Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваенная інтэрвэнцыя Сэнэгалу прымусіла прэзыдэнта Гамбіі прызнаць сваю паразу на выбарах


Ягʼя Джамэ ўсё ж вымушаны сысьці
Ягʼя Джамэ ўсё ж вымушаны сысьці

Ягʼя Джамэ, які займаў пасаду прэзыдэнта Гамбіі з 1994 году, заявіў, што адмаўляецца ад барацьбы за ўладу і саступае месца Адаму Бэраў, які перамог на выбарах.

Заява зьявілася пасьля працяглых перамоваў Джамэ з прэзыдэнтамі Гвінэі і Маўрытаніі, якія выступілі ў якасьці пасярэднікаў для вырашэньня палітычнага крызісу ў Гамбіі, паведамляе BBC.

У заяве па тэлебачаньні Джамэ адзначыў, што ў Гамбіі не павінна быць праліта ніводнай кроплі крыві.

Раней у пятніцу новы прэзыдэнт Гамбіі Адама Бэраў, які быў прыведзены 19 студзеня да прысягі, нягледзячы на адмову свайго папярэдніка Джамэ пакінуць пасаду, абвясьціў пра фактычнае ўрэгуляваньне палітычнага крызісу ў краіне.

Адмова Джамэ пакінуць сваю пасаду стала нагодай для пачатку ваеннай інтэрвэнцыі ў Гамбію з суседняга Сэнэгалу. Дазвол на ўварваньне ў Гамбію ўладам Сэнэгалу выдала Эканамічная супольнасьць заходнеафрыканскіх дзяржаў. Аднак у пятніцу раніцай апэрацыю прыпынілі, вырашыўшы працягнуць перамовы.

Апазыцыянэр з Абʼяднанай дэмакратычнай партыі Адама Бэраў атрымаў на выбарах, што прайшлі 1 сьнежня, больш за 43% галасоў, Джамэ — толькі 39,6%. У сувязі з гэтым Джамэ заявіў пра «анамаліі» ў галасаваньні і заклікаў арганізаваць перавыбары.

Новы прэзыдэнт Адама Бэраў
Новы прэзыдэнт Адама Бэраў

Гамбія — самая малая краіна кантынэнтальнай Афрыкі з насельніцтвам каля 1,9 млн чалавек. Яна мае адзін з найгоршых у сьвеце індэкс чалавечага разьвіцьця — 175-е месца са 188 (зьвесткі на 2015 год). Каля траціны насельніцтва жыве за рысай беднасьці.

51-гадовы Ягʼя Джамэ займаў прэзыдэнцкую пасаду ад 1994 году. Ён прыйшоў да ўлады ў выніку вайсковага перавароту і зьвяржэньня прэзыдэнта Дауды Кайрабы Джавары, які кіраваў краінай ад 1965 году, з часоў атрыманьня незалежнасьці ад Вялікай Брытаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG