Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таленты, якія не прызнаюць законы


Нават пэнітэнцыярыі пагаджаюцца з тым, што таленавітыя людзі сустракаюцца паўсюль, у тым ліку і сярод турэмнага насельніцтва. Часьцяком за кратамі ў асуджаных прачынаюцца такія здольнасьці, пра якія яны раней нават і не падазравалі. Спрацоўвае інстынкт самазахаваньня ў экстрэмальнай сытуацыі, і тады зьняволеныя раптам становяцца майстрамі нейкай справы, якая на зоне іх вельмі часта корміць. Праўда, выйшаўшы на волю, былы ЗК вельмі рэдка спрабуе разьвіваць тое выдатнае, што ў ім прачнулася, а чамусьці ізноў вяртаецца ў крымінал.

Ёсьць і другі тып безумоўна адораных парушальнікаў закону. Паводле аднаго з найбольш аўтарытэтных савецкіх і расейскіх крымінолягаў Якава Глінскага, гэта так званыя «дэвіянтныя таленты», авантурысты. Людзі надзеленыя, з аднаго боку, высокім узроўнем IQ, і адначасна схільныя да парушэньня нормаў сацыяльных паводзінаў. Такія сустракаюцца ў тым ліку і сярод крымінальнай эліты — картачных шулераў, кібэрзлачынцаў, фальшываманэтнікаў, розных ашуканцаў, здатных на самыя «крэатыўныя» рашэньні ў сваёй «справе».

Аднак спачатку — апытаньне, якое мы правялі на гарадзенскім аўтавакзале: «Ці даводзілася вам самім станавіцца ахвярамі ашуканства, чаму ня гіне гэтая „крымінальная прафэсія“, як змагацца з махлярамі?»

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:10 0:00
Наўпроставы лінк

Большасьць удзельнікаў апытаньня выказалі думку, што з махлярамі можна змагацца толькі з дапамогай міліцыі ды турмы.

«У цяплічных умовах многія значныя ідэі проста не народзяцца»

«Калі чалавек апынаецца ў надзвычай прыгнечаным стане, у яго ў галаве часта нараджаюцца значныя ідэі, якія ніколі не народзяцца ў цяплічных умовах», — сказаў аднойчы актыўны ўдзельнік нашых праграмаў Ігар, які з сваіх 40 гадоў правёў у вязьніцах ледзь не палову...Сярод артыкулаў, паводле якіх быў асуджаны гэты здатны да творчасьці чалавек, ёсьць і «209» (махлярства). Некалькі тыдняў таму ён ізноў апынуўся за кратамі — у СІЗА. За паўтара году, што знаходзіўся на волі, Ігар расказаў «Свабодзе ў турмах» нямала гісторыек пра кемлівасьць зэкаў. Адна зь іх пра тое, як у 1990-я івацэвіцкія зэкі спустошылі галяндзкую фірму, якая мела праект па стварэньні пры калёніі цэхаў па перапрацоўцы крэвэтак.

Наўпроставы лінк

Ці іншая гісторыя... Пра выпускніка Менскага радыётэхнічнага, які сеў за згон машынаў.

«У калёніі, — расказваў Ігар, — хлопец з двух старых зламаных тэлевізараў спрабаваў сабраць рацыю. Сабраў амаль усё — не хапіла толькі грыфэлю ад алоўку. Давялося замест гэтага зрабіць вялікі кіпяцільнік — дарэчы, важную ва ўмовах калёніі рэч. За кратамі хлопцы дадумваюцца шмат да чаго — хоць музэй адкрывай».

Такія «музэі» створаныя пры некаторых калёніях суседняй Украіны. Сярод музэйных экспанатаў запароскай ПК-55 можна ўбачыць звычайную моркву. Некаторы час гэта гародніна служыла кантэйнэрам для наркотыкаў. Умельцы на волі зразалі з гародніны верх, выдзёўбвалі сярэдзіну, хавалі ў ёй «забаронку», а потым заляплялі часткі морквы супэрклеем, сьляды ж замазвалі зямлёй. Недазволеныя рэчы перадавалі таксама ў шчотцы для абутку або ў кухоннай дошчачцы. Гэтыя прадметы — заўсёды на вачах, а таму ніякіх падазрэньняў у кантралёраў не ўзьнікала. Выяўлялася ж усё выключна з дапамогай «інфарматараў».

Былы дацэнт Віцебскага тэхналягічнага інстытута кандыдат тэхнічных навук Міхаіл Жамчужны, які адседзеў пяць гадоў паводле эканамічнага артыкулу, а цяпер таксама знаходзіцца пад сьледзтвам (пра яго гісторыю мы зьбіраемся распавесьці ў адной з бліжэйшых праграмаў) выдрэсіраваў ката, які праносіў розную карэспандэнцыю праз турэмны плот. Паводле Міхаіла, ён мусіў знайсьці падобнае рашэньне, бо іншых магчымасьцяў камунікаваць з вонкавым сьветам ня меў. Як сьведчыць гэты чалавек, «барацьба адміністрацыі з зэкамі вакол іхніх вонкавых кантактаў так ці інакш заканчваецца паразай».

Турэмны кур'ёр
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:03 0:00

Фальшываманэцтва: ад саматужніцтва да кампутарнай тэхнікі

Напалову чачэнец, напалову беларус — Іса, які сядзеў у савецкіх, расейскіх, казахстанскіх ды беларускіх турмах, узгадвае былога сукамэрніка, які быў здатны да вырабу фальшаваных грошай самымі элемэнтарнымі сродкамі. Гэта было за савецкім часам, калі грошы былі зь Леніным.

«Той мастак, — кажа былы ЗК, — рабіў гэта ў якасьці прыколу. „Дзясятку“ маляваў звычайнымі каляровымі самапіскамі. А потым уначы даваў яе кантралёру-міліцыянту, каб той нешта нам купіў. Дарэчы, куплялі. Такая падробка была выдатная».

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:18 0:00
Наўпроставы лінк

Ёсьць сьведчаньні, што за савецкім часам, калі не было кампутараў, прадпрымальнікі-злачынцы праводзілі доўгія месяцы ў лепшых сталічных бібліятэках — у тым ліку, маскоўскай «ленінцы» — з тым, каб дасканала вывучыць розныя нюансы паліграфічных працэсаў. Здавалася б, сёньня, пры ўсёй разнастайнасьці кампутарнай тэхнікі, падробка грошай стала прасьцейшай. Але гэта памылковае меркаваньне. Для абароны грашовых знакаў існуюць самыя розныя найноўшыя тэхналёгіі, якія даюць адпаведныя сыгналы банкаматам ды сартавальным машынам усяляк адсейваць фальшыўкі.

Ліпскі сьцьвярджаў, што ягонай задачай нібыта было ўкараніцца ў банды фальшываманэтнікаў з постсавецкіх краінаў і прасачыць, як гэтыя банкноты трапляюць у Беларусь

Падробныя «эўра» колішняга менчука Ўладзіслава Ліпскага нямецкія крымінолягі прызналі «бездакорнымі». Крымінальны талент Уладзіслава, які быў так званым «тэхнічным мозгам» дзейнай на тэрыторыі ФРГ інтэрнацыянальнай крымінальнай групоўкі, быў раскрыты ў 2005 у Патсдаме. Прычым, абсалютна выпадкова. Мясцовы пэнсіянэр паведаміў у паліцыю, што па суседзтву зь ім у адной старой аранжарэі нелегальна вырошчваюць каноплі. Як вынік, акрамя наркотыкаў паліцыянты выкрылі і вытворчасьць бездакорна фальшаваных 50-эўравых купюраў. Затрыманы Ліпскі, дыплямаваны беларускі хімік-тэхноляг, якому на той момант было 33 гады, падчас допытаў і на працэсе сьцьвярджаў, што трапіў у Нямеччыну паводле заданьня КДБ і што ягонай задачай нібыта было ўкараніцца ў банды фальшываманэтнікаў з постсавецкіх краінаў і прасачыць, як гэтыя банкноты трапляюць у Беларусь.

Журналіст Мартын Клесман, які асьвятляў той працэс для Вerliner Zeitung, мяркуе, што цяпер Ліпскі, хутчэй за ўсё, жыве пад іншай легендай. Тады, падчас працэсу, у Клесмана было жаданьне пагутарыць зь ім, але...

Клесман: «Але, на жаль, я ня мог зь ім размаўляць, калі наведваў турму, бачыў яго на працэсе. У яго была вельмі моцная ахова, прычым узброеная. Недзе чатыры чалавекі. Калі я ўпершыню пачуў на працэсе яго паказаньні адносна таго, што ён мусіў выконваць даручэньні КДБ, я ў гэта не паверыў. Але потым былі паказаньні яго хаўрусьніка, які вучыўся ў Менску. Зразумела, што суд правёў вельмі грунтоўную экспэртызу. Выснова была такая: дакладныя кантакты з КДБ у Ліпскага мусілі быць. З боку нямецкай пракуратуры быў накіраваны запыт у адпаведныя беларускія структуры наконт супрацы абвінавачанага зь дзяржбясьпекай. Адказ быў такі: гэты чалавек ім невядомы, аднак, згодна з даведкай ваенкамату, якая была прыкладзеная да адказу, Ліпскі ў свой час быў адхілены ад службы ў войску ў сувязі з шызафрэніяй. У сваю чаргу, нямецкія адмыслоўцы-псыхіятры вельмі грунтоўна праверылі беларуса. Паводле іх вэрдыкту, ніякай шызафрэніі ў гэтага чалавека не было, і дадзеныя беларускага боку абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасьці».

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:05 0:00
Наўпроставы лінк

Пад прыкрыцьцём спэцслужбаў

Зробленыя беларусам эўра хадзілі як у Нямеччыне, так і ў іншых краінах ЭЗ. Як сьведчылі некаторыя экспэрты, гэта былі лепшыя падробкі за ўсю гісторыю гэтай валюты.

Бэрлінскі журналіст Міхаэль Клесман: «Паводле заключэньня Bundesbank, прадстаўнік якога тады прысутнічаў на працэсе і даваў свае тлумачэньні судзьдзям, падробкі бездакорныя. Потым я гутарыў з экспэртам, і ён сказаў не для прэсы, што больш чым уражаны якасьцю фальшывых нямецкіх купюраў. Наколькі я ведаю, такія людзі атрымліваюць новую ідэнтыфікацыю. Гэта зьвязана з пагрозай для ягонага жыцьця, і зразумела, ня з боку нямецкіх спэцслужбаў. Размова ідзе пра спэцыяльную праграму абароны, якую звычайна ажыцьцяўляюць кампэтэнтныя структуры. Чалавек у выніку атрымлівае новае імя, біяграфію, новы пашпарт, новую зьнешнасьць, новае месца жыхарства і жыве пад прыкрыцьцём нямецкай крымінальнай паліцыі і спэцслужбаў».
Гары Паганяйла
Гары Паганяйла

Вядомы праваабаронца, а ў мінулым — адвакат зь вялікай практыкай Гары Паганяйла, асабіста з падобнымі выпадкамі не сутыкаўся. Аднак зусім не выключае, што крымінальныя таленты ў пэўных мэтах выкарыстоўваюцца як адміністрацыяй турэмных установаў, так і спэцслужбамі:

«Я не выключаю, што гэтых людзей могуць нейкім чынам прымусіць працаваць на спэцыяльныя органы. Або ў інтарэсах выкрыцьця нейкіх злачынстваў, асабліва складаных, што патрабуюць сапраўды нейкіх асаблівых ведаў, навыкаў, уменьняў».

Паводле юрыста, падробка заўсёды была злачынным рамяством у многіх краінах. Гісторыя ведае нямала прыкладаў, калі купюры падрабляліся ў ваенных мэтах і зь вялікім размахам:

«Гэта вельмі хуткі від узбагачэньня за кошт свайго таленту вельмі добра выканаць, падрабіць грашовы знак. Прычым сёньня гэта можна зрабіць з выкарыстаньнем кампутарнай графікі, і колер знайсьці адпаведны. Адзіная складанасьць — гэта сама папера і яе пэўны хімічны склад. Але сёньня і гэта тэхналягічна таксама можна зрабіць. Больш за тое, скажу, што вядомыя выпадкі, калі самі дзяржавы з мэтай падарваць эканамічную магутнасьць, фінансавы стан у дзяржаве праціўніка, выкарыстоўвалі якраз друк такіх грошай і распаўсюджвалі іх. Мы ведаем, што гэтым займалася Нямеччына, спрабуючы паслабіць Савецкі Саюз, і запаланяла ў гады вайны грашовымі знакамі былы СССР. Яна ж цераз сваіх агентаў запаланяла падробнымі грашовымі знакамі Вялікабрытанію, ЗША. І сёньня, я не выключаю, на гэта грашаць некаторыя дзяржавы і спэцслужбы. Натуральна, прыцягваюць выдатных спэцыялістаў у гэтай галіне. Таму ўсе тэхналягічныя магчымасьці дзяржавы, калі яны яшчэ перададзеныя ў харошыя рукі, — гэта заўсёды можа прывесьці да вельмі цікавых вынікаў».

Падрабляў царскія купюры

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

Былы палітвязень, літаратар Аляксандар Фядута прыводзіць прыклады фальшываманэцтва з больш далёкай гісторыі...

«Я шмат працаваў у гістарычных і літаратурных архівах. Магу сказаць, што ў нашым Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ляжыць справа такога махляра па прозьвішчы Цэйсік. Вельмі вядомая была постаць. Ён падрабляў купюры: так маляваў, што іх нельга было адрозьніць ад сапраўдных. Яго пасадзілі ў рэшце рэшт. А калі ў Менск прыехаў імпэратар Аляксандар І, ён зрабіў для імпэратара падарунак — такі прыгожы, што той вельмі расчуліўся. Тым больш што гэта зрабіў чалавек, які знаходзіўся ў няволі. Але прысуд быў прысудам, і нават імпэратар не наважыўся яго адмяніць. Але калі той Цэйсік паехаў у Сібір, там было крыху лагадней для яго.

У дзяржбанк яго, зразумела, не ўзялі б рабіць, але быць настаўнікам маляваньня ён бы мог. Тым больш, наколькі я памятаю, ён быў вучнем Рустэма».

Але гэта гістарычны прыклад, акалі казаць пра сёньняшні дзень? Чаму таленавітыя людзі нярэдка трапляюць за краты, чаму не знаходзяць сябе ў нармальных умовах, на волі?

Фядута: «Гэта пытаньне не да гэтых людзей. Яны й злачынцамі сталі не таму, што яны дрэнныя, а таму, што так склаліся жыцьцёвыя абставіны. Гэтым людзям трэба дапамагчы адаптавацца. Ёсьць прыклад: хлопец, зь якім я сядзеў асабіста ў камэры, Аляксандар Малчанаў. Ён выйшаў — і што? Бацькі памерлі, ён ня мае ніякай працы. І яму не даюць працаваць у родным горадзе Барысаве. Ну добра, у хлопца добра з мазгамі, ён паехаў паступаць у нейкі ўкраінскі ўнівэрсытэт. Але ўсё роўна, я думаю, што ўсе мы павінны ставіцца да людзей, якія знаходзяцца ў месцах зьняволеньня, з асэнсаваньнем таго, што іхні лёс, будучыня залежаць у тым ліку і ад нас».

«Ён не ашуканец, ён авантурыст»

Аляксандар Прудзіла
Аляксандар Прудзіла

Гарадзенскі псыхоляг Аляксандар Прудзіла мае дыск зь перадачай абласнога тэлебачаньня пра мясцовага шляхціца зь незвычайным лёсам. Ён падрабляў грошы, гуляў у карты, яго саслалі ў Сыбір, і там ён займаўся ўсякімі афэрамі. Такія людзі былі заўсёды, зазначае псыхоляг:

«Я ня буду гаварыць пра тых, у каго „залатыя рукі“, — для іх ёсьць на зоне майстэрні, няхай шахматы выразаюць. У мяне таксама ёсьць такія — некалі падаравалі „вертухаі“. Супрацоўнікі зонаў прыяжджалі, і мы іх псыхалёгіі навучалі, праводзілі сэмінары. Гэта было гадоў пятнаццаць-дваццаць таму».

Псыхоляг лічыць, што на ступень вышэй за тых, хто проста нешта майструе ў калёніі, знаходзяцца тыя, каго варта назваць авантурыстамі:

«Гэта людзі з такім псыхалягічным складам, які іх падштурхоўвае да анаміі. Анамія (ад францускага слова „Anomie“ — беззаконьне, адсутнасьць нормаў) — гэта ігнараваньне законаў. Аднойчы сьледчы спытаў пра аднаго чалавека: ён што — ашуканец? На што я яму адказаў: ён не ашуканец, ён авантурыст. Гэта падобна да такіх людзей, як падарожнік Конюхаў. Ён сядае ў лодку і плыве праз усе акіяны. То ён марскі, то сухапутны, то ён ужо поп. Кажучы па-расейску — „беспокойные люди“. Гэта таксама падобна да альпіністаў. Калі да іх прыгледзецца: вось чаго ён лезе на гэтую гару? Тое ж самае, таго ж авантурнага складу — „памежныя“ такія людзі, якія ходзяць на мяжы анаміі, ігнараваньня законаў. Калі іх ловяць — яны сядзяць, потым выходзяць і ўсё роўна будуць хадзіць на мяжы закону. Гэта, можна сказаць, „літаратурная“, артыстычная натура. Як псыхолягі кажуць: профіль асобы такі, склад яе».

Ім трэба лезьці на гару, спускацца па горнай рацэ, іх цягне на вострыя адчуваньні, яны як людзі-гульцы, зазначае Аляксандар Прудзіла.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:18 0:00
Наўпроставы лінк

«Альпініст — гэта сацыялізаваны авантурыст. У Эрыка Бэрна ёсьць свая тэорыя і практыка псыхатэрапіі. У яго ёсьць паняцьці сацыялізаванае дзіця і гарманічнае дзіця. А ёсьць негарманічнае, несацыялізаванае. У кожным з нас ёсьць эга-стан, стан „я“, які так характарызуецца. Я студэнтам звычайна кажу: падыміце руку тыя, хто ні разу не пераходзіў вуліцу там, дзе ня трэба. У кожнага ёсьць нейкая частка несацыялізаванасьці. А інакш і ня можа быць. Як той Дастаеўскі некалі пісаў: што ж гэта за свабода, калі без маёй волі двойчы два чатыры, і ўсё жыцьцё „па таблічцы“?

Чалавек так уладкаваны. Адзін сацыялізуецца, а іншы — не. Несацыялізаваныя — яны ж добрыя авантурысты, яны ж людзей на забіваюць, як правіла, яны не ўчыняюць цяжкіх злачынстваў, зьвязаных з кроўю... Яны ўсё роўна будуць лезьці на свой гэты Эвэрэст. Псыхалягічна яны даказваюць сабе, што яны здольныя на большае, чым тыя, хто іх акружае. Яны самі сабе даказваюць, што яны разумнейшыя. Што ён разумны, таленавіты, хітры, што ён выдумляе тое, чаго іншыя выдумаць ня могуць. Ён сам сабе даказвае, што ён — найлепшы».

Калі браць асновы псыхалёгіі, то часьцей за ўсё такія паводзіны сваімі каранямі паходзяць зь дзяцінства, тлумачыць Аляксандар Прудзіла. У чалавека была глыбокая псыхалягічная траўма, і застаўся комплекс непаўнавартасьці.

«У кожнага чалавека ёсьць, пачуцьцё непаўнавартасьці. Яно прымушае малое дзіця паўзьці, а потым устаць на ногі. А пазьней вывучыць літары. Усе ходзяць, а я поўзаю. Усе чытаюць, а я ня ўмею. Гэта норма. Аднак гэта можа пераўтварыцца ў комплекс, калі чалавеку гаварыць, што ён ня так ходзіць, што сям’я ў яго не такая, і сам ён — з памыйкі... Псыхалягічна несацыялізаваныя даказваюць сабе, але думаюць, што даказваюць атачэньню. Комплекс непаўнавартасьці кампэнсуецца комплексам перавагі. Адна справа — вырабляць трыста сорак дэталяў на заводзе карданных валаў за станком, а іншая — на тым жа станку вытачыць такую дэталь, якою можна ўзламаць нейкі сэйф», — кажа псыхоляг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG