Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Берасьцейскую журналістку зноў пакаралі штрафам


Тамара Шчапёткіна ў залі суду

Тамара Шчапёткіна ў залі суду

У Ленінскім судзе Берасьця адбыўся пераразгляд справы фрылянсэркі зь Бярозы Тамары Шчапёткінай. Яе аштрафавалі за «незаконны выраб прадукцыі СМІ».

Пратакол адносна Тамары Шчапёткінай склалі паводле сьведчаньняў берасьцейскага міліцыянта Сяргея Неліповіча, у якога нібыта журналістка «ўзяла інтэрвію 8 студзеня ў будынку Берасьцейскага раённага суду».

Тамара прызнае, што 8 студзеня прысутнічала ў Берасьцейскім раённым судзе на разглядзе справы фэрмэра Аляксандра Бельчука. Аднак яна ня брала ў міліцыянта Неліповіча ніякага інтэрвію, і нават не падыходзіла да яго. Словы Тамары Шчапёткінай пацьвердзілі падчас сёньняшняга працэсу трое сьведак, адзін зь якіх пастаянна суправаджаў журналістку.

Тамара Шчапёткіна растлумачыла судзьдзі Сьвятаславу Каліне, што той тэкст на «Радыё Рацыя», за які яе судзяць, з камэнтаром міліцыянта Сяргея Неліповіча, зьявіўся на сайце яшчэ ў лістападзе:

«Выходзіць, што я 8 студзеня 2015 году зрабіла інтэрвію зь міліцыянтам, а апублікавала гэтае інтэрвію ў лістападзе 2014 году. Гэта ж абсурд! Гэты суд не адмаўляе існаваньня машыны часу, так атрымліваецца,» — апавяла Радыё Свабода Тамара Шчапёткіна.

Судзьдзя Сьвятаслаў Каліна ня прыняў да ўвагі гэтае тлумачэньне Тамары Шчапёткінай і не захацеў праверыць у інтэрнэце, што камэнтар зь міліцыянтам Неліповічам быў апублікаваны значна раней за 8 студзеня.

Сьвятаслаў Каліна нават не рабіў перапынку для прыняцьця рашэньня і зачытаў вырак журналістцы — 7 мільёнаў 200 тысяч рублёў штрафу. Такім чынам, пакінута ў сіле ранейшае рашэньне Ленінскага суду Берасьця аб такім пакараньні.

Першае рашэньне суду па гэтай справе было скасаванае Берасьцейскім абласным судом і накіраване на пераразгляд.

Тамара Шчапёткіна апавяла Радыё Свабода, што будзе і далей абскарджваць вырак. Яна мае намер дайсьці нават да Камітэту па правах чалавека ААН.

XS
SM
MD
LG