Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарэлку, што рэклямуюць мужчынскім пацалункам, робяць у Шуміліне


Рэкляма беларускай гарэлкі у Бэрліне. Фота: Алексей Фадеенко

Рэкляма беларускай гарэлкі у Бэрліне. Фота: Алексей Фадеенко

Намесьнік дырэктара кампаніі «Славянскі прадукт» з Шуміліна заявіў Свабодзе, што пасьля зьяўленьня новай рэклямы зафіксаваны ўстойлівы рост продажу.

Намесьнік дырэктара шумілінскага прадпрыемства «Славянскі прадукт» Яўген Салдатаў пацьвердзіў Свабодзе, што гарэлку пад брэндам «Partisan» іх прадпрыемства выпускае ўжо каля 6 гадоў.

«Partisan» стала пастаўляецца ў Нямеччыну, але агульны памер паставак намесьнік дырэктара не паведаміў, спаслаўшыся на камэрцыйную тайну. Пра стаўленьне да рэклямы «Partisan-vodka», на якой цалуюцца два мужчыны, Яўген Салдатаў сказаў:

«Зразумейце, гэта ня наш брэнд, гэта брэнд нямецкай кампаніі, мы займаемся толькі вытворчасьцю гэтай гарэлкі. А яны займаюцца рэклямай, прасоўваньнем гэтага прадукту на рынак. Мы да такой рэклямы ставімся нэўтральна, а як яшчэ? Што вам сказаць? Пра сваё стаўленьне да гомасэксуалізму? Пра рэкляму? Рэкляма як рэкляма. Нам яны справаздачы не давалі, мы зрабілі ў адпаведнасьці зь іх замовай. Бутэлька, як і этыкетка — усё зроблена тут, у Беларусі», — паведаміў Яўген Салдатаў.

На сайце прадпрыемства «Славянскі прадукт» гарэлка «Partisan» рэклямуецца пад слоганам «Гарэлка з гісторыяй». На бутэльцы з сайту няма этыкеткі з выявай мужчын, якія замацоўваюць сваё сяброўства пацалункам, толькі назва «Partisan» пад чырвоным коркам.

Не пазначана і цана гэтай гарэлкі. Спадар Салдатаў таксама не назваў цаны, за якую «Partisan» прадаецца ў Нямеччыне, але адзначыў, што назіраецца «добры рост продажу».

XS
SM
MD
LG