Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Полацак-Шкловалакне» не засталося ніводнага чальца Свабоднага прафсаюзу


ААТ «Полацак-Шкловалакно», архіўнае фота
ААТ «Полацак-Шкловалакно», архіўнае фота

Пра гэта падчас разгляду касацыйнай скаргі звольненага прафсаюзнага актывіста Міколы Шараха заявіў у абласным судзе прадстаўнік прадпрыемства Васіль Зацірахін.

Спадар Зацірахін, загадчык аддзелу прававога забесьпячэньня на ААТ «Полацак-Шкловалакно», прыехаў у Віцебск засьведчыць, што Полацкі суд на законных падставах адмовіў актывісту ў аднаўленьні на працы.

У Віцебскім абласным судзе справу намесьніка старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу беларускага Мікалая Шараха прадстаўляла судзьдзя Тацяна Матушайкес. Яна выклала, што кантракт з памочнікам майстра цэху № 7, які мае больш за 30 год стажу на прадпрыемстве і дзьве вышэйшыя адукацыі — профільную і юрыдычную, — ня быў працягнуты празь нядобрасумленнасьць працаўніка. У якасьці праяваў «нядобрасумленнасьці» на судзе ў Полацку называліся тры дробныя парушэньні дысцыпліны, дапушчаныя ў 2012 і 2014 годзе. Самае істотнае зь іх — спазьненьне на працу на 10 хвілін.

Мікола Шарах
Мікола Шарах

Мікалай Шарах імкнуўся давесьці суду, што галоўная прычына яго звальненьня — гэта не змаганьне за працоўную дысцыпліну, а імкненьне пазбавіцца ад Свабоднага прафсаюзу. Дзеля гэтага, незадоўга да сканчэньня кантракту зь Міколам Шарахам, у калектыўную дамову былі ўнесеныя зьмены. Раней чалавека, якому застаецца менш як тры гады да пэнсіі — а Міколу Шараху ў траўні споўнілася 58, — са «Шкловалакна» не звальнялі, калі ён ня меў працоўных спагнаньняў цягам апошняга году.

Але ў найноўшай рэдакцыі калектыўнай дамовы сказана, што спагнаньняў нельга мець за ўвесь тэрмін апошняга кантракту.

Зьмены ў калектыўнай дамове пагаршаюць становішча працаўніка, чаго не павінна быць, кажа Мікола Шарах:

«Нават інспэкцыя працы прызнала пагаршэньне становішча працаўнікоў, абумоўленае зьменамі ў калектыўнай дамове. І рэкамэндавала прывесьці яе ў адпаведнасьць з заканадаўствам. Аднак на прадпрыемстве не парупіліся гэтага зрабіць. Там існуе цьвёрдая лінія — каб пазбавіцца ад СПБ. На нашых работнікаў ціснуць, калі яны сябры незалежнага прафсаюзу. І таму людзі вымушаныя прыхоўваць гэты факт — прыкладам, яны ня плацяць унёскі праз бухгальтэрыю, каб гэта не было зафіксавана. Адсюль — і словы спадара Зацірахіна пра тое, што чальцоў СПБ на „Шкловалакне“ не засталося».

Сытуацыя, калі кантракт з актывістам незалежнага прафсаюзу не працягваецца, на ААТ «Полацак-Шкловалакно» ўжо ня першая. Колькі год таму падобным чынам быў звольнены кіраўнік «пярвічкі» СПБ Віктар Стукаў.

Актывісты СПБ Мікола Шарах (зьлева) і Віктар Стукаў каля будынка полацкага суда, архіўнае фота
Актывісты СПБ Мікола Шарах (зьлева) і Віктар Стукаў каля будынка полацкага суда, архіўнае фота

Цяпер ён «вызвалены старшыня»: кіраваць прафсаюзнай суполкай на прадпрыемстве працягвае, але аднавіцца на працы нават праз суд спадару Стукаву не ўдалося. Хоць ён змагаецца за сваё аднаўленьне і да гэтай пары.

Удвох зь Міколам Шарахам яны кансультуюць па пытаньнях працоўнага права і прадстаўнікоў іншых прадпрыемстваў. Таму пра СПБ у Полацку ведаюць добра. У звальненьні прафсаюзных актывістаў гэта адыграла не апошнюю ролю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG