Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч пра дату выбараў: Улады баяцца сапраўднай канкурэнцыі


Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

Навіну аб прапанове правесьці прэзыдэнцкія выбары 11 кастрычніка Свабодзе пракамэнтавала Тацяна Караткевіч, адзін з магчымых кандыдатаў на прэзыдэнта.

— Ці гэта нечакана? Вядома. Бо яны раней казалі, што нібыта няма ніякіх падстаў, каб пераносіць дату выбараў і рабіць іх раней, але зараз усё зьмянілі. Відавочныя два фактары ў такім рашэньні. Першае: калі ўлада прызначае выбары фактычна на лета, гэта значыць, што яна ня хоча, каб грамадзтва актыўна ўдзельнічала ў гэтай кампаніі. І не зьбіраецца слухаць патрэбы беларусаў. І другі фактар — гэта канкурэнцыя. Сёньняшняя ўлада відавочна баіцца сапраўднай палітычнай канкурэнцыі і таму будзе ўсё рабіць у сваіх інтарэсах.

— Як вы мяркуеце, ці паўплывала на гэтае рашэньне сытуацыя ў Расеі?

— Вядома, паўплывала, і тут наўпроставая сувязь з сытуацыяй у Беларусі. Бо ўлады ня могуць утрымаць тую стабільнасьць, пра якую раней казалі. Цяпер яна зьмяншаецца з кожным днём, і таму ўлады вырашылі не цягнуць з выбарамі, а правесьці іх як мага хутчэй.

— Якіх дадатковых высілкаў ад вас запатрабуе такое рашэньне? Што будзеце рабіць неадкладна?

— Я ўжо пачала сваю кампанію. Сёньня была ў Мікашэвічах, зараз вось еду ў Лунінец. Праводжу сустрэчы зь людзьмі, з актывістамі, размаўляю зь імі пра выбары, пра ідэю «Народнага рэфэрэндуму». Я проста вымушана буду рабіць гэта больш актыўна.

— У сувязі з такой сьпешкай ці не зьявіліся ў вас апасеньні, што ня ўдасца сабраць 100 тысяч подпісаў?

— Ды не, такіх думак у мяне няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG