Закон, які абавязвае пракатчыкаў перакладаць на казахскую мову замежныя кінафільмы, быў прыняты яшчэ чатыры гады таму. Але пракатчыкі па-ранейшаму ня хочуць рабіць дарагі дубляж.
«Ёсьць некалькі пунктаў, якія перашкаджаюць выкананьню гэтай нормы закону, — тлумачыць Актаты Раімкулава, дырэктар дэпартамэнту міністэрства культуры і спорту Казахстана. — Гэта, перш за ўсё аўтарскія правы, не толькі кінавытворцаў, але таксама відэавытворцаў. Па-другое, гэта досыць дарагая норма — мільёны, мільярды тэнге».
Рэжысэр Рашыд Нугманаў, які ў свой час зьняў культавы фільм «Ігла», прапануе дэпутатам зьвярнуцца да сусьветнага досьведу.
«У Францыі фільмы прапануюцца, як дубляваныя на францускую мову, гэтак і на мове арыгіналу з субтытрамі. Субтытры — самы таннае сродак. Я б прапанаваў дапоўніць пункт, што фільмы павінны суправаджацца субтытрамі на казаскай мове», — кажа Рашыд Нугманаў.
Таксама дэпутаты ніжняй палаты парлямэнту прапаноўваюць забараніць да пракату фільмы зь ненарматыўнай лексыкай. Аўтар папраўкі спасылаецца на тое, што падобнае абмежаваньне дзейнічае ў суседняй Расеі. Аднак у Міністэрстве культуры і спорту ў адказ на гэта заўважаюць, што ў Казахстане «няма ні слоўніка, ні пераліку ненарматыўнай лексыкі», і гэта будзе ствараць цяжкасьці пры выкананьні закону.