Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Караткевіч: Калі мне давераць, то я гатовая стаць адзіным кандыдатам


Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

Актывістка руху «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч — адна з кандыдатак на абраньне адзіным кандыдатам для прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2015 году. Тацяна Караткевіч паведаміла Свабодзе пра свой магчымы ўдзел у выбарах у якасьці кандыдата на прэзыдэнта.

— Ці праўда тое, што вас вылучылі кандыдатам на ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі і вы ўжо далі сваю згоду?

— Сёньня ідуць перамовы пра тое, каб быў адзіны кандыдат ад «Народнага рэфэрэндуму». І цяпер у гэты сьпіс уваходжу ня толькі я, але і Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Някляеў, Алена Анісім, Рыгор Кастусёў. Гэта сьпіс прэтэндэнтаў, кожны зь якіх можа стаць адзіным кандыдатам ад «Народнага рэфэрэндуму». І самае галоўнае, да чаго мы імкнёмся, — каб здолелі дамовіцца і захаваць наша адзінства, якое дапамагала нам супрацоўнічаць усе гэтыя два гады, і сабраць больш за сто тысяч подпісаў за «Народны рэфэрэндум». Тэхнічна гэта адбываецца так, што лідэры «Народнага рэфэрэндуму» празь перамовы прымаюць такое рашэньне аб адзіным кандыдаце. А чальцамі «Народнага рэфэрэндуму» ёсьць рух «За свабоду», Партыя БНФ, «Гавары праўду» і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Калі мне давераць, то я гатовая стаць адзіным кандыдатам.

— Калі можа быць прынятае такое рашэньне?

— Магчыма, што і хутка, а магчыма, што і крыху зацягнецца гэтае рашэньне, каб усе ўдзельнікі маглі абмеркаваць стратэгію Народнага рэфэрэндуму. Калі гэта можа быць — сказаць не магу. Бо я адказны чалавек і не магу гэткім чынам падводзіць палітычных лідэраў. Але яны працуюць вельмі шчыльна, і цяпер вельмі актыўны пэрыяд гэтых перамоваў.

— Калі гэтым кандыдатам стане іншая асоба, ці гатовыя вы вылучыць сябе, да прыкладу, ад кампаніі «Гавары праўду» ці «Грамады»?

— Я два гады ў «Народным рэфэрэндуме». Наша мэта — адзіны кандыдат, і іншых варыянтаў мы не разглядаем.

Тацяна Караткевіч на выбарчым пікеце ў 2012 годзе

Тацяна Караткевіч на выбарчым пікеце ў 2012 годзе

— У нашым грамадзтве даволі перадузятае стаўленьне да жанчын-лідэраў. Як вам падаецца, ці сапраўды рэальна, што палітыкі выберуць адзіным кандыдатам жанчыну?

— Я лічу, што размова вядзецца не пра тое, хто, а пра тое, як. У нас ёсьць стратэгія «Народнага рэфэрэндуму», якая нагадвае пра пэўныя крокі, якія неабходна зрабіць для дасягненьня мірных пераменаў. І любы кандыдат на прэзыдэнцкія выбары ад «Народнага рэфэрэндуму» будзе прэзэнтаваць сабой ня проста кааліцыю, а сто тысяч чалавек. І ці будзе гэта жанчына, ці мужчына — гэта ўжо ня важна.

— Ці ў вас ёсьць гэтае бачаньне — як?

— Так, вядома. Мы будзем дамагацца правядзеньня народнага рэфэрэндуму. Ён мае прайсьці паводле шасьці асноўных пытаньняў, вырашэньне якіх прывядзе да пераменаў. Гэта пытаньні адукацыі, мэдыцыны і іншыя.

— У грамадзтве і нават сярод палітыкаў пашыраная думка, што мала сэнсу ў палітычных выбарчых кампаніях, бо іх вынікі вядомыя загадзя. Што вы пра гэта скажаце?

— Так, хачу нагадаць, што падчас мінулых выбараў ніводзін з кандыдатаў ад апазыцыі ня выйграў. Але я лічу, што ў кандыдата ад «Народнага рэфэрэндуму» ёсьць больш шанцаў на перамогу.

— Ці не пабаіцеся вы ўдзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдата на прэзыдэнты? Бо раней многія з такіх кандыдатаў станавіліся палітзьняволенымі.

— Я пакуль не кандыдат ад «Народнага рэфэрэндуму». А калі ім стану, то тады адкажу на ваша пытаньне.

Тацяне Караткевіч 38 гадоў. Акрамя «Гавары праўду», яна зьяўляецца сябрам БСДП (Грамада). Выпускніца факультэту псыхалёгіі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту ім. М.Танка. Магістар псыхалёгіі. Працавала выкладчыкам псыхалёгіі ў ВНУ. Загадвала аддзяленьнем сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня Ленінскага раёну Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG