Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыю ва Ўкраіне зноў абмяркуюць у Менску


Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў на Данбасе, 15 чэрвеня

Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў на Данбасе, 15 чэрвеня

У Менску 16 чэрвеня пройдзе пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы па сытуацыі на Данбасе і сустрэчы трох падгрупаў трохбаковай кантактнай групы.

Генэральны сакратар АБСЭ Лямбэрта Заньер паведаміў у Менску журналістам, што прадстаўнікі АБСЭ возьмуць удзел у працы гэтых падгрупаў.

Падчас сустрэчы зь міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімерам Макеем Лямбэрта Заньер адзначыў, што АБСЭ цэніць ролю Беларусі «ў падтрымцы працэсу дээскаляцыі канфлікту ва Ўкраіне».

Ён сказаў, што Менск добра вядомы як месца сустрэчы кантактнай і працоўнай групаў па Ўкраіне. Ён выказаў спадзяваньне, што менскія пагадненьні будуць спрыяць мірнаму працэсу.

«Мы перажываем вельмі няпростыя часы», — адзначыў Лямбэрта Заньер. Ён сказаў, што цяпер узьнікаюць канфлікты, якіх ніхто не чакаў і не жадаў.

Генсакратар АБСЭ Лямбэрта Заньер і дырэктар БДІПЧ АБСЭ Георг Лінк знаходзяцца ў Беларусі зь візытам 15–16 чэрвеня.

Раней экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма паведаміў, што чарговыя пасяджэньні трохбаковай кантактнай групы па сытуацыі ва Ўкраіне заплянаваныя на 16 і 23 чэрвеня.

У Менску 2 чэрвеня пасяджэньне кантактнай групы сарвалася. Крыніца, блізкая да ўкраінскай часткі кантактнай групы, абвінаваціла расейскі бок у зрыве пасяджэньня. Прадстаўнік Расеі Азамат Кульмухаметаў пакінуў залю пасяджэньняў. Такім чынам, Расея фактычна сарвала пасяджэньне групы і паставіла пад рэвізію менскія дамоўленасьці.

Спэцпрадстаўнік старшыні АБСЭ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе Гайдзі Тальявіні заявіла, што пакідае сваю пасаду. Разам з прадстаўніком украінскіх уладаў Леанідам Кучмам і высокапастаўленым расейскім дыпляматам Азаматам Кульмухаметавым Тальявіні ўваходзіць у трохбаковую кантактную групу па ўрэгуляваньні канфлікту ў Данбасе.

Прэс-сакратарка Леаніда Кучмы Дар’я Оліфэр паведаміла ў фэйсбуку, што ў сустрэчы трохбаковай кантактнай групы возьмуць удзел Гайдзі Тальявіні, Леанід Кучма, Азамат Кульмухаметаў, а таксама прадстаўнікі так званых «ДНР» і «ЛНР».

XS
SM
MD
LG