Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 верасьня ў зачыненай школе: дзеці ў выгнаньні, дарослыя — у пошуках працы


Самабытны драўляны будынак талькаўскай школы

Самабытны драўляны будынак талькаўскай школы

Ад 1 верасьня 2016 году з прычыны «эканамічнай немэтазгоднасьці» зачынілі базавую школу ў вёсцы Талька Пухавіцкага раёну. 35 дзяцей будуць вучыцца за пяць кілямэтраў — у базавай школе вёскі Блужа.

Людміла Турбан 30 гадоў адпрацавала ў талькаўскай школе загадчыцай гаспадаркі. Кажа, калі паведамілі пра закрыцьцё школы, была ў роспачы:

«Нашая школа — адзіная ў раёне такая, якая павінная быць: драўляная, цёплая, утульная. Калі заходзіш усярэдзіну — яна проста дыхае дабрынёю, нібыта дома. Калі сказалі, што разьбяруць, то начамі ня спала — я тут кожнае гэтае бервянцо ведаю. А калі прыехалі з Блужы забіраць сталы і крэслы, нібыта рукі і ногі мае адрывалі», — са сьлязьмі на вачах кажа спадарыня Людміла і працягвае:

Людміла Турбан 30 гадоў адпрацавала ў талькаўскай школе загадчыцай гаспадаркі

Людміла Турбан 30 гадоў адпрацавала ў талькаўскай школе загадчыцай гаспадаркі

«Мая старэйшая дачка скончыла гэтую школу і пятнаццаць гадоў адпрацавала тут настаўніцай. Яна была проста ў роспачы, плакала, дый цяпер ня можа прызвычаіцца, што трэба шукаць іншае месца».

Настаўнікі і тэхнічны пэрсанал школы засталіся бяз працы і мусяць працаўладкоўвацца самастойна. Сярод тэхнічак, а гэта жанчыны сярэдніх гадоў, ёсьць і мясцовыя, і тыя, хто даяжджаў да працы з Асіповічаў.

Школьныя тэхнічкі чакаюць вырашэньня свайго лёсу

Школьныя тэхнічкі чакаюць вырашэньня свайго лёсу

Яны кажуць, што засталіся бяз сродкаў да існаваньня:

«У маёй каляжанкі малы ўнук і дачка ў дэкрэтным адпачынку, я маю найманае жытло, а яшчэ адна каляжанка мае дваіх малых дзяцей на ўтрыманьні — вось як хочаш, так і жыві», — роспачна кажа Натальля. Дадае, што жыве ў Асіповічах, але і там працы няма.

Школьныя клясы і падворкі цяпер пустыя. Лёс самабытнага будынку талькаўскай школы невядомы: мясцовыя чыноўнікі абяцаюць зрабіць тут турыстычную базу, але пакуль толькі на словах. Дзіцячыя лёсы таксама турбуюць адных толькі бацькоў: пасьля базавай школы ў Блужы дзецям трэба будзе шукаць іншую, каб атрымаць сярэднюю адукацыю.

«Хочам, каб нашы дзеці атрымалі сярэднюю адукацыю і паступілі ва ўнівэрсытэт, — кажа мясцовая жыхарка, маці дваіх дзяцей Аксана. — У нашым выпадку ў сярэднюю школу давядзецца езьдзіць у Марʼіну Горку электрычкай. Гэта значыць, а пятай ранку ўставаць, ехаць а шостай раніцы і там чакаць, пакуль школа адчыніцца. У якім стане дзіця будзе ўжо па абедзе? Як яно ўрокі вывучыць? Выходзіць — альбо па вакзалах туляцца, альбо сярэдняй адукацыі не атрымаеш і ідзі куды хочаш».

Жыхарка Талькі Аксана турбуецца за лёс сваіх дзяцей

Жыхарка Талькі Аксана турбуецца за лёс сваіх дзяцей

У вёсцы Талька за пяць апошніх гадоў пазачынялі шэраг прадпрыемстваў і ўстановаў, якія давалі працу мясцовым жыхарам: пякарню, агракамбінат, пільню, сельсавет, цяпер вось — школу.

Жыхарка вёскі і кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Натальля Ільлініч кажа, што адна з прычынаў — самаўладзьдзе чынавенскай вэртыкалі:

Настаўніца Натальля Ільлініч разьвітваецца са школай другі раз

Настаўніца Натальля Ільлініч разьвітваецца са школай другі раз

«Хто прымаў усе гэтыя рашэньні? Мы нават ня ведаем — мясцовае кіраўніцтва замененае вэртыкальлю. Каб было мясцовае самакіраваньне, тады многіх дурных рашэньняў, якія мы маем, не было б. Таму адна з маіх ініцыятываў, якую я маю намер рэалізаваць, гэта аднаўленьне мясцовага самакіраваньня».

Натальля Ільлініч — былая настаўніца талькаўскай школы. Пяць гадоў таму яе звольнілі са школы за актыўны ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году.

Былая школьная сталоўка для дзяцей і настаўнікаў

Былая школьная сталоўка для дзяцей і настаўнікаў

Першаклясьнікі вучыліся ў асобным будынку

Першаклясьнікі вучыліся ў асобным будынку

Школьныя будынкі патанаюць у зеляніне і кветках

Школьныя будынкі патанаюць у зеляніне і кветках

У школьных клясах — не патрэбная больш мэбля

У школьных клясах — не патрэбная больш мэбля

XS
SM
MD
LG