскіх?

Кашкурэвіч: Ракаў сёньня — моднае мястэчка. Яно сьцягвае вельмі багатых людзей. У тым ліку і расейскіх асаднікаў, трэба прызнаць. Для іх Ракаў — гэта як расейская ці беларуская Прыбалтыка. У нас домік вельмі сьціплы, драўляны. У нас адзінаццаць сотак жыльлёвай прасторы. У нас ёсьць сабака, ірляндзкі ваўкадаў. У нас ёсьць Папялуха, шэрая котка. І большай гаспадаркі я не зьбіраюся заводзіць. У сваёй псыхалёгіі я ня страціў статусу гараджаніна. Мы ня дачнікі, але жывем пастаянна. У нас свая сям’я.

Ракіцкі: Як успрымаюць вас мясцовыя людзі? Ваш зьнешні выгляд, манеры, стыль паводзінаў? Вы ўвогуле ж чалавек стылёвы, нават экстравагантны.

Кашкурэвіч: Для іх гэта як мульцік. Але ўспрымаюць нашу з жонкай беларускую мову адэкватна, нават па-беларуску адказваюць. І чым мне яшчэ Ракаў падабаецца, дык гэта тым, што я там забываюся, што гавару па-беларуску. Нават тады, калі людзі гавораць на трасянцы ці па-расейску. Няма фону адпрэчваньня. Гэта таксама істотны момант. Гэта мая радзіма. Я знайшоў сваю радзіму ў гэтым Ракаве. Тут я не напружваюся адносна маёй радзімы...

Ракіцкі: Мы можам увогуле гаварыць пра беларускую местачковую культуру на прыкладзе Ракава?

Кашкурэвіч: У пэўным сэнсе. Калі гаварыць у гістарычнай рэтраспэктыве, дык, спадзяюся, нашы гледачы чыталі творы Сяргея Пясецкага і ведаюць, чым быў даваенны Ракаў. Безумоўна, вялікі ўплыў на Ракаў накладалі мясцовыя габрэі, якіх там было ў вялікім працэнце. Тым ня меней хрысьціянскі — і праваслаўны, і каталіцкі — фон быў вызначальны. Габрэяў ня стала, іхныя дамы засялілі вяскоўцы. Ці яны стварылі местачковы фон? Хутчэй, гэта фон увогуле гэтай ракаўшчыны, каторы пасьля вайны згусьціўся і сканцэнтраваўся ў Ракаве. Мы, ужо новыя ракавяне, або, як нас называюць, навалач, таксама ўплываем на фон мястэчка...

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG