Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Talaka.by створыць раду, каб вызначыць, ці дапамагаць выдаць «Чытанку-хрысьціянку»


Фота ©Shutterstock

Фота ©Shutterstock

Краўдфандынгавая плятформа Talaka.by адмовілася выстаўляць на сваёй пляцоўцы праект выданьня беларускай хрысьціянскай азбукі-размалёўкі «Чытанка-хрысьціянка».

Пра гэта паведаміў сайт Крыніца.info.

«Беларусы тысячу гадоў талакой храмы будавалі, — кажа кіраўнік праекту „Чытанка-хрысьціянка“ Вольга Севярынец. — А тыя, хто хоча, каб ягоныя дзеткі выхоўваліся ў роднай мове і веры, — запрашаем ахвяраваць на выданьне прыватным чынам».

Як патлумачыў Свабодзе заснавальнік плятформы Talaka.by Яўген Клішэвіч, прычына першапачатковай адмовы — рэлігійнасьць выданьня.

Але пасьля ўнутранага абмеркаваньня ў межах Talaka.by мы прынялі кампраміснае рашэньне — стварыць раду, якая вызначыць, ці можа праект быць рэалізаваны ў межах плятформы без парушэньняў яе правілаў.

«Ад стварэньня плятформы Talaka.by ў 2012 годзе для нас найвялікшай каштоўнасьцю ёсьць супольнасьць неабыякавых людзей, якія рэалізуюць самыя разнастайныя праекты, як сацыяльныя, так і камэрцыйныя, у самых розных месцах і сфэрах, ды паляпшаюць сваё ўласнае жыцьцё і ўсю краіну. Для нас важна, каб плятформа дапамагала людзям абʼядноўваць свае намаганьні, рэсурсы і інтэлектуальныя здольнасьці, каб агульнымі сіламі зьмяняць да лепшага Беларусь і навакольны сьвет. Якраз таму, каб ствараць нагоду і магчымасьці для абʼяднаньня, мы адразу пастанавілі не разьмяшчаць праекты, якія прасоўваюць палітычныя інтарэсы ці рэлігію.

Вялікая напружанасьць і патэнцыяльная канфліктнасьць у гэтых сфэрах відавочная. Мы разгледзелі розныя варыянты таго, як лепей выбудаваць працу з рэлігійнымі праектамі, і самым слушным крокам нам здаецца стварэньне экспэртнай рады з прадстаўнікоў розных канфэсіяў, якая дапаможа нам вызначыць, ці адпавядае праект з выданьнем азбукі „Чытанка-хрысьціянка“ і ўсе наступныя, што будуць да нас паступаць, інтарэсам рэлігійнай супольнасьці Беларусі і каштоўнасьцям ды правілам плятформы.

Дарэчы, з Вольгай Севярынец, аўтаркай праекту, мы ўжо гэтую ідэю абмеркавалі і прыйшлі да згоды, што такое рашэньне — сапраўды добрае», — сказаў Яўген Клішэвіч Свабодзе.

68-старонкавая «Чытанка-хрысьціянка» — каляровая азбука-размалёўка для дзяцей. Кожнай літары адпавядае свой верш на беларускай мове і малюнак.

Вершы для азбукі напісаў Кастусь Севярынец, малюнкі стварыла Аляксандра Дзежыц.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG