Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэатар юнага гледача: «Калі хтосьці хоча спэктаклі не па-беларуску, ёсьць іншыя тэатры»


ТЮГ вярнуўся ў гістарычны будынак на Энгельса, 26 пасьля пяцігадовай рэканструкцыі, ставіць «Дзікае паляваньне караля Стаха» і ўзяў на працу Васіля Дранько-Майсюка.

60-ты тэатральны сэзон распачнецца ў тэатры 12 верасьня спэктаклем «Сіняя птушка» па п’есе Марыса Мэтэрлінка. У новым сэзоне пакажуць «Зацюканага апостала» паводле Андрэя Макаёнка, а пад Новы год ёсьць шанец пабачыць «Чараўніка смарагдавага гораду».

Дзяцей, моладзь і дарослых чакаюць ужо ў старым рэканструяваным будынку па адрасе Энгельса, 26. Ад пачатку свайго жыцьця ў гэтым прыкметным гмаху з калянадай трупа тэатру і лічыць свае сэзоны. Кажуць, што цяпер 60-ты, хоць першы тэатар юнага гледача адкрылі ў Менску ў 1931-м, і праіснаваў ён усё дзесяцігодзьдзе — да пачатку вайны.

Вяртаньне ў гістарычны будынак для кіраўніцтва тэатру знакавае.

Мы ўжо страцілі цэлае пакаленьне, — паскардзіўся на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі мастацкі кіраўнік тэатру Ўладзімер Савіцкі. — «Вырасла цэлае пакаленьне, якое ўжо і ня ведае, дзе гэты тэатар знаходзіцца».

Атмасфэру першага нацыянальнага дзіцячага тэатру максымальна паспрабавалі захаваць. У вітальнай залі ўзнавілі росьпіс на купале, глядацкую залю трохі зьменшылі, у ёй дадаліся месцы для інвалідаў-вазочнікаў.

Але галоўнае, на чым зьбіраюцца выхоўваць свайго гледача, — добры рэпэртуар. У разуменьні кіраўніцтва тэатру — гэта клясыка. Савіцкі кажа, што плянуюць ставіць «Дон Кіхота» па п’есе Міхаіла Булгакава, а на наступны год — Караткевічава «Дзікае паляваньне». Для малых паставяць «Маленькую вядзьмарку».

Новыя імёны сучасных беларускіх аўтараў зьявяцца на афішы тэатру хіба ў адзін з бліжэйшых сэзонаў. Хто гэта будзе, пакуль не вядома. «Ня хопіць сучасных — возьмем клясыку», — кажа Савіцкі.

Што пэўна застанецца нязьменным — беларуская мова спэктакляў.

«Я прыйшоў у тэатар, калі тут было пяцьдзясят на пяцьдзясят — роднай мовы і расейскай, — тлумачыць сваю пазыцыю Ўладзімер Савіцкі. — Калі я паслухаў спэктакль, я і роднай мовы не пачуў, і на расейскай мове не размаўлялі... І сваю забылі, і па-расейску страшна было слухаць».

Савіцкі нагадвае, што тэатар адпачатку ствараўся як нацыянальны тэатар для дзяцей на роднай мове.

«Калі дзіця само абярэ, на якой мове яму размаўляць, і на сцэне адбываецца нешта цікавае, яно будзе глядзець, — кажа мастацкі кіраўнік ТЮГа. — Я даўно-даўно глядзеў, як японцы прывозілі „Аладзіна“ ў Доме афіцэраў. І так было цікава і захапляльна, і ўсё было зразумела, што адбываецца».

«А дзе ён яшчэ пачуе зь дзяцінства, як ня тут, родную мову? — пытаецца Ўладзімер Савіцкі. — Калі нехта хоча, то, калі ласка, ёсьць «Русский театр», ёсьць іншыя тэатры. Гэта каб ня крыўдзіць расейскамоўных дзетак.

Дырэктар тэатру Ігар Варонін, мастацкі кіраўнік Уладзімер Савіцкі, загадчыца літаратурнай часткі Жана Лашкевіч

Дырэктар тэатру Ігар Варонін, мастацкі кіраўнік Уладзімер Савіцкі, загадчыца літаратурнай часткі Жана Лашкевіч

Загадчыца літаратурнай часткі Жана Лашкевіч кажа, што амаль за дзесяць год працы ў тэатры не пабачылі людзей, якіх бы раздражняла беларуская мова спэктакляў. Да таго ж тут стараюцца, каб гледачы пачуваліся максымальна камфортна. Нават друкавалі «Слоўнічак для тых, хто ўпершыню трапіў у беларускі тэатар», дзе тлумачылі найбольш загадкавыя словы.

Сёлета да літаратурнай часткі ТЮГа далучыўся і аўтар Радыё Свабода Васіль Дранько-Майсюк. Ён кажа, што самы першы спэктакль, які памятае, глядзеў якраз у ТЮГу.

«Там быў цмок вялікі зь вялізнымі кіпцямі. Ня памятаю нават, як спэктакль называўся, — распавядае Васіль. — Пакуль што я працую ў літаратурнай частцы. Пляны мае — спрыяць таму, каб тут усё было і па-беларуску, і хораша, яшчэ лепш і лепш».

Васіль Дранько-Майсюк

Васіль Дранько-Майсюк

Дранько-Майсюк кажа, што «крыху павёрнуты» на беларускай літаратуры і бачыць у клясычных творах вялікі патэнцыял.

«Мне б хацелася, каб у нашых тэатрах было больш адкрыцьцяў цікавых імёнаў. Не абавязкова нават і маладых. Адкрываеш прозу Коласа — і можна зрабіць жа выдатны спэктакль! Ці Зарэцкі — гэта ж для падлеткаў, з эротыкай, з каханьнем, з усім. Я ўжо не кажу пра Шамякіна, зь якога можна выкруціць вельмі дынамічную рэч, — распавядае Васіль Дранько-Майсюк. — Мару, каб усе тэатры больш зьвярталі ўвагі на тое, што ў нас фактычна пад нагамі, і з гэтага рабілі цуды».

XS
SM
MD
LG