Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таксісты Горадні супраць новага спосабу кантролю за таксомэтрамі


Гарадзенскі таксіст Сяргей Верамеенка, сябра партыі БХД

Гарадзенскі таксіст Сяргей Верамеенка, сябра партыі БХД

У Горадні таксісты распачалі збор подпісаў супраць увядзеньня новага кантрольнага чыпа на таксомэтры. Яны кажуць, што новаўвядзеньне дублюе сыстэму, якая ўжо існуе, а выдаткі на гэта празьмерна вялікія. У падатковай інспэкцыі з гэтым не пагаджаюцца.

З дапамогай чыпаў кантрольныя органы змогуць адсочваць у рэжыме анлайн усе перамяшчэньні таксоўкі, а тым самым кантраляваць выручку таксістаў.

Гарадзенскі таксіст Сяргей Верамеенка, актывіст партыі БХД, якая і распачала збор подпісаў у Горадні супраць устаноўкі новага кантрольнага чыпа, тлумачыць Свабодзе, што новаўвядзеньне не зусім зразумелае — бо дзяржава праводзіць яго за грошы таксістаў. Маўляў, закладны кошт чыпа — паўтара мільёна, 80 тысяч трэба аддаць за ўстаноўку, і 75 тысяч — штомесячныя выплаты.

— Паводле пастановы Савету міністраў чып ставіцца нібыта «ў сувязі з вытворчай неабходнасьцю». Але калі ў дзяржаўных органаў ёсьць такая неабходнасьць, то няхай яны яе і аплочваюць. Справа ў тым, што ў нас на таксоўках стаіць падобная сыстэма, толькі што працуе не ў анлайн-рэжыме, а ўсе праплаты можна зафіксаваць напрыканцы месяца. Я разумею, што новаўвядзеньне больш сучаснае, але сёньня мы ня маем на гэта сродкаў, гэта разарае большасьць таксістаў.

Яшчэ адзін прыватны таксіст, спадар Аляксей дадае: пакуль у таксомэтар ставіцца чып, таксоўка ня зможа выяжджаць на лінію, бо ў прадпрыемства, якое абслугоўвае касавыя апараты, няма падменнага фонду. А гэта ад двух тыдняў да месяца, перавозчыку — прамыя страты.

— Мы сёньня і так большасьць часу прастойваем у чаканьні кліентаў, а тут яшчэ давядзецца наагул не выяжджаць з гаража. Апошнім часам не даеш рады зарабіць на гэтыя падаткі. Я ўчора за дзесяць гадзін працы меў толькі адзін заказ на 33 тысячы, і ўсё... А яшчэ калі, ня дай Божа, машына сапсуецца, то і на хлеб нічога не застаецца. Няхай бы дзяржава падумала пра тое, што ўсе мы ў крызісе, і падобнае новаўвядзеньне правяла б у больш спрыяльны час.

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч надалей працуе ў прыватнай фірме таксі ў Ваўкавыску. Адносна новаўвядзеньня ён кажа, што, вядома, дзяржаве зручна анлайн глядзець, як працуе фірма. Але, паводле яго, дзяржава ня хоча паглядзець на ўсё рэальна — у людзей няма грошай на новаўвядзеньні.

Мікалай Аўтуховіч працуе ў ваўкавыскай прыватнай фірме таксі

Мікалай Аўтуховіч працуе ў ваўкавыскай прыватнай фірме таксі

— За час маёй працы з 2002 году мы ўжо вымушаныя зьмяняць трэці таксомэтар, і гэта ўсё кладзецца на плечы самога прадпрымальніка. А навошта гэта прадпрымальніку? Сёньня людзі ўжо ня могуць плаціць грошы за таксі, няма прыбыткаў у фірмах. У Ваўкавыску наша фірма, якая напрацавала найбольш заказаў, цяпер ня ведае, як разьлічыцца з падаткамі і яшчэ заплаціць заробкі. Такая эканамічная сытуацыя ў краіне, і хто гэтага не разумее? Проста людзей выпіхваюць працаваць нелегальна, бо заплаціць падаткі многія ўжо ня ў стане.

Намесьнік начальніка Гарадзенскай абласной падатковай інспэкцыі Сяргей Касьпераў адносна ўсталяваньня сродку кантролю касавага абсталяваньня на аўтамабілях-таксі кажа, што падобная сыстэма ўсталявана ўжо на ўсіх гандлёвых аўтаматах, на заправачных станцыях, і вось паступова пераходзяць да аўтамабіляў-таксі.

— Так, цяпер у таксомэтры таксама можна прагледзець выручку за пэўны пэрыяд. Але атрымліваецца, што падатковаму інспэктару трэба бегаць да кожнага таксіста і глядзець дадзеныя таксомэтра. А так — уявіце, што ў новай сыстэме інфармацыя ў анлайн-рэжыме паступае ў цэнтар апрацоўкі дадзеных. Я разумею, што прадпрымальнікам трэба ўносіць закладны кошт. Але, зь іншага боку, калі нам па правілах дарожнага руху неабходна мець вогнетушыцель у сваім аўта, то супрацоўнік ДАІ нам яго не купляе, і гэта нават не абмяркоўваецца. Так што паступова ўсё будзе зьмяняцца, і ніхто ўжо ня будзе весьці кнігу, у якой запісваецца, колькі прынята грошай за дзень, а ўсё будзе відаць у анлайн-рэжыме. Дарэчы, падобныя сыстэмы дзейнічаюць ва ўсіх разьвітых краінах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG