Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская студэнтка зарабляла на вучобу ў ЗША, прыбіраючы дамы, а праз год мае стаць прафэсарам


Тацяна Кулакевіч

Тацяна Кулакевіч

Дзесяць гадоў таму Тацяна Кулакевіч кінула менскі пэдунівэрсытэт і прыляцела ў ЗША, маючы ў кішэні ўсяго 300 даляраў. Сёньня яна навукоўца і яе слухаюць амэрыканскія палітыкі.

Як зарабіць на вучобу ў амэрыканскім унівэры, прыбіраючы дамы, чаму хлебазавод — найлепшы матыватар, а таксама навошта ёй пасада міністра адукацыі, беларуска ў ЗША Тацяна Кулакевіч распавядае ў інтэрвію Радыё Свабода.

Прыехала ў Амэрыку з 300 далярамі і не прапала

— Таня, ты была пасьпяховай студэнткай, добра вучылася ў Беларусі, ішла на чырвоны дыплём. І раптам ты ўсё кідаеш і пасьля 3 курсу зьяжджаеш у Амэрыку. Навошта?

— Захацелася нечага вялікага (сьмяецца). Насамрэч я сапраўды заўсёды хацела атрымаць найлепшую адукацыю ў сьвеце — а я лічу, што амэрыканская менавіта такая, — а таксама дасягнуць нечага ў адукацыйнай сфэры. Таму прайшла гутарку ў амэрыканскай амбасадзе — гэта быў 2004 год. Атрымала студэнцкую візу, набыла квіткі на самалёт і паляцела ў ЗША.

— А ў ЗША, як вядома, толькі і чакалі беларускую студэнтку пэдунівэра. Адразу пайшла вучыцца?

— Спачатку я мусіла здаць TOEFL — іспыт на веданьне мовы для тых, хто не навучаўся па-ангельску. Пасьля паступіла ва ўнівэрсытэт Райдэр у Нью-Джэрзі. Зь цяжкасьцю, але перанесла большасьць адзнакаў зь беларускага ўнівэрсытэту — на шчасьце, мне пайшлі насустрач. Таму што ў ЗША вельмі дорага вучыцца ўсе чатыры гады бакаляўрэату. У выніку пасьля пераносу адзнак у мяне застаўся толькі адзін год навучаньня. Паколькі адзнакі ў Беларусі ў мяне былі вельмі высокія, то амэрыканскі ўнівэрсытэт даў мне дапамогу за высокі бал — я мусіла заплаціць удвая ці ўтрая менш за навучаньне.

— Бацькі дапамаглі аплаціць рэшту?

— Бацькі працуюць на простых працах, яны мне не дапамагалі. Я прыехала ў ЗША з 300 далярамі ў кішэні. Сама плаціла за ўсё — за вучобу, пакой, ежу. Дзеля гэтага працавала на хаўскіпінгу, то бок прыбірала. Праца была вельмі цяжкая, трэба было ўставаць а пятай раніцы, сядаць у машыну і да восьмай працаваць. І так штодня, каб зарабіць на вучобу. Памятаю, быў такі момант, што я вярталася з працы — падняла галаву і ўбачыла вясну. Зіма прайшла, а я гэтага нават не заўважыла, бо столькі працавала.

— Чаму ты ня кінула ўсё гэта і не вярнулася ў Беларусь, дзе спакойна магла б паступіць у асьпірантуру?

— Маці мне казала: «Ты заўсёды можаш вярнуцца дадому, будзеш працаваць на хлебазаводзе». Ну і ўсё, для мяне гэты хлебазавод быў найлепшым матыватарам. Я разумела, што прыбіраць дамы — гэта не назаўсёды. Пералом здарыўся, калі я паступіла ў магістратуру ў Нью-Ёрскі ўнівэрсытэт на Мангэтане. Пачала працаваць у Amnesty International, займалася фандрэйзінгам, то бок пошукам донараў, якія выпісваюць вялізныя чэкі (сьмяецца). Таксама перакладала з ангельскай на беларускую і расейскую для міграцыйных офісаў.

— Нью-Ёрскі ўнівэрсытэт высока цэняць. Пасьля магістратуры не было прапановаў працы?

— Вядома, я магла пайсьці і ў Аб’яднаныя Нацыі працаваць, як некаторыя мае аднакурсьнікі. Але я мела мэту і ішла да яе. Таму пайшла ў асьпірантуру ў іншы ўнівэрсытэт у Нью-Джэрсі — Ратгерс. Мая першая галоўная спэцыяльнасьць — параўнальная палітыка, а другая — міжнародныя адносіны. Некалькі месяцаў таму я стала кандыдатам на атрыманьне ступені PhD.

— Калі станеш прафэсарам?

— Спадзяюся, што праз год, бо ведаю тэму сваёй доктарскай дысэртацыі і ўжо працую над ёй. Я цікаўлюся імігрантамі і іх уплывам на глябальныя інвэстыцыі.

«Я ня супраць стаць міністрам адукацыі ў Беларусі»

— Што можаш сказаць пра сыстэму адукацыі ў Беларусі і ЗША?

— Калі я вучылася ў Беларусі, выкладчыкі часта чыталі лекцыі з паперкі. Тут такога няма: выкладчыкі з табой размаўляюць, і ты вучысься ў гэтых дыскусіях. Таксама тут цябе не закідваюць такім аб’ёмам інфармацыі, што да іспыту вывучыў, здаў, а пасьля забыў. Аўтарытэт прафэсара тут, вядома, высокі, але тут прасьцей да яго падысьці, паразмаўляць, няма гэтай дыстанцыі. Я мноства разоў была ўдома ў сваіх прафэсараў, ведаю іхнія сем’і. Гэты кантакт і даступнасьць выкладчыкаў для студэнтаў таксама важныя. Адзнака за сэмэстар тут дзеліцца на адсоткі — за актыўнасьць падчас заняткаў, прэзэнтацыі, і ты ўвесь час маеш на яе ўплыў. Зноў жа, гэта ня проста здача завучанага іспыту. Таму я лічу, што амэрыканскі тып адукацыі больш эфэктыўны. А паколькі я ведаю плюсы і мінусы адукацыі ў абедзьвюх краінах і ведаю, што варта зьмяніць, я б магла стаць міністрам адукацыі ў Беларусі (сьмяецца).

— Усё кінеш і вернесься ў Беларусь?

— Вядома, я люблю сваю краіну і хачу туды вярнуцца, мне там камфортна. Але толькі тады, калі будзе магчымасьць нешта зьмяніць, калі мяне будуць слухаць. Не хачу пачуць: «Прыехала з гэтай Амэрыкі, ня трэба нам тут гэтыя вашы дэмакратычныя ўплывы».

— І калі такое стане магчыма?

— Калі стану прафэсарам, не раней.

«Ва ўнівэрсытэце мяне называюць «Міс Беларусь»

— Ты выступаеш на канфэрэнцыях у ЗША і распавядаеш пра Беларусь, пішаш пра Беларусь у ангельскамоўныя часопісы. Застаецца час на беларускую дзейнасьць?

— Вядома, я ня толькі вучуся. Я сузаснавальніца Згуртаваньня Беларускай Моладзі ў Амэрыцы. Мы кантактуем з палітыкамі, акадэмікамі, актывістамі, студэнтамі, якія цікавяцца Беларусьсю, абмяркоўваем зь імі эканамічную, палітычную, культурную сытуацыю ў краіне. Нядаўна выступала на канфэрэнцыі ў Калюмбійскім унівэрсытэце разам з Дэвідам Марплзам. Таму — так, стараюся размаўляць, інфармаваць, пісаць. Сябры ва ўнівэрсытэце называюць мяне «Міс Беларусь», таму што ведаюць, што калі раблю прэзэнтацыю, то абавязкова нешта будзе пра Беларусь. Цяпер пішу з маёй знаёмай пра партыі ў Беларусі. Гэта будзе частка кнігі, прысьвечанай палітычным партыям у Эўропе.

— Ці ёсьць у ЗША попыт на беларускую тэматыку?

У Амэрыцы лічаць, што нічога страшнага ў Беларусі цяпер не адбываецца, таму нашто ім лезьці?

— З аднаго боку, увага цяпер больш перамясьцілася на Ўкраіну, але, зь іншага, — парадаксальным чынам у ЗША сталі больш цікавіцца і Беларусьсю, асабліва ў сувязі зь менскімі перамовамі. Цяпер амэрыканцы глядзяць на Беларусь і яе кіраўніка больш спрыяльна, таму што Лукашэнка даў пляцоўку для мірных перамоваў. Вядома, кожная краіна будзе імкнуцца да свайго дабрабыту. Таму, калі Лукашэнка дае сыгнал, што хоча пацяпленьня дачыненьняў, то Захад будзе да гэтага імкнуцца. Нават нягледзячы на тое, што час паказаў, што сэнсу ў гэтым няма.

— То бок дэмакратыя — ня мэта ў Беларусі?

— Шмат пішуць, што для Амэрыкі важная дэмакратыя. Але рэчаіснасьць такая, што калі гэта не закранае інтарэсаў ЗША, не стварае для іх пагрозы ці не вымагае нейкай рэакцыі, то беларускую стабільнасьць тут успрымаюць як адлігу ад дыктатуры. У Амэрыцы лічаць, што нічога страшнага ў Беларусі цяпер не адбываецца, таму нашто ім лезьці? І гэта нармальна для краіны, якая ня мае ніякай зацікаўленасьці, асабліва эканамічнай, у Беларусі. Усё можа зьмяніцца, калі Лукашэнка зноў кагосьці пасадзіць у турму — тады зноў, магчыма, будзе асуджэньне ці нават санкцыі.

«Я думала, што Амэрыка — гэта такая краіна цудаў»

— Якія былі ўражаньні, калі ты прыехала?

— Я прыехала ў Трэнтан у Нью-Джэрзі, там жывуць палякі-імігранты. Спачатку быў шок, бо пасьля Менску трапіла ў вёску, зь якой хацелася ўцячы. Там можна было нават і па-ангельску не размаўляць, калі ня хочаш чагосьці дасягнуць большага за тое, што маеш. Я там нікога ня ведала, мне ў 21 год падавалася, што Амэрыка — гэта нейкая краіна цудаў, што грошы тут на дрэвах растуць, што тут усё лёгка і ўсе вакол толькі і жадаюць дапамагчы. А тут трэба хадзіць, прасіць, а не сядзець на месцы і чакаць, што нешта табе зь неба ўпадзе.

— То бок праца тут зь неба ня падае?

— Гледзячы якая. Па восем даляраў на гадзіну — знайсьці без праблемаў. Лепшую працу знайсьці складаней, але ўсё магчыма. Галоўнае — ведаць мову. Але гэта таксама можа быць па-рознаму. Я выкладаю ва ўнівэрсытэце статыстыку, і часам у мяне чуваць акцэнт. Студэнтам гэта не перашкаджае, бо галоўнае — добра ведаць свой матэрыял і ўмець яго патлумачыць. Адзін мой знаёмы прафэсар прыехаў з Альбаніі, гаворыць з акцэнтам і да таго ж не зьмяняе тэмпэратуру з градусаў Цэльсія на Фарэнгейта. Але ён кіраўнік цэлай магістарскай праграмы ва ўнівэрсытэце.

— Ці шмат тут беларусаў, якія атрымалі тытул прафэсара?

— Вядома, тым, хто тут ад нараджэньня ці хаця б скончыў амэрыканскую школу, нашмат прасьцей паступіць у прэстыжны ўнівэрсытэт і працягваць далей адукацыю, бо іх тут да гэтага рыхтуюць. Але такіх беларусаў, якія прыехалі сюды ўжо дарослыя і атрымалі ступень прафэсара — досыць мала. А ў палітычных навуках — і па пальцах можна пералічыць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG