Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея сабралася пусьціць мільярды на тэлепартацыю


На 2016-2018 год заплянавана выдаць 10 млрд расейскіх рублёў (каля $156 млн) з фэдэральнага бюджэту (7 млрд) і ад прыватных інвэстараў на разьвіцьцё рынку інфармацыйных сыстэмаў бясьпекі і кібэрфізычных сыстэмаў (кодавая назва SafeNet) праграмы «Нацыянальная тэхналягічная ініцыятыва». Па даручэньні Ўладзімера Пуціна гэты праект сёньня абмяркуе рабочая група ў расейскім урадзе, піша расейскі «КоммерсантЪ».

Згодна з праграмай, да 2035 года ў Расеі зьявіцца свая ўласная мова праграмаваньня, бясьпечная сувязь на базе квантавых камунікацыяў, апэратар сувязі для бесьпілётных сыстэмаў і тэлепартацыя. Згаданыя кібэрфізычныя сыстэмы гэта «разумныя сыстэмы, якія ўключаюць сеткі вылічальных і фізычных кампанэнтаў, як то робаты, інтэлектуальныя будынкі, мэдычныя імплянтанты, самакіраваныя машыны і бесьпілётныя сыстэмы». Выданьне сьцьвярджае, што таксама будуць разглядацца іншыя «дарожныя карты»: AutoNet, HealthNet і падобныя.

За 2018-2025 год у Расеі плянуецца стварэньне інфраструктуры мабільных сетак 5G (такія пакуль ня створаныя, але таксама абяцаныя ў Беларусі на наступную «пяцігодку»), сетка цэнтраў абароны ад кібэрпагрозаў дзяржаўнага прызначэньня, сыстэмы кіраваньня гарадзкой гаспадаркай і «айчынная кампіляваная мова для бясьпечнага і эфэктыўнага паралельнага праграмаваньня». За наступныя 10 год аўтары разьлічваюць на ўкараненьне нэўраінтэрфэйсаў, квантавых вылічэньняў, тэлепартацыі, «выкарыстаньне прыродападобных зьяваў для перадачы інфармацыі».

Суразмоўца выданьня адзначае, што ў такіх «дарожных картах» на дзесяцігодзьдзі наперад «можна пісаць што заўгодна, бо займацца іх рэалізацыяй будуць іншыя людзі».

Гэта ня першы выпадак расейскіх праграмаў, якія гучаць як навуковая фантастыка, але тэарэтычна могуць быць рэалізаваныя. Так, Расея плянавала калянізацыю Месяцу, але празь зьмяншэньне фінансаваньня «Раскосмасу» ад ідэі адмовіліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG