Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея: Аляксея Навальнага асудзілі на 15 сутак арышту


Цьвярскі раённы суд Масквы арыштаваў заснавальніка Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Аляксея Навальнага на 15 сутак паводле абвінавачваньня ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам паліцыі.

Сам апазыцыянэр заявіў, што не супраціўляўся пры затрыманьні, не знаёмы з матэрыяламі справы і не падпісваў пратакол.

Раней у панядзелак Навальнага аштрафавалі на 20 тысяч рублёў па справе аб арганізацыі акцыі ў цэнтры Масквы. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка апазыцыянэра Кіра Ярмыш.

Адвакат Аляксея Навальнага Вольга Міхайлава назвала абвінавачваньні неправамернымі і патрабавала вызваліць яе падабароннага ў залі суду.

Сам апазыцыянэр папрасіў суд дапытаць кіраўніка ўраду Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева, якога ФБК абвінаваціў у карупцыі і якога Навальны назваў «сапраўдным арганізатарам шэсьця». Судзьдзя адхіліла ўсе хадайніцтвы абароны.

Навальны быў затрыманы напярэдадні ў цэнтры Масквы незадоўга да пачатку няўзгодненай з уладамі антыкарупцыйнай акцыі на Цьвярской вуліцы. У той жа дзень былі затрыманыя супрацоўнікі ФБК, а ў офісе арганізацыі прайшоў ператрус.

У нядзелю пратэстныя мерапрыемствы прайшлі ў дзесятках гарадоў Расеі. У іх удзельнічалі ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх тысяч людзей. У Маскве няўзгодненая акцыя праходзіла ў фармаце шпацыру па Цвярской вуліцы. Паводле розных зьвестак, у ёй узялі ўдзел ад 20 да 8 тысяч чалавек. Больш за тысячу зь іх былі затрыманыя.

Фонд барацьбы з карупцыяй (ФБК) у пачатку сакавіка апублікаваў расьсьледаваньне аб незадэкляраванай нерухомасьці кіраўніка ўраду Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева і яго магчымай датычнасьці да карупцыі. Пасьля таго як ні сам Мядзьведзеў, ні ягоныя прадстаўнікі не адказалі на выстаўленыя абвінавачаньні, Навальны заклікаў правесьці акцыі пратэсту па ўсёй краіне 26 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG