Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыяжджае прынц Майкл Кенцкі. Хто гэта?


Прынц Майкл, архищнае фота

Прынц Майкл, архищнае фота

Увечары 10 кастрычніка ў Беларусь мае прыляцець з рабочым візытам стрыечны брат каралевы Альжбеты II прынц Майкл Кенцкі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, заўтра яго можа прыняць Аляксандар Лукашэнка.

Міністэрства замежных спраў Беларусі паведамляе, што ў прынца плянуецца правядзеньне сустрэч зь беларускімі афіцыйнымі асобамі (якімі канкрэтна, не ўдакладняецца), наведваньне Парку высокіх тэхналёгій, а таксама шэрагу гістарычных і культурных аб'ектаў — мэмарыяльнага комплексу «Хатынь», Беларускага дзяржаўнага музэя гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага мастацкага музэю.

Прэс-сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Дзьмітры Мірончык заявіў: візыт будзе садзейнічаць разьвіцьцю двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама пашырэньню культурных сувязяў паміж Беларусьсю і Вялікай Брытаніяй.

«Візыт ангельскага прынца – гэта сьведчаньне той адлігі, якая назіраецца цяпер у дачыненьнях Беларусі з Захадам, у тым ліку і зь Вялікай Брытаніяй, — гаворыць Свабодзе менскі палітоляг Андрэй Фёдараў. — Яшчэ два гады таму такі візыт быў бы немагчымы, хоць прынц ня столькі афіцыйная асоба, колькі тытуляваная і часткова прадстаўнічая. Разам з тым статус неафіцыйнай асобы, я думаю, не дазволіць прынцу прывезьці асабістае запрашэньне Аляксандру Лукашэнку ад каралевы наведаць Вялікабрытанію.

І, зразумела, гэты візыт будзе выкарыстаны афіцыйнымі сродкамі Беларусі для таго, каб падкрэсьліць, якія высокія людзі наведваюць нашу краіну. І праз гэта падмацаваць аўтарытэт Лукашэнкі».

Прынц Майкл Кенцкі займаецца кансалтынгавай дзейнасьцю, бізнэсам і дабрачыннасьцю ў шэрагу краін сьвету. У прыватнасьці, пад яго патранажам рэалізуецца шэраг глябальных некамэрцыйных ініцыятыў у сфэры бясьпекі дарожнага руху — Міжнародны дабрачынны фонд International Road Safety Awards і некамэрцыйная структура RoadSafe, якія ўкараняюць новыя тэхналёгіі будаўніцтва дарожнай інфраструктуры, а таксама бясьпекі пешаходаў і кіроўцаў.

Прынц Майкл Кенцкі (поўнае імя — Майкл Джордж Чарльз Франклін) нарадзіўся 4 ліпеня 1942 году. Ён унук караля Георга V і каралевы Марыі, стрыечны брат каралевы Альжбеты II. Акрамя таго, ён стрыечны пляменьнік апошняга расейскага імпэратара Мікалая II. Прынца назвалі ў гонар вялікага князя Міхаіла Аляксандравіча — малодшага брата Мікалая II і стрыечнага брата абодвух дзядоў і адной з бабак прынца.

Прынц Майкл мае старэйшага брата Эдварда (1935 году нараджэньня) і сястру Аляксандру (1936 году нараджэньня).

Прынц вучыўся ў вайсковай акадэміі Сэндхёрст з 1961-га па 1963 год, служыў у Нямеччыне, Ганконгу і на Кіпры, а таксама ў вайсковай выведцы. Звольніўся з вайсковай службы ў 1981 годзе ў званьні маёра. Ён таксама носіць званьне ганаровага контар-адмірала Каралеўскага ваенна-марскога рэзэрву, ганаровага маршала авіяцыі (эквівалент генэрал-лейтэнанта) вайскова-паветранай базы Бэнсан Каралеўскіх вайскова-паветраных сілаў.

Прынц Майкл Кенцкі фармальна не выконвае каралеўскіх абавязкаў па прадстаўленьні Вялікай Брытаніі ад імя сваёй стрыечнай сястры каралевы Альжбеты II.

XS
SM
MD
LG