Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пераймянуюць у Горадні вуліцу Карла Маркса ў Леона Бакста?


2016 год ЮНЭСКА назвала годам мастака Леона Бакста (1866-1924). У Беларусі афіцыйна адзначылі 150-годзьдзе са дня яго нараджэньня.

Аднак выстава «Час і творчасьць Льва Бакста», якая адбылася ў Менску, да Горадні не даехала. Падставай, каб адзначыць угодкі сусьветна вядомага мастака, стала тое, што ён нарадзіўся ў Горадні. Калі яму было тры гады, бацькі перабраліся ў сталіцу Расейскай імпэрыі Санкт-Пецярбург. Сапраўднае імя будучага мастака было Лейб-Хаім Разэнбэрг.

Некалькі дзіцячых гадоў правёў у Горадні і будучы клясык беларускай літаратуры Максім Багдановіч. Дзякуючы таму, што захаваўся дом, дзе жылі Багдановічы, гэта дало магчымасьць стварыць у горадзе музэй паэта. Што датычыць Льва Бакста, былы адрас бацькоў невядомы. У кнізе гісторыка Андрэя Чарнякевіча «Памяць пра Гродна» ёсьць узгадка пра рабіну Разэнбэрга. Прозьвішча даволі распаўсюджанае, але нельга выключыць, што існавалі сваяцкія сувязі паміж мастаком і гэтым чалавекам. Рабін пражываў на вуліцы Маставой, 13. Сёньня на гэтым месцы сквэр. Паводле мастака Алеся Сурава, сям’я бацькоў Леона Бакста жыла менавіта тут: у куце паміж вуліцамі Маставая і Замкавая. Узгадка пра гэта траплялася Алесю Сураву ў адным польскім выданьні, кажа ён.

Алесь Сураў
Алесь Сураў

Між іншым, Алесю Сураву заманулася адлюстраваць у сваіх карцінах «страчаны сьвет», ён рыхтуе выставу пад назвай «Габрэйскае мястэчка». Ён зьдзіўляецца, што ні ў каго з калегаў дагэтуль ня ўзьнікла такая відавочная задума. У гарадах і мястэчках пражывалі тысячы габрэяў, яны мелі дамы, школы, бальніцы, сынагогі, багатую культуру — сьлядоў гэтага сёньня засталося ў Беларусі вельмі мала.

Музэй гісторыі габрэяў Гарадзеншчыны
Музэй гісторыі габрэяў Гарадзеншчыны

У гарадзенскай сынагозе існуе музэй гісторыі габрэяў Гарадзеншчыны. Там мяркуюць, што сям’я будучага мастака жыла некалі на цяперашняй вуліцы Карла Маркса. Аднак канкрэтных зьвестак пра гэта няма. Старшыня іўдэйскай рэлігійнай абшчыны Барыс Квяткоўскі ўнесьці большай яснасьці таксама ня змог. Будучы мастак не запомніў Горадню, кажа ён, бацькі пакінулі горад. Іншая рэч Шагал і Віцебск. Прывязаць Бакста да Горадні вельмі складаная — толькі фактам яго нараджэньня тут, падсумоўвае Барыс Квяткоўскі.

Барыс Квяткоўскі
Барыс Квяткоўскі

Ён разважае над тым, як бацькі будучага мастака маглі пераехаць у Санкт-Пецярбург.

«Лічылася, што за межамі рысы аселасьці калі знойдуць габрэя, то могуць пасадзіць у турму. А ягоны бацька напэўна легальна там пражываў. Значыць нейкія паперы меў. Бывала, габрэі падраблялі дакумэнты, падпраўлялі, каб жыць там, дзе ім было лягчэй зарабіць. Я не выключаю гэтага, але трэба шукаць у архівах», — зазначае спадар Квяткоўскі.

Што датычыць сталіцы былой Расейскай імпэрыі, то з габрэяў там дазвалялася жыць купцам першай гільдыі, тым, хто праслужыў у войску дваццаць пяць год і асобам з вышэйшай адукацыяй. Астатнім габрэям гэта было забаронена, кажа кіраўнік іўдэйскай рэлігійнай абшчыны.

Гарадзенская сынагога
Гарадзенская сынагога

А Леў Бакст змог стаць вольным слухачом у мастацкай акадэміі, удзельнічаць у аб’яднаньні мастакоў і пісьменьнікаў «Мир искусства», а пазьней за свае посьпехі быць абраным сябрам мастацкай акадэміі.

У Гарадзенскай абласной бібліятэцы імя акадэміка Яўхіма Карскага знайшлі ў альбомах выявы прац Бакста, скапіяваўшы іх, зрабілі выставу, прысьвечаную 150-годзьдзю мастака, яна была і ў сынагозе, кажа Барыс Квяткоўскі. Ён зазначае:

«Маё жаданьне — каб гарадзенцы ведалі сваіх землякоў і іхнюю творчасьць, каб ведалі і ганарыліся, што гэтая зямля мае своеасаблівую аўру, здольную нараджаць таленты». Таленты, якія робяцца вядомымі ў сьвеце.

Сёлета беларуская пошта выпусьціла марку, на якой пэйзаж з кіпарысамі, намаляваны Бакстам у 1907 годзе, і партрэт мастака. На нядаўнім фэстывалі нацыянальных культур у Горадні спэцыяльным штэмпэлем гасілі гэтую марку і паштоўку з нагоды 150-годзьдзя Леона Бакста.

Марка і канвэрт, прысьвечаныя 150-годзьдзю мастака Леона Бакста
Марка і канвэрт, прысьвечаныя 150-годзьдзю мастака Леона Бакста

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG