Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча яшчэ адзін крэдыт ад ЭўрАзЭС


Беларусь накіравала заяўку на атрыманьне новага крэдыту ў Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС, паведамляе Эўразійскі банк разьвіцьця (ЕАБР), які кіруе сродкамі фонду.

Як паведамляе БелаПАН, фінансаваньне беларускі бок хоча атрымаць на падтрымку стабілізацыйнай праграмы ўраду і Нацыянальнага банку Беларусі на 2015–2017 гады. У сувязі з гэтым каманда экспэртаў ЭАБР на чале з дырэктарам праектнай групы Антыкрызіснага фонду Алішэрам Мирзоевым правяла ў Менску ў трэцяй дэкадзе сакавіка кансультацыі.

«У ходзе візыту экспэрты ЭАБР сустрэліся зь першым намесьнікам прэм’ер-міністра Васілём Мацюшэўскім, старшынёй праўленьня Нацыянальнага банку Паўлам Калаўрам, першым намесьнікам міністра фінансаў Максімам Ермаловічам, а таксама з прадстаўнікамі міжнародных фінансавых інстытутаў і дасьледчых супольнасьцяў», — гаворыцца ў паведамленьні Эўразійскага банку разьвіцьця.

Па выніках сустрэч зь беларускімі ўладамі была дасягнута дамоўленасьць працягнуць падрыхтоўку праграмы макраэканамічнай стабілізацыі і структурных рэформаў, якая магла б быць падтрымана фінансавым крэдытам Антыкрызіснага фонду, паведамляе ЭАБР.

На думку экспэртаў банку, скарачэньне зьнешняга попыту на беларускую прадукцыю зрабіла істотны нэгатыўны ўплыў на беларускую эканоміку, і ВУП Беларусі па выніках 2015 году скароціцца ня менш як на 2%, а інфляцыя складзе 18–20%.

«Скарачэньне падатковых і мытных збораў, выкліканае зьніжэньнем коштаў нафты і эканамічнай актыўнасьці ў Беларусі і краінах Эўразійскага эканамічнага саюзу, можа павялічыць патрэбы бюджэту і плацежнага балянсу Беларусі ў дадатковым фінансаваньні», — лічаць экспэрты ЭАБР.

Разам з захадамі макраэканамічнай стабілізацыі ЭАБР рэкамэндуе Беларусі правесьці структурныя рэформы ў эканоміцы.

«Дасягненьне ўстойлівых тэмпаў эканамічнага росту ў краіне ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве будзе магчыма толькі пры ўмове правядзеньня рашучых структурных рэформаў праз адначасовую лібэралізацыю цэнаў і рынкаў і далейшую аптымізацыю ролі дзяржавы ў эканоміцы», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні ЭАБР, які кіруе сродкамі АКФ.

У 2011–2013 гадах паміж Беларусьсю і Антыкрызісным фондам ЭўрАзЭС дзейнічала крэдытная праграма, у рамках якой беларускаму боку павінен быў быць выдзелены фінансавы крэдыт у 3 млрд даляраў. Меркавалася, што крэдыт будзе выдзяляцца шасьцю траншамі на працягу 2011–2013 гадоў у адпаведнасьці з выкананьнем этапаў крэдытнай праграмы беларускім урадам.

Аднак шосты транш (440 млн даляраў) Беларусь так і не атрымала. У канцы сьнежня 2013 году рада АКФ прыняла рашэньне адкласьці выдзяленьне Беларусі шостага траншу ў сувязі з невыкананьнем беларускім бокам 10 паказчыкаў крэдытнай праграмы. Пасьля гэтага пытаньне аб выдзяленьні Беларусі шостага траншу крэдыту так і не ўрэгулявалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG