Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тамара Мацкевіч: Падарунак Лукашэнкі першаклясьнікам напісаны не для першаклясьнікаў


Пачаўся новы навучальны год. Год, які на загад кіраўніка краіны зноў мусіць стаць годам рэформаў. Гэтым разам будуць мяняць навучаньне па суботах і скарачаць хатнія заданьні. Магчыма, гэта яшчэ больш наблізіць час, калі, паводле Аляксандра Лукашэнкі, і так адна зь лепшых сыстэмаў адукацыі ў сьвеце стане найлепшай. А каб і сумненьняў ніякіх не ўзьнікала, усім першаклясьнікам краіны раздалі падарунак Лукашэнкі — ілюстраваную кніжку «Мая Радзіма — Беларусь».

Новыя ініцыятывы ўладаў на пачатак новага навучальнага году камэнтуе намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч. Яна лічыць, што ўсе гэтыя ініцыятывы — не рэформы, а толькі касмэтычны рамонт. Зь ейнага гледзішча, ад пачатку існаваньня незалежнай Беларусі сапраўдныя рэформы сыстэмы адукацыі ў краіне ўвогуле не праводзіліся.

Фрагмэнты перадачы

Вячаслаў Ракіцкі: Штогод Аляксандар Лукашэнка напярэдадні ці ў першы дзень навучальнага году наведвае адну са школаў краіны, як правіла, выдатна абсталяваную. І амаль кожны раз зь ягоных вуснаў гучыць нешта падобнае да сёлетняй заявы: у Беларусі — адна з найлепшых адукацыяў у сьвеце, і яна мае ўсе падставы, каб стаць найлепшай у сьвеце. Як да гэтага ставіцца? Ці ёсьць падставы для такіх сьцьверджаньняў?

Тамара Мацкевіч: Сапраўды, кожнага 1 верасьня ў нас «дзень сурка». Лукашэнка прыяжджае ў школу і расказвае, як у нас усё добра. Толькі я з вамі не пагаджуся, што ён сёлета наведаў школу, якой можна ганарыцца. Гэтая школа перагружаная. Там амаль што ў два разы больш вучняў вучыцца, чым разьлічана. Там ажно шаснаццаць першых клясаў. У першыя клясы набралі па 28–30 чалавек, хоць паводле Кодэксу аб адукацыі аптымальнай напаўняльнасьцю клясаў у пачатковай школе лічыцца да 20 чалавек. І вось прыехаў гарант Канстытуцыі, каб ганарыцца. Але чым ганарыцца? Ганарыцца тым, што ў нас законы не выконваюцца?

Ракіцкі: Сёлета 1 верасьня на вуліцы я выпадкова падслухаў размову жанчыны, якая праз тэлефон абмяркоўвала першы дзень у школе сваёй дачкі. Мама абуралася, што нічым дзеткі ў той дзень не займаліся, а толькі чыталі кніжку — падарунак Лукашэнкі першаклясьнікам. Яна называецца «Мая Радзіма — Беларусь». І выснова — замест таго каб чытаць, пісаць, лічыць, зноў пудрылі мазгі дзецям ідэалёгіяй, нейкай там нацыянальнай ідэяй. Як вы ставіцеся да такога меркаваньня бацькоў, да такога першага ўроку, да гэтай кнігі?

Мацкевіч: Гэтая кніга напісаная не для першаклясьніка. У ёй эклектыка з ідэалягічных штампаў, зь нейкіх паштовак не найлепшай якасьці. Кепская вёрстка. Гэтая кніжка, хутчэй, адрасаваная бацькам, каб яны паглядзелі, чым павінны ганарыцца іхныя дзеці, а то, ня дай Бог, яны будуць ня тым ганарыцца...

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG