Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяну Севярынец апыталі ў пракуратуры наконт «расьпісак за Лукашэнку»


Тацяна Севярынец

Тацяна Севярынец

Каардынатарку аргкамітэту па стварэньні партыі БХД выклікалі ў абласную пракуратуру, каб узяць тлумачэньні пра яе аповед, працытаваны на сайце bchd.info.

Актывістка апавяла, што жыхары Віцебску казалі ёй, нібыта ў бацькоў, чые дзеці вучацца ў сярэдняй школе № 38, бралі расьпіскі, што яны прагаласуюць на прэзыдэнцкіх выбарах за Аляксандра Лукашэнку. Пасьля таго як інфармацыя трапіла на сайт, яе перадрукавалі іншыя СМІ, і на нейкім з інтэрнэт-рэсурсаў артыкул убачылі работнікі Першамайскага раённага аддзелу адукацыі.

Яны, у сваю чаргу, зьвярнуліся ў абласную выбарчую камісію, апытаўшы перад тым дырэктараў школ № 38 і № 12 — у гэтай школе, паводле зьвестак Тацяны Севярынец, прысутных на бацькоўскім сходзе папярэджвалі, каб яны абавязкова прыходзілі на выбары і галасавалі за Аляксандра Лукашэнку.

Паводле спадарыні Тацяны, абласная выбарчая камісія зьвярнулася ў міліцыю ды пракуратуру, каб правесьці праверку гэтых фактаў. Пра гэта ёй паведаміў старшыня камісіі Дзьмітрый Хома, кажа актывістка:

«Цяпер мяне выклікалі ў Віцебскую абласную пракуратуру, дзе мяне апытвала пракурор Марына Запрудзкая. Яе цікавіў адрас — дзе жывуць людзі, якія мне распавялі пра гэтыя факты. Але я дакладна сказаць гэтага не магу, бо ня памятаю. Мы з актывістамі займаліся тады іншай справай — зьбіралі подпісы ў межах кампаніі змаганьня за якаснае мэдычнае абслугоўваньне ў Віцебску. Вось тады адна жанчына мне і распавяла пра „расьпіскі за Лукашэнку“ ў школе № 38. Я зьдзівілася, шмат разоў перапытала, але суразмоўніца стаяла на сваім. А потым я ўжо сьвядома пачала зьвяртаць увагу на такія факты, бо людзі пра выбары цяпер гавораць шмат. Так даведалася і пра тое, што ў 12-й школе бацькам казалі на сходзе пра неабходнасьць галасаваць за Лукашэнку. З гэтымі фактамі я і сама хацела ісьці ў пракуратуру, бо мне людзі казалі пра такое яшчэ 8–9 верасьня — яшчэ нават да рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнцкія выбары».

Што будзе далей, Тацяна Севярынец ня ведае. Якая праверка праводзіцца ў згаданых школах, ёй не сказалі. Аднак яна спадзяецца, што захады пракуратуры стрымаюць іншых кіраўнікоў навучальных установаў ад незаконных дзеяньняў. І гэта было б карысна, бо ў аргкамітэт па стварэньні партыі БХД даходзяць зьвесткі ад актывістаў пра падобныя парушэньні выбарчага заканадаўства — прыкладам, з Полацку, дзе студэнтам тамтэйшага ўнівэрсытэту пагражаюць вымовамі за няяўку на выбарчыя ўчасткі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG