Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна перамагчы п’янства


Ці будзе эфэктыўнай магчымая забарона продажу алькаголю ў Беларусі пасьля 21.00?

Удзельнічаюць Уладзімер Глод, Ігар Ільяш, Валер Карбалевіч.

Глод: У Беларусі падрыхтаваны ўказ прэзыдэнта, які робіць больш жорсткімі ўмовы рэалізацыі алькагольнай прадукцыі. У прыватнасьці, алькаголь можна будзе прадаваць толькі ад дзявятай гадзіны раніцы да дзявятай гадзіны вечара. Акрамя гэтага, праект прадугледжвае стварэньне адасобленых падразьдзяленьняў унутры крам з асобнымі касамі.

Магчымыя захады з боку кіраўніцтва дзяржавы напалохалі гандляроў. Яны правялі спэцыяльную прэсавую канфэрэнцыю, дзе казалі пра нэгатыўныя для рынку наступствы такога рашэньня. Можна канстатаваць — найбуйнейшыя розьнічныя сеткі катэгарычна выступаюць супраць указу.

найбуйнейшыя розьнічныя сеткі катэгарычна выступаюць супраць указу

Гандляроў лёгка зразумець. Напрыклад, у сетцы крамаў «Эўраопт» алькаголь прысутнічае аж у 40% чэкаў. І калі ўказ будзе прыняты, то гэта адназначна прывядзе да далейшага скарачэньня тавараабароту. Гандляры заяўляюць, што крамам з плошчай менш за 300 квадратных мэтраў будзе нерэальна выканаць патрабаваньне аб асобных касах. Кампэнсаваць страты, зьвязаныя з рэалізацыяй падрыхтаванага праекту, яны ня змогуць інакш, як падвышэньнем цэнаў на алькаголь.

Я ня буду распавядаць падрабязна пра барацьбу з алькаголем, якая вядзецца з савецкіх часоў. Спынюся толькі на апошніх падзеях. Так, Міністэрства ўнутраных спраў летась і сёлета прапаноўвала ўвесьці забарону на продаж алькаголю з 22.00 да 9.00. Гэтую ініцыятыву ў міністэрстве тлумачылі так:

«Людзям не хапае сьпіртнога, і яны ідуць у начную краму, а потым іх цягне на прыгоды. Абмежаваньне продажу алькаголю ўначы садзейнічала б зьніжэньню колькасьці злачынстваў».

У 2015 годзе ў Менску ўжо ўводзілася забарона на продаж алькагольных напояў з 22-й да 9-й гадзіны. Правіла дзейнічала з 15 чэрвеня і ня тычылася прадпрыемстваў грамадзкага харчаваньня. Але літаральна празь месяц Аляксандар Лукашэнка правёў нараду, на якой скрытыкаваў дзеяньні ўраду па абароне ўнутранага рынку алькагольнай прадукцыі. А з 25 жніўня забарона на продаж алькаголю была зьнятая. Такім чынам, барацьбу двух міністэрстваў — унутраных спраў і гандлю — выйгралі гандляры.

Акцызы на алькаголь будуць і надалей падвышацца, а значыць, цана яго павялічыцца

Колькі беларусаў цярпіць ад злоўжываньня алькаголем, дакладна сказаць цяжка. У заяве Генэральнай пракуратуры я сустрэў такі выраз: «200 тысяч беларусаў вядуць асацыяльны лад жыцьця з прычыны праблем з алькаголем. Праблема алькагольнай залежнасьці зьяўляецца для беларускага грамадзтва вельмі істотнай». Думаю, што гэтая лічба заніжаная, бо летась у штогадовай справаздачы Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя Беларусь апынулася ўвогуле на першым месцы ў сьвеце па спажываньні алькаголю. Прадстаўнікі беларускага Міністэрства аховы здароўя нават езьдзілі ў штаб-кватэру Сусьветнай арганізацыі здароўя даводзіць, што гэта не зусім так.

Мабыць, зыходзячы з гэтай трывожнай сытуацыі, у Беларусі сёлета распрацавалі адмысловую праграму па прадухіленьні і пераадоленьні п’янства да 2020 году. Асноўныя пункты гэтай праграмы: абмежаваньні па ўзросьце продажу алькаголю, па месцах і часе. Напрыклад, дакумэнтам прадугледжаная забарона на продаж сьпіртнога ў паркава-культурных зонах. Разглядаецца магчымасьць зьніжэньня колькасьці гандлёвых пунктаў, у якіх прадаецца алькаголь, а таксама звужэньня часу продажу. Акцызы на алькаголь будуць і надалей падвышацца, а значыць, цана яго павялічыцца.

Яшчэ адзін кірунак — гэта рэкляма і агітацыя за здаровы лад жыцьця. Заяўлена, што рэкляма алькаголю і надалей будзе абмяжоўвацца.

Тое, што прапаноўваецца ў праекце прэзыдэнцкага ўказу, уваходзіць у нацыянальную праграму. Але ў грамадзтве існуе, так бы мовіць, альтэрнатыўная думка — маўляў, з алькаголем змагацца бессэнсоўна, бо гэта гістарычная нацыянальная традыцыя. А якое ваша меркаваньне, калегі?

Ільяш: Каб адказаць на пытаньне, ці будзе эфэктыўнай забарона на продаж алькаголю ў начны час, мы павінны адказаць на пытаньне, што мы маем на ўвазе, кажучы пра гэтую самую эфэктыўнасьць.

Калі казаць пра эфэктыўнасьць у сэнсе выкананьня гэтага рашэньня, у сэнсе тэхнічным і адміністратыўным, то — так, забарона будзе эфэктыўнай. У адрозьненьне ад аналягічных забаронаў, напрыклад, у Расеі, дзе застаецца шмат агульнавядомых паўлегальных магчымасьцей набыць алькаголь у абыход забароны, у Беларусі, пэўна, гэтая забарона будзе рэальна выконвацца.

Калі казаць у сэнсе барацьбы з алькагалізмам, з узроўнем спажываньня алькаголю, то відавочна, што гэта ня будзе эфэктыўным рашэньнем. Барацьба з алькагалізмам — гэта комплексны працэс, і абмежаваньнем продажу алькаголю ў начны час праблемы ня вырашыць. Як мінімум, для пачатку адначасова трэба істотна павышаць цэны на алькаголь, у тым ліку ў рэстаранах і кафэ. Але відавочна, што да вялікай антыалькагольнай кампаніі ўлады не гатовыя — яны цудоўна разумеюць, наколькі непапулярныя сярод насельніцтва любыя забароны ў гэтай сфэры. Тут зноў згадваецца, як увялі забарону на продаж алькаголю ў начны час, а потым адмянілі тую забарону якраз напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году і адначасова зьнізілі цэны на алькаголь у рэстаранах і кафэ.

да вялікай антыалькагольнай кампаніі ўлады не гатовыя — яны цудоўна разумеюць, наколькі непапулярныя сярод насельніцтва любыя забароны ў гэтай сфэры

Калі мы разглядаем пытаньне эфэктыўнасьці ў сэнсе паляпшэньня крымінагеннай сытуацыі, — а да гэтага, як мяркуе МУС, маюць прывесьці абмежаваньні на час продажу алькаголю, — то так, я думаю, што часткова гэта будзе эфэктыўна. Шмат кажуць і прадстаўнікі праваахоўных органаў, і проста экспэрты, што гэта можа паўплываць на крымінагенную сытуацыю. Наколькі вялікі ўзровень эфэктыўнасьці тут будзе — сказаць цяжка, тут трэба ўсё ж меркаваньне экспэртаў у гэтай галіне.

трэба пачынаць з таго, каб зрабіць даступнымі па цэнах добрыя вінаградныя віны, а цану на моцныя напоі падняць да эўрапейскага ўзроўню

Карбалевіч: Гісторыя змаганьня з алькагалізацыяй насельніцтва кажа, што такія захады мелі як станоўчы, так і адмоўны эфэкт. У ЗША з 1920 па 1933 год дзейнічаў «сухі закон», які быў нават замацаваны адпаведным артыкулам Канстытуцыі. Але ўвесь час яго існаваньня ў амэрыканскім грамадзтве ішлі актыўныя дыскусіі. З аднаго боку, спажываньне алькаголю скарацілася ўдвая. Але, зь іншага боку, узьнікла мафія, якая займалася нелегальнай вытворчасьцю і продажам алькагольных напояў.

Усім памятны савецкі досьвед змаганьня з пʼянствам у часы гарбачоўскай перабудовы. Ён запомніўся вялізнымі чэргамі па гарэлку, дзе людзі сварыліся, біліся, трацілі чалавечае аблічча. Вядомы досьвед барацьбы за здаровы лад жыцьця ў краінах Скандынавіі. Гэта вялікія цэны на алькаголь, абмежаваньні на магчымасьць набываць сьпіртовыя напоі.

Што тычыцца цяперашніх захадаў беларускіх уладаў. Зразумела, трэба нешта рабіць з пʼянствам. Бо гэта стала цяжкай грамадзкай праблемай. Але, мне падаецца, улады пачынаюць не з таго канца. Ня ведаю, ці абмежаваньні па часе продажу алькаголю моцна паўплываюць на яго спажываньне. Як на мой погляд, трэба пачынаць з таго, каб зрабіць даступнымі па цэнах добрыя вінаградныя віны, а цану на моцныя напоі падняць да эўрапейскага ўзроўню. Думаю, гэта было б больш эфэктыўным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG