Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Падзеньне ўсясьветных цэнаў на нафту стымулюе глябальныя працэсы, вядзе да буйных пераменаў у геапалітыцы, да сур’ёзнага пераразьмеркаваньня міжнародных цэнтраў сілы. Усё гэта самым непасрэдным чынам закранае Беларусь.

Тым часам як сьвет пераходзіць да постіндустрыяльнага, інфармацыйнага грамадзтва, Беларусь затрымалася ў індустрыяльнай эпосе. Аснову беларускай эканомікі складае прамысловасьць і калгасна-саўгасная сельская гаспадарка, якая засталася ад СССР. На забесьпячэньне патрэбаў гэтай эканомікі была арыентаваная і сыстэма адукацыі. Школьная «антырэформа» 2008 году, калі адбыўся пераход ад 12-годкі да 11-годкі, зыходзіла з таго, што краіне патрэбныя ня столькі людзі з вышэйшай адукацыяй, колькі рабочыя рукі.

Як вядома, галоўнае багацьце індустрыяльнай эпохі — сыравіна. Не выпадкова найважнейшыя экспартныя тавары Беларусі — калійныя ўгнаеньні і нафтапрадукты. Ад продажу апошніх краіна атрымлівала 30–40% экспартных даходаў. Асновай існаваньня беларускай сацыяльнай мадэлі былі танныя расейскія энэргарэсурсы. Гэта была своеасаблівая рэнтная эканоміка, калі асноўны даход атрымлівалі ад выкарыстаньня прыроднай рэнты, як сваёй, так і расейскай.

Аляксандар Лукашэнка, які называе інтэрнэт няйнакш як «памыйніцай», бачыў галоўным рэсурсам, крыніцай багацьця краіны нафту і газ. Ён ня раз казаў расейскім журналістам, што, маўляў, мы не такія багатыя, як вы, у нас няма так шмат энэргарэсурсаў. Яго запаветнай марай было атрымаць права на распрацоўку нафтавай сьвідравіны ў РФ. Ён абяцаў пабудаваць у Беларусі «эміраты», калі ня трэба будзе пералічваць нафтавае мыта ў расейскі бюджэт. Кіраўнік дзяржавы некалькі разоў з кепска прыхаванай надзеяй усклікаў: ня можа быць, каб у нашых нетрах не было нафты і газу, маўляў, лепш шукайце — нечым павінна «прарваць». І, зьвярніце ўвагу, лепшымі сябрамі ў вонкавым сьвеце ў афіцыйнага Менску былі краіны, багатыя нафтай. Акрамя Расеі, гэта Вэнэсуэла, Іран. І там таксама беларускія ўлады настойліва імкнуліся атрымаць доступ да нафтавай сьвідравіны. (З Уга Чавэсам гэта атрымалася.)

І павінна было здарыцца цяперашняе рэзкае падзеньне коштаў на нафту, каб прыйшло ўсьведамленьне: эпоха дамінаваньня энэргетычных дзяржаў сканчаецца.

У лістападзе мінулага году прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў, выступаючы на міжнародным банкаўскім форуме, канстатаваў, што «эканомікі краін СНД сутыкнуліся зь беспрэцэдэнтнымі выклікамі» і што, паводле прагнозаў усясьветных аналітыкаў, у бліжэйшыя пяць гадоў тут будзе адзін з самых нізкіх тэмпаў росту. Гэта факт, што за чвэрць стагодзьдзя пасьля распаду СССР ніводная з постсавецкіх дзяржаў (краіны Балтыі вынесем за дужкі) не змагла сфармаваць эфэктыўную мадэль эканамічнага разьвіцьця. Адносны посьпех мелі толькі тыя зь іх, якія здабывалі нафту і газ: Расея, Казахстан, Туркмэністан, Азэрбайджан. Іншыя дзяржавы зараблялі на транзыце энэргарэсурсаў — як, напрыклад, Украіна, якая мае, дарэчы, шэсьць НПЗ. Або Беларусь, пераўтвораная ў афшор расейскіх нафтавых кампаніяў. Шалёныя нафтадаляры ўратавалі беларускую сацыяльную мадэль, дазволілі ёй падоўжыць сваё існаваньне на паўтара дзесяцігодзьдзя.

Усе гіганты індустрыі — МАЗ, «Гомсельмаш», «Гарызонт» і іншыя аналягічныя прадпрыемствы наўрад ці ўдасца захаваць

І вось цяпер увесь гэты станавы хрыбет постсавецкай эканомікі рушыцца. І высьветлілася, што ніякіх іншых прарыўных галін за гэтыя 25 гадоў так і не было створана. У выніку валіцца пачынае ўсё. Па ўзроўні сярэдняй зарплаты Кітай ужо абагнаў Расею. Падае казахстанская грашовая адзінка тэнге. Азэрбайджан, які двойчы ратаваў Беларусь у цяжкую хвіліну, выдзеліўшы тэрміновы крэдыт, сам апынуўся ў крызісе. Азэрбайджанская валюта ў 2015 годзе ўзначаліла сьпіс самых дэвальваваных у сьвеце, там паўсталі праблемы з купляй валюты, пачаліся сацыяльныя хваляваньні. І эканамічны крызіс у Беларусі таксама ў значнай ступені абумоўлены тым, што выпалі даходы ад продажу нафтапрадуктаў.

Хачу нагадаць, што крах СССР адбыўся ў момант, калі ўсясьветныя цэны на нафту рэзка пайшлі ўніз.

Такім чынам, зьмяняецца ранейшы геапалітычны і гістарычны ляндшафт, бурыцца звыклы парадак сьвету. Беларусь, як і іншыя краіны, паўстала перад вострай неабходнасьцю адаптацыі да новай рэальнасьці. Разьлік на расейскую «халяву» сканчаецца. Аснова цяперашняй беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі разбураецца на вачах. Патрэбна новая парадыгма разьвіцьця.

Неабходнасьць будаваць новую сацыяльную мадэль патрабуе і зьмены геапалітычнай арыентацыі, пра што ўжо даводзілася пісаць.

Аднак пакуль ні беларускае грамадзтва, ні кіраўнічая эліта не ўсьвядомілі гэтыя новыя выклікі. І грамадзтва, і эліта працягваюць жыць учорашнім днём. 26 студзеня Лукашэнка чарговы раз заявіў, што курс мяняць ня будзем, рэформы не патрэбныя. І ўсе намаганьні беларускіх уладаў скіраваныя на тое, каб уратаваць савецкую прамысловасьць. Аднак, мяркуючы па ўсім, гэта ўжо безнадзейная справа. Усе гіганты індустрыі — МАЗ, «Гомсельмаш», «Гарызонт» і іншыя аналягічныя прадпрыемствы наўрад ці ўдасца захаваць.

А хто ня ўпісваецца ў глябальныя трэнды, той застаецца на ўзбочыне ўсясьветнага разьвіцьця.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG