Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады Беларусі адмовілі ў транзыце газу для Ўкраіны


Судна-сховішча для тэрміналу звадкаванага газу ў порце Клайпеды
Судна-сховішча для тэрміналу звадкаванага газу ў порце Клайпеды

Беларусь не дае згоды, каб празь яе газавую сыстэму кампанія Klaipedos nafta ажыцьцяўляла транзыт газу са свайго тэрміналу звадкаванага прыроднага газу ва Ўкраіну.

«Зацікаўленасьць з нашага і ўкраінскага боку ёсьць, магчымасьці для супрацоўніцтва ёсьць, але ад беларускага боку мы атрымалі адмову. Будзем прыкладаць усе намаганьні, каб можна было пастаўляць звадкаваны прыродны газ ва Ўкраіну, якая, са свайго боку, таксама шукае пункты супрацоўніцтва зь Беларусьсю», — сказала агенцтву BNS прэс-аташэ кампаніі Klaipedos nafta Індрэ Мілінене.

Можна было б пастаўляць прыкладна 1 млрд кубоў у год — з Клайпедзкага тэрміналу ў Беларусь, а адтуль ва Ўкраіну.

Міністар энэргетыкі Літвы Рокас Масюліс у сярэдзіне красавіка казаў, што пасьля пракладкі газаправоду Польшча — Літва можна будзе пастаўляць газ і ва Ўкраіну.

Міністэрства энэргетыкі Літвы распрацоўвае зьмены ў закон аб тэрмінале звадкаванага прыроднага газу, якія дазволяць перапрадаваць імпартаваны ў Statoil газ не з тэрміналу, а калі ён яшчэ ў моры.

У ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» БелаПАНу гэтую інфармацыю не пракамэнтавалі.

Эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак сказала карэспандэнту Свабоды, што, каб паставіць звадкаваны газ у Беларусь, патрэбная труба.

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

«Як Літва можа пастаўляць гэты газ празь Беларусь ва Ўкраіну, калі для гэтага трэба пабудаваць асобную трубу? Такой трубы пакуль няма.

У 2010 годзе, калі ў нас пагоршыліся адносіны з Расеяй, Беларусь таксама абмяркоўвала магчымасьць будоўлі тэрміналу звадкаванага газу ў Літве і супрацоўніцтва зь літоўскімі кампаніямі. Тады вельмі сур’ёзна гэты праект абмяркоўваўся. Плянавалася, што гэта будуць пастаўкі каля 6–8 мільярдаў кубамэтраў газу ў год. Прыяжджаў літоўскі прэм’ер, сустракаўся з Лукашэнкам, і гэтая тэма абмяркоўвалася.

Але тады ішла размова, што Беларусь будзе будаваць трубу для паставак гэтага газу і спатрэбіцца каля мільярда даляраў. А калі стасункі з Расеяй палепшыліся, калі Беларусь атрымала іншую цану на прыродны газ, гэты праект перастаў быць актуальным для Беларусі.

Таму цяпер у Літвы няма тэхнічных магчымасьцяў пастаўляць газ празь Беларусь ва Ўкраіну.

Але калі пойдзе размова пра тое, каб пракласьці трубу празь Беларусь, то я ня думаю, што беларускі бок будзе адмаўляцца. Выкарыстоўваць свае транзытныя магчымасьці ў інтарэсах любой дзяржавы.

Вядома, тут нейкім чынам закранаюцца інтарэсы Расеі. Вядома ж, Расеі было б непрыемна. Але я ня думаю, што прадметныя перамовы па гэтым пытаньні ўжо вяліся. Ёсьць пытаньне з расейскага боку, што Беларусь будзе дазваляць такія транзыты.

Але сёньня беларускі бок незадаволены тым, што ня поўнасьцю выкарыстоўваюцца магчымасьці былой газатранспартнай сыстэмы, якая цяпер ужо належыць „Газпрому“. Наўрад ці ў інтарэсах беларускага боку катэгарычна адмовіць Літве і Ўкраіне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG