Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У тарыфных зонах міжнародных званкоў з Эўропы Беларусь месьціцца побач з Аўганістанам, Балівіяй, Гвінэяй, Чадам, Эрытрэяй, Сырыяй ды сэктарам Газа. Расцэнкі з суседнімі Расеяй, Украінай, Польшчай, краінамі Балтыі меншыя ў сярэднім у пяць разоў. Чаму такія высокія выдаткі на злучэньне з краінай — суседкай Эўразьвязу?

За прыклад мы ўзялі тэлефоннае злучэньне з Чэхіі. Згодна з клясыфікацыяй тамтэйшых апэратараў Беларусь знаходзіцца ў пятай зоне разам з шэрагам дзяржаў Афрыкі, Блізкага Ўсходу і Лацінскай Амэрыкі. Пры тым, што іншыя беларускія суседзі, уключна з Расеяй, маюць эўрапейскую «прапіску». Свабода пацікавілася ў адміністрацыяў мясцовых кампаніяў: на якой падставе адбыўся такі падзел? Беларусь не знаходзіцца ў зоне ваеннага канфлікту, так што прычынай можа быць адно — тэхнічная адсталасьць інфраструктуры.

Прадстаўнік апэратара мабільнай сувязі UPC Давід Фродл так адказаў на пытаньне — які вопыт мае фірма ў супрацоўніцтве зь беларускімі партнэрамі і ці абмяркоўвалася магчымасьць зьніжэньня цэнаў?

«У рамках нашай групы Liberty Global ёсьць аддзяленьне International voice unit, якое займаецца купляй і продажам міжнародных тэлефонных перамоваў для ўсіх краінаў, дзе працуе UPC. Цэны, за якія мы прадаём званкі ў Беларусь, найвыгаднейшыя на рынку. Актуальны кошт званкоў у Беларусь у параўнаньні, напрыклад, з Аўганістанам, Балівіяй ці Сырыяй прыблізна ўдвая вышэйшы, так што на самой справе Беларусь павінна знаходзіцца яшчэ ў даражэйшай зоне, чым ёсьць. Тым ня менш, ідучы кліентам насустрач, мы далі выгаду Беларусі, уключыўшы яе ў зону № 5, дзе хвіліна тэлефанаваньня на кватэрны і мабільны тэлефоны аднолькавая і каштуе 16 крон з ПДВ (63 цэнты ЗША). У параўнаньні з нашымі канкурэнтамі тарыф прыблізна на 4 кроны ніжэйшы».

Дзеля даведкі: тэлефанаваньне з Чэхіі на кватэрны тэлефон у Расеі для кліентаў UPC каштуе 2,75 кроны за хвіліну, ва Ўкраіну — 7 крон. У Беларусь, як ужо адзначыў Давід Фродл, — 16 крон, што амаль у шэсьць разоў больш, чым у тую ж Расею.

Супрацоўніца тэлефоннага апэратара O2 Люцыя Пехачкава апавяла пра тарыфы сваёй кампаніі. Па яе словах, званкі з Чэхіі ў Беларусь на кватэрны тэлефон для кліентаў О2 каштуюць 20 крон за хвіліну — гэтаксама як і ў такія краіны, як Барбадос, Брунэй, Кот д’Івуар, Лібія, Мартыніка, Нігерыя, Парагвай, Туніс, Уганда. Для параўнаньня: у Расею, Украіну, Казахстан, Туркмэністан пазваніць каштуе 3 кроны за хвіліну. Розьніца з краінамі СНД — амаль у сем разоў. Званкі ў Беларусь з мабільнага нумару гэтага апэратара яшчэ больш адчувальныя — 39 крон за хвіліну. Паводле спадарыні Пехачкавай, такія кошты — вынік тарыфнай палітыкі беларускіх партнэраў:

«Тэлефанаваньні ў Беларусь зьвязаныя з высокімі выдаткамі за злучэньне з тамтэйшымі сеткамі. Гэта так званыя terminační poplatky (тэрмінальныя выплаты, зборы — РС), памер якіх вызначаюць мясцовыя апэратары. Гэтыя выдаткі ажно ў 20 разоў вышэйшыя, чым, напрыклад, у суседняй Польшчы».

Фота ©Shutterstock

Фота ©Shutterstock

Чым тлумачыць такія высокія кошты за злучэньне з замежжам манапаліст на рынку электрасувязі, нацыянальны апэратар «Белтэлекам»? Як сталася, што мясцовыя зборы ў 20 разоў большыя, чым у суседняй Польшчы? Чаму ў Беларусь званіць з той жа Чэхіі даражэй, чым у Аўганістан ці Сырыю? Хіба Беларусь на іншым ад Эўропы канцы сьвету, тэхнічна адсталая, разбураная вайной? У прэсавай службе «Белтэлекаму» ляканічна адказалі, што тарыфы фармуюцца згодна з «выдаткамі на забесьпячэньне сувязі»:

Тарыфы фармуюцца з улікам нашых выдаткаў

«Вы можаце напісаць нам ліст, і празь нейкі час мы падрыхтуем афіцыйны адказ. Але, хутчэй за ўсё, у гэтым адказе будзе ўтрымлівацца тая ж інфармацыя, як і ва ўсіх іншых апэратараў у іншых краінах: тарыфы фармуюцца з улікам нашых выдаткаў. Тым ня меней у нас званкі таксама дзеляцца па катэгорыях. То бок, вызначаныя тарыфы на тэлефанаваньне ў дзяржавы, якія разьбітыя па катэгорыях: краіны СНД І, краіны СНД ІІ, краіны СНД ІІІ; Эўропа І, Эўропа ІІ, Эўропа ІІІ; Сьвет І, Сьвет ІІ. Можна пабачыць, цэны істотна розьняцца, аплата ідзе дыфэрэнцыяваная. Прычым адна справа, калі тэлефанаваньне адбываецца ў прамежак ад 6.00 да 23.00, і іншая, калі ад 23.00 да 6.00 раніцы. Досыць сур’ёзная розьніца ў кошце».

Што гэта за выдаткі, якія настолькі ўплываюць на канчатковы кошт? Адказу на гэтае пытаньне пачуць не ўдалося, бо мэханізм фармаваньня коштаў — «выключна для ўнутрыведамаснага карыстаньня» і агалосцы не падлягае.

Прадстаўнікі апэратараў мабільнай сувязі, якія працуюць у Беларусі, салідарна адказваюць, што цалкам залежаць ад манапаліста на рынку электрасувязі — дзяржаўнага прадпрыемства «Белтэлекам», якое фармуе цэнавы пакет паслугаў міжнароднай тэлефоннай сувязі. Вось што сказалі ў офісе кампаніі Velcom:

«Адзін з нашых кіраўнікоў, калі даваў інтэрвію, сапраўды казаў, што мы ў сваёй дзейнасьці мусім арыентавацца перадусім на тарыфы «Белтэлекаму»...

Карэспандэнт: «То бок манаполія „Белтэлекаму“ дыктуе ўмовы ўдзельнікам рынку?».

Тарыфная палітыка наўпрост зьвязаная зь „Белтэлекамам“

«Наконт манаполіі дакладна на пытаньне не адкажу, але — так, тарыфная палітыка наўпрост зьвязаная зь „Белтэлекамам“».

У клясыфікацыі «Белтэлекаму» узятая намі за ўзор Чэхія знаходзіцца ў катэгорыі «Эўропа ІІ» разам з суседкай-Славаччынай, балканскімі краінамі, Латвіяй і Эстоніяй ды некаторымі іншымі. Тарыф на кожную нават няпоўную хвіліну тэлефоннага злучэньня з улікам ПДВ складае 3600 рублёў, або 20 амэрыканскіх цэнтаў. Гэта ўдвая меней, чым, прыкладам, злучэньне з катэгорыяй «Сьвет ІІ» — 90 тысяч рублёў за хвіліну, або 50 амэрыканскіх цэнтаў.

Але ёсьць цэньнікі, якія ўражваюць нашмат больш. Вось тарыфы на паслугі міжнародных тэлефонных злучэньняў агульнага карыстаньня для фізычных асобаў. Кожная хвіліна з абанэнтам міжнароднай сеткі MCP (Maritime Communications Partner A.S.) абыдзецца ў 17 868 рублёў, або 1 даляр у эквіваленце. Блізкія расцэнкі для кліентаў карпаратыўнай сеткі ONAIR і міжнароднай сеткі Vodafone Malta.

За размовы ў міжнародных сетках Seanet Maritime Communications і апэратара Telenor Connexion давядзецца заплаціць у 2,5 раза больш — звыш 44 000 за кожную хвіліну размовы.

  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG