Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчык ПАРЭ Рыгоні: Нам сказалі, што затрыманьні цалкам адпавядаюць заканадаўству


Андрэа Рыгоні
Андрэа Рыгоні

Падчас сустрэч з беларускімі афіцыйнымі асобамі ўздымалася пытаньне пра затрыманьні ў Беларусі, сказаў у інтэрвію агенцтву БелаПАН 24 сакавіка спэцдакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні.

«Мы, вядома ж, адзначылі нашу пільную ўвагу адносна гэтых затрыманьняў, тым больш напярэдадні заўтрашняй дэманстрацыі. Нам сказалі, што затрыманьні зьяўляюцца чыста адміністрацыйнымі і цалкам адпавядаюць дзейнаму заканадаўству. Мы выказалі сваю надзею, што дэманстрацыя пройдзе самым мірным чынам, безь якіх-небудзь інцыдэнтаў», — заявіў Рыгоні.

Мы ня маем такой інфармацыі. Мы спадзяемся, што іх ня так шмат.

На пытаньне, ці будуць у дакладзе аб сытуацыі ў Беларусі, які ён рыхтуе, адлюстраваныя масавыя затрыманьні беларускіх грамадзян, у тым ліку пасьля дазволенай уладамі акцыі 15 сакавіка, спэцдакладчык адказаў: «Мы ня маем такой інфармацыі. Мы спадзяемся, што іх ня так шмат. Мы ўпэўненыя, што гэта можна пераадолець, што можна будзе свабодна правесьці дэманстрацыю [25 сакавіка] ў межах тых правілаў, якія прадугледжаныя нацыянальным заканадаўствам».

Рыгоні лічыць справядлівай магчымасьць «выказаць сваё меркаваньне за ці супраць адносна нейкіх заканадаўчых пастаноў і палітычных меркаваньняў».

Паводле яго, калі б Беларусь была чальцом Рады Эўропы, то арганізацыя магла б «паўплываць значна больш дзейсна на падзеі, зьвязаныя з захаваньнем тых каштоўнасьцяў і стандартаў, якія прасоўвае, то бок павага да правоў чалавека».

Першае права, якое мы павінны абараняць, — гэта права на жыцьцё, таму што без жыцьця няма свабоды выказаць сваё меркаваньне

«Аднак, каб увайсьці ў склад Рады Эўропы, неабходна выконваць пэўныя ўмовы, — дадаў Рыгоні. — Вось чаму мы настойваем на ўвядзеньні мараторыя на сьмяротнае пакараньне, таму што гэта — першае права. Далей можна падумаць пра іншыя правы, якія маюць патрэбу ў абароне. Але першае права, якое мы павінны абараняць, — гэта права на жыцьцё, таму што без жыцьця няма свабоды выказаць сваё меркаваньне».

Рыгоні абверг інфармацыю пра тое, што ён нібыта перанёс адлёт з Мінска з 24-га на 25 сакавіка, каб мець магчымасьць назіраць за дэманстрацыяй. «Я, шчыра кажучы, нават ня ведаў пра тое, што будзе дэманстрацыя, пра гэта я даведаўся, калі быў тут. Я адлятаю 25 сакавіка выключна з-за таго, што лячу ў Санкт-Пецярбург, дзе будзе праходзіць канфэрэнцыя парлямэнтаў СНД, АБСЭ і прадстаўнікоў Рады Эўропы. Плянавалася, што я палячу зь Менску 24 сакавіка, але потым дадалася гэтая канфэрэнцыя і, каб не ляцець спачатку ў Італію, а потым адразу ж назад ляцець у Санкт-Пецярбург, я палячу туды з Менску», — сказаў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН спэцдакладчык ПАРЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG