Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зямляк Пэрэса зь Вішнева: Сёма быў шустрым, любіў камандаваць і з намі гаварыў па-беларуску


30 верасьня ў Ізраілі пахавалі былога прэзыдэнта Шымона Пэрэса, які нарадзіўся ў Беларусі, у мястэчку Вішневе на Валожыншчыне, у 1923 годзе.

Будучы прэзыдэнт Ізраілю пражыў у Вішневе 11 гадоў. У 1934 годзе Сара Пэрская павезла Шымона разам з малодшым братам Гіршам да бацькі, былога вішнеўскага жыхара Ісака Пэрскага, які трыма гадамі раней зьехаў у далёкую Палестыну.

Ці памятае хто ў Вішневе Шымона і ўсю сям’ю Пэрскіх? Ці не забылі там вялікую габрэйскую грамаду, самым вядомым прадстаўніком якой аказаўся хлопчык, якога ў Вішневе ўсе звалі Сёмам?

Фотагалерэя:

Вада з калодзежа Пэрскіх

Іван Тамашэвіч і ягоная грамадзянская жонка Ганна Бітэль жывуць у доме, на якім вісіць шыльда з надпісам: «Тут стаяў дом, у якім нарадзіўся прэзыдэнт Ізраілю Шымон Пэрэс». Іван набыў дом 14 гадоў таму за тысячу даляраў і толькі потым даведаўся, як яму пашанцавала. «Больш за тры гады ўжо езьдзяць, глядзяць на дом, у якім ад Пэрэса застаўся толькі фундамэнт з вялікіх камянёў ды калодзеж. Ды і той цяпер выглядае зусім інакш. Толькі што вада тая самая — халодная. Як хто прыяжджае, абавязкова частуем. Вось бярыце кубачак».

Іван Тамашэвіч і Ганна Бітэль
Іван Тамашэвіч і Ганна Бітэль

Вада сьцюдзёная — зводзіць сківіцы. Чаму? Бо калодзеж глыбокі — больш за 10 вянцоў. Каля калодзежа ў двары вялікая пляцоўка, засыпаная жвірам, а побач дарожка з тратуарнай пліткі. Іван кажа, што дакладна ня ведае, на чые грошы ў ягоным двары зрабілі рамонт — райвыканкамаўскія ці амбасады Ізраілю. Але яму і ня важна. Галоўнае, што стала прыгажэй, чысьцей, ёсьць дзе патаптацца замежным гасьцям. А зямлі яму не шкада — агароду хапае.

Ці памятае хто з жыхароў Вішнева ізраільскага прэзыдэнта Шымона Пэрэса? Іван Тамашэвіч з такіх прыгадвае толькі аднаго — былога настаўніка мясцовай школы Ўладзімера Іванавіча Волкава, які жыве праз дарогу, усяго за некалькі дамоў ад хаты Тамашэвіча. Паводле Івана, Волкаў ведаў Шымона Пэрэса яшчэ хлопчыкам, разам хадзілі ў школу. Але цяпер старога няма дома, ён зламаў нагу і ляжыць у шпіталі ў Валожыне. Сустрэчу зь ім мы заплянавалі на вечар, а пакуль паспрабуем знайсьці яшчэ каго-небудзь, хто б ведаў будучага прэзыдэнта Ізраілю хлопчыкам.

Стары фатаздымак сям'і Пэрэсаў. Зьлева направа сядзяць: Шымон, яго бацькі Сара і Іцхак. Зьлева направа стаяць: Соня, брат Шымона Гігі з жонкай Кармэлай
Стары фатаздымак сям'і Пэрэсаў. Зьлева направа сядзяць: Шымон, яго бацькі Сара і Іцхак. Зьлева направа стаяць: Соня, брат Шымона Гігі з жонкай Кармэлай

Гаварыў па-нашаму, па-беларуску

Нам пашанцавала. Побач з Вішневам, амаль усутыч, стаіць вёска Чарневічы. Праз дарогу ў агародзе — нямецкі дот часоў Першай усясьветнай, насупраць — хата, дзе жыве Зянон Браніслававіч Пудакевіч. Старому 90 гадоў, але трымаецца ён яшчэ бадзёра і ў размове лёгка сыпле байкамі ды ўспамінамі пра 30-я гады.

Зянон Пудакевіч
Зянон Пудакевіч

«Так, памятаю таго Шымона. Ён быў старэйшы за мяне на тры гады, але як ў школу пайшлі, дык бачыліся. У футбол ганялі», — згадвае Зянон Браніслававіч. Папраўляем старога, што Пэрэс нібыта хадзіў у габрэйскую школу, а ён жа ў польскую. Але Зянон Пудакевіч стаіць на сваім:

«У габрэйскую школу яны хадзілі асобна, так, але гэта ў першыя клясы, а потым ішлі ў польскую і вучыліся разам з намі. Пэрэс той быў шустры хлопец і вельмі камандаваць любіў. Як у футбол разам гулялі, дык ўсіх ставіў, дзе як трэба гуляць».

Цікаўлюся ў Зянона Пудакевіча, на якой мове яны гаварылі з Шымонам Пэрэсам. У школе, кажа, гаварылі ўсе па-польску, бо там інакш нельга было, можна было «па лапах» лінаркай атрымаць ад настаўніка, але ў мястэчку гаварылі «па-нашаму, па-беларуску».

Ад хаты, у якой нарадзіўся Шымон Пэрэс, на цяперашні момант застаўся толькі падмурак
Ад хаты, у якой нарадзіўся Шымон Пэрэс, на цяперашні момант застаўся толькі падмурак

Больш непасрэдна пра Шымона Пэрэса Зянон Браніслававіч нічога прыгадаць ня змог, а вось пра габрэйскую грамаду ў Вішневе ён яшчэ памятае багата. Пра хірурга-лекара Падзэльвера, які лячыў шмат каго зь мясцовых і ўратаваў яго малога, калі быў праглынуў нейкай атруты. Яшчэ былі габрэі Шымель, Куня і Гейля.

«Бацька пасылаў па газу — наліць у бутлю на вышыню пушкі ад запалак — на большае не хапала грошай».

Помніць Зянон і габрэя, які трымаў мясную краму, яго Ёдкам звалі. «Гэта імя?» — удакладняю. Пудакевіч кажа, што так называлася крама. Дык вось, часам той габрэй прыносіў дзецям трыбухі і раздаваў бясплатна, проста каб паелі. Яшчэ былі такія Падбярэцкі і Мілікоўскі. Апошні зьехаў у Амэрыку, а ў 90-я вяртаўся ў Вішнева, тут бачыліся. А вось што Шымон Пэрэс у канцы 90-х таксама прыяжджаў у Вішнева, Зянон Браніслававіч ня ведаў, інакш бы абавязкова сустрэўся.

Вішнеўскі Галакост

У 1943 годзе ўсіх вішнеўскіх ды іншых, зьвезеных у гета з навакольля, габрэяў фашысты расстралялі. Колькі іх загінула? На старых габрэйскіх могілках на помніку напісана пра 37 расстраляных габрэяў, а на помніку ў цэнтры мястэчка — ажно пра 2 тысячы. Праўда, там напісана пра «савецкіх грамадзянаў», але Зянон Браніслававіч кажа, што большасьць зь іх былі габрэі.

Зянон Пудакевіч
Зянон Пудакевіч

«Там роў быў супрацьтанкавы выкапаны, яміна, туды і скідвалі, як стралялі». Сярод забітых маглі быць дзьве габрэйскія дзеўкі, але ім пашанцавала. «Магчыма, яны выжылі», — кажа Зянон Браніслававіч і распавядае такую гісторыю. Гэтых дзяўчат немцы выкарыстоўвалі ў будаўнічых работах на ўскраіне мястэчка, а калі пачаліся расстрэлы, іх павезьлі ў гета. Але канваіры ці зьлітасьцівіліся, ці недапільнавалі, толькі як прывезьлі габрэек у мястэчка, дык скінулі з вазка, а далей — па сваіх справах. Дзеўкі падхапіліся і пабеглі хавацца. Гэтак забеглі на двор Пудакевічаў. Зянонава маці дала ім хлеба, а ён вывеў дзевак да лесу ды паказаў дарогу, куды бегчы далей, каб ня трапіць да немцаў. Ці ўратаваліся яны ў выніку, ён ня ведае, хоць нехта казаў, што нібыта жылі потым у Варонежы.

«Але спраўдзіць не было як, дакладна не скажу», — прызнаецца Зянон Браніслававіч.

Помста і здабыча

Зянон Браніслававіч падзяліўся яшчэ дзьвюма «габрэйскімі» гісторыямі: адной сьмешнай і адной жудаснай. Першая была пра габрэйскія Кучкі. Калі юдэі ў мястэчку рыхтаваліся да рэлігійнага сьвята, дык будавалі адмысловы дамок для рытуалаў. А мясцовыя дзеці падыходзілі ды казалі будаўніку пад руку: «Памагай Бог!». Паводле ўспамінаў Зянона Браніслававіча, гэта было нейкай абразай для прававернага юдэя, і ён пачынаў злавацца. Крычаў на дзяцей, а потым бурыў пабудаванае, бо так было трэба. А тады пачынаў рабіць усё зноў. І гэтак некалькі разоў, бо дзецям жартаваць вельмі падабалася.

Старыя габрэйскія могілкі зараслі хмызьняком. Ацалелыя надмагільныя камяні
Старыя габрэйскія могілкі зараслі хмызьняком. Ацалелыя надмагільныя камяні

Другая гісторыя тычылася вайны і непасрэдна зьнішчэньня вішнеўскіх габрэяў. Зянон Браніслававіч памятае нават прозьвішча чалавека, які апынуўся ў цэнтры той гісторыі. Яго звалі Каплан, і быў ён чырвоным партызанам. «Насіў чырвоную зорку на шапцы», — удакладніў Пудакевіч, відаць, таму, што былі ў гэтых мясьцінах і іншыя партызаны. Каплан зьявіўся ў мястэчку, калі Чырвоная армія ўжо прагнала немцаў, але іх яшчэ вылоўлівалі па лясах і везьлі на станцыю Багданаў. Аднойчы на грузавіку празь мястэчка чырвонаармейцы везьлі трох нямецкіх палонных, але Каплан машыну спыніў ды сказаў, каб аддалі яму гэтых немцаў для помсты, бо тут яны забілі шмат ягоных сваякоў і братоў па крыві. Байцы немцаў аддалі ды паехалі далей, а Каплан зарэзаў палонных трафэйным нямецкім кінжалам. «Проста на краі супрацьтанкавага рову паставіў — і ззаду, кінжалам». Зянон Браніслававіч кажа, што таксама бачыў, як забівалі тых немцаў — «маладых, высокіх такіх».

Памятная дошка
Памятная дошка

Але і на гэтым тая гісторыя не закончылася. Працягам быў расповед пра чырвонаармейцаў, якія спыніліся ў мястэчку на час, пакуль рамантавалі зламаныя машыны. Яны хутка даведаліся пра забітых немцаў, прыйшлі да рову і зьнялі з іх вопратку ды абутак. А потым прынесьлі гэта мясцовым мяняць на харчы. «Маці спачатку хацела ўзяць рэчы, але я расказаў, як тых немцаў Каплан зарэзаў, дык яна мяняцца адмовілася. Салдаты пайшлі далей і некаму іншаму памянялі рэчы на харчы ды гарэлку. А потым нам жа хваліліся ды дакаралі, што мы не ўзялі, а вунь колькі яны намянялі».

Сьведка, якой за сто гадоў

Асаблівасьць Вішнева — тут усе выдатна і ахвотна размаўляюць па-беларуску. Для нас, менскіх беларускамоўных журналістаў, беларуская мова гучала ў адказ, але мясцовыя жыхары і паміж сабой гавораць чысьцей, чым на звычайнай вясковай трасянцы. Яшчэ людзі тут добра інфармаваныя. У прадуктовай краме прадавачка і наведніца з ахвотай падтрымалі размову пра Шымона Пэрэса: ведалі, хто ён такі ды колькі тут пражыў і што прыяжджаў у Беларусь. А хто яго мог бы ведаць асабіста? Назвалі хворага цяпер Волкава, потым Пудакевіча — і раптам прыгадалі, што ў суседняй вёсцы Галенаве жыве Валянціна Бурачэўская.

Вуліца Савецкая, якая ў часы дзяцінства Шымона Пэрэса была Віленскай. Галоўная вуліца Вішнева
Вуліца Савецкая, якая ў часы дзяцінства Шымона Пэрэса была Віленскай. Галоўная вуліца Вішнева

«Ейнай маці больш за сто гадоў. Яны жывуць разам. Вось хто можа ведаць таго Пэрэса».

Мані Бурачэўскай сапраўды за 100, але дакладней не скажу. Бо Валянціна сказала, што маці 103 гады, а сама Маня сказала, што яна з 1908 году. Ну не глядзець жа ў пашпарт. Але старая бачыць, чуе і яшчэ крыху ходзіць, хоць і з дапамогай адмысловага зэдліка, на які абапіраецца. Сказала, што зэдлік нямецкі, і назвала яго «канём». На маё пытаньне пра Шымона Пэрэса Маня Бурачэўская доўга маўчала і адказала, што габрэяў у мястэчку было шмат, але яна лепш памятае старых, чым маладых. Чаму гэтак, не патлумачыла.

Празь Віленскую вуліцу на Прэзыдэнцкую

Некалькі цікавых дэталяў пра Шымона Пэрэса расказала дырэктарка мясцовай бібліятэкі Алена Жвірко. Яна праводзіць экскурсіі ў пакоі, адведзеным у клюбе пад экспазыцыю пра Шымона Пэрэса. Экспазыцыя даволі сьціплая: ніводнага экспанату, толькі фатаздымкі. Затое арыгінальная назва: «Шлях ад Віленскай вуліцы ў Вішневе на Прэзыдэнцкую вуліцу ў Ерусаліме».

У музэі Пэрэса ў Вішневе
У музэі Пэрэса ў Вішневе

«Віленская вуліца — гэта цяперашняя Савецкая, дзе стаяў дом Пэрскіх», — тлумачыць экскурсантам Алена Жвірко. А сярод экскурсантаў бываюць, аказваецца, ня толькі заежджыя габрэі. Нядаўна цэлы аўтобус прыехаў з Івянца, людзі ехалі з фэсту «Гліняны звон» ды заехалі ў Вішнева, знарок дзеля Пэрэса. Але бываюць госьці і зусім не выпадковыя. Тры гады таму сюды прыяжджала дачка Шымона Цвія: вось яе каляровы здымак у атачэньні чорна-белых фота зь сямейнага архіву Пэрэсаў. У тым ліку там ёсьць здымак сівога габрэя з подпісам «Мінск». Гэта дзед Шымона Пэрэса па лініі маці прозьвішчам Мельцэр. Яго фашысты забілі ў Вішневе разам зь іншымі габрэямі. Чаму ён ня зьехаў да сына ў Палестыну? Пры Польшчы, магчыма, не пасьпеў, а пры Саветах ужо не выпускалі.

«Шымон ганяў на ровары, як мы ўсе»

«Чаму яны паехалі ў Палестыну?» — адказ на гэтае пытаньне Ўладзімер Іванавіч Волкаў, якога мы ўсё ж адведалі ў Валожынскім шпіталі, зьвязвае з прыходам да ўлады ў Нямеччыне Гітлера.

Уладзімер Волкаў
Уладзімер Волкаў

Уладзімер Іванавіч і ёсьць той аднаклясьнік Пэрэса, які дагэтуль жыве ў Вішневе. Паводле Ўладзімера Іванавіча, Ісак Пэрскі ў Палестыне, дзе стаў Пэрэсам, мог прадбачыць небясьпеку, што навісла над габрэямі, і выклікаў сям’ю да сябе. Але дакладна ён ведаць ня можа, з малым Сёмам пра гэта не гаварылі. Яны хадзілі ў адну польскую школу, нават у адну клясу, ды ганялі ў футбол. «Мяч быў скураны, добры, у Польшчы з гэтым быў парадак», — адказвае Ўладзімер Іванавіч на мае сумневы наконт сапраўднасьці мячыка ў тыя часы. Яшчэ Ўладзімер Іванавіч згадаў, што ў Шымона быў ровар, на якім ён ганяў у школу. «Але ровары ў нас тады былі шмат у каго», — дадаў Уладзімер Іванавіч і перайшоў да гістарычных успамінаў. Пра тое, як прыйшлі камуністы і пачаліся арышты, а за імі прыйшлі немцы і пачалася партызанка. Як зноў прыйшлі саветы і зноў былі арышты. Яшчэ пра Шымона Пэрэса Ўладзімер Іванавіч сказаў, што сустракаўся зь ім ў 90-я гады, калі той прыяжджаў у Вішнева.

«Дома ў мяне ёсьць фатаздымкі з Пэрэсам, але безь мяне іх ніхто ня знойдзе, а я пакуль тут. Як папраўлюся, прыяжджайце, пакажу. І яшчэ пра яго раскажу. Добры быў чалавек і вельмі важны».

Мы разьвіталіся па-польску. «До відзэня» — «Добраноц». Уладзімер Іванавіч Волкаў, аказваецца, этнічны паляк. Ну дык і дзіцячы сябар яго Шымон Пэрэс быў калісьці Сямёнам Ісакавічам Пэрскім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG