Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Барацьба за пасаду старшыні набыла ўсе адценьні шэрага і нават чорнага палітычнага колеру», — Таўстыка пра выбары старшыні руху «За свабоду»


Алесь Таўстыка

Алесь Таўстыка

Таўстыка прапануе правесьці выбары старшыні руху «За свабоду» ўзорна і зрабіць іх працэдуру базавай для ўсіх дэмакратычных арганізацыяў.

Былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня, прадпрымальнік Алесь Таўстыка накіраваў старшыні руху «За свабоду» Аляксандру Мілінкевічу і ягоным намесьнікам Юрасю Губарэвічу і Алесю Лагвінцу 13 прапаноў, як зрабіць абраньне новага старшыні руху ўзорным. У размове са Свабодай спадар Таўстыка так патлумачыў сваю ініцыятыву:

«Набліжаюцца перавыбары старшыні. Аляксандар Мілінкевіч добраахвотна сыходзіць з пасады кіраўніка. На яго месца прэтэндуюць намесьнікі. Барацьба за пасаду старшыні на сёньня набыла ўсе адценьні шэрага і нават чорнага палітычнага колеру і пагражае ня проста аслабіць нашу арганізацыю, а паралізаваць ці нават зьнішчыць яе. Я як сябра руху не хачу такіх наступстваў перавыбараў. А тое, што такая пэрспэктыва рэальная, сьведчыць і гісторыя перавыбараў кіраўніцтва ў БНФ, і мэтады, якімі сёньня вядзецца барацьба за ўладу ў нашай арганізацыі.

Якраз у гэты час дзясяткі нашых сябраў выйшлі з парлямэнцкіх выбараў праз жорны паслугачоў дыктатара, сіта рэпрэсіяў, фальшаваньні пры падліку галасоў. Так сталася, што менавіта нашай арганізацыі выпаў лёс не скаціцца на выбарах да ўзроўню арганізатараў гіганцкай імітацыі выбараў у парлямэнт, а наадварот, паказаць ровень дэмакратычнасьці выбараў кіраўніцтва, іх адкрытасьці, празрыстасьці. А гэта патрабуе ад удзельнікаў выбараў высокай маральнай адказнасьці».

Разам зь некаторымі сябрамі руху Алесь Таўстыка распрацаваў праект правядзеньня выбараў з 13 пунктаў. Сярод іх, напрыклад, такія:

«Кандыдаты на пасаду старшыні мусяць зрабіць справаздачу аб сваім удзеле ў выбарах у парлямэнт, а таксама аб арганізацыі і дапамозе ў выбарах сябрам руху.

Мусяць быць арганізаваныя тэледэбаты кандыдатаў і іхны запіс выстаўлены на сайт руху. Да 10 мінут кожнаму прэтэндэнту хопіць для выказваньняў і спрэчак.

У сувязі з тым, што сёньняшнія прэтэндэнты публічна выказвалі намер стаць у будучыні і кандыдатамі ў прэзыдэнты, яны мусяць прадставіць на сайце руху свае прэзыдэнцкія праграмы.

Падлік галасоў мусіць адбывацца галосна з дэманстраваньнем кожнага бюлетэня дэлегатам справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі».Алесь Таўстыка дадае, што гэтыя прапановы можна адкарэктаваць і зрабіць іх базавымі для выбараў і ў іншых дэмакратычных суполках.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG