Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П’янства — яшчэ не алькагалізм. Як у Беларусі ўкараняюць заходнюю праграму барацьбы з алькагалізмам


Валянтэрскія арганізацыі актыўна ўкараняюць у Беларусі заходнюю праграму барацьбы з алькагалізмам, пабудаваную на прынцыпах узаемадапамогі.

Падобныя мэтады працы з алькаголікамі ўжо даўно і шырока ўжываюцца ў ЗША і Эўропе.

Пра сутнасьць праграмы ўзаемадапамогі і асаблівасьці п’янства ў Беларусі карэспандэнт Свабоды пагутарыў з валянтэрам Аляксандрам.

«Галоўная праблема барацьбы з алькагалізмам — тая, што чалавек не прызнае свайго захворваньня. Таму асноўная задача працы з алькаголікамі ў тым, каб чалавек прызнаў сваю праблему. Але прабіць гэтае адмаўленьне лекары ня могуць. Таму для гэтага значна лягчэй выкарыстоўваць людзей, у якіх была такая ж праблема, якія прызналі яе і самі кінулі піць. Лягчэй узяць такога кансультанта і даць яму некаторыя веды з псыхалёгіі, мэдыцыны і пэўных прававых нормаў, і натрэніраваць яго на працу з алькаголікамі, чым спрабаваць псыхолягу ўлезьці ў скуру алькаголіка. Эфэктыўнасьць будзе значна вышэйшая», — тлумачыць Аляксандар прынцыпы, на якіх грунтуецца праграма.

Валянтэрская арганізацыя, у якой працуе Аляксандар, супрацоўнічае з Камітэтам у справах непаўналетніх, які выяўляе праблемныя сем’і. Дзяржава вылічвае такія сем’і праз школу — напрыклад, калі ў школе зьвяртаюць увагу, што дзіця ходзіць неахайнае.

«Да такой сям’і могуць прыйсьці дадому і праверыць, як яны жывуць. Сям’ю ставяць на ўлік, бацькам прапануюць выправіцца, а потым правяраюць зь міліцыяй рэгулярна. Калі яны працягваюць піць, хоць і не парушаюць крымінальнага заканадаўства, то суд у іх забірае дзіця на выпрабавальны тэрмін 4–6 месяцаў. Канкрэтна я ведаю сям’ю, у якой не было ежы ў халадзільніку, што паслужыла прычынай таго, каб забраць у іх дзіця», — распавядае Аляксандар.

Цягам выпрабавальнага тэрміну такіх бацькоў абавязваюць наведваць нарколяга, псыхоляга і групы ўзаемадапамогі пад кіраўніцтвам кансультантаў-валянтэраў.

Дарэчы, калі ў алькаголіка няма дзяцей (альбо яны вырасьлі) і ён не рабіў нічога супрацьзаконнага, то трапіць у поле зроку дзяржавы ён аніяк ня можа. Аляксандар удакладняе, што алькаголікам можа быць і досыць забясьпечаны чалавек. Аднак такія людзі могуць дазволіць сабе цудоўны рамонт і поўны халадзільнік прадуктаў, а значыць, у сацыяльных службаў проста ня будзе фармальных падставаў, каб прылічыць такую сям’ю да ліку праблемных.

Са словаў Аляксандра, задача валянтэра — выклікаць прыхільнасьць да сябе, паказаць, што ён не зьвязаны з сыстэмай, якая і накіравала алькаголіка сюды. Звычайна людзі, якіх абавязваюць прыходзіць у групы да валянтэраў-кансультантаў, адмаўляюць, што ў іх ёсьць праблемы з алькаголем. «Яны шмат хлусяць, а мне хлусіць няма сэнсу, таму што я сам усё гэта праходзіў», — кажа Аляксандар.

Са словаў Аляксандра, задача валянтэра — выклікаць прыхільнасьць да сябе, паказаць, што ён не зьвязаны з сыстэмай, якая і накіравала алькаголіка сюды.

«Кожны алькаголік лічыць, што ён унікальны — што ў мяне праблема самая цяжкая, мне больш за ўсіх не пашэнціла, мяне больш за ўсіх пакрыўдзілі. Усе людзі эгаісты, але ў алькаголікаў гэты эгаізм гіпэртрафаваны. Мая задача — паказаць, што нічога выключнага ў іх выпадку няма. Алькаголь спрабавалі практычна ўсе, і ўсе ўпэўненыя, што могуць сябе кантраляваць. І гэта камень спатыкненьня, таму што ёсьць катэгорыя людзей, 5–10%, на якіх алькаголь дзейнічае зусім па-іншаму — у іх вельмі хутка ўзьнікае фізычнае прывыканьне. Гэта і ёсьць алькагалізм на фізычным узроўні», — тлумачыць Аляксандар.

П’янства — яшчэ не алькагалізм

Ня ўсе людзі, зь якімі працуюць валянтэры, — гэта менавіта алькаголікі.

«Ёсьць цяжкія п’яніцы — людзі, якія ўжываюць шмат алькаголю, але ня маюць фізычнай залежнасьці. Проста чалавек нарадзіўся ў адпаведным асяродзьдзі, лічыў, што гэта нармальна, піў і проста не разумее, як можна жыць па-іншаму. З такімі людзьмі лёгка: калі ён разумее, што можна жыць цьвярозым, калі ён разумее, што ёсьць іншыя забавы, то ў яго праблемаў няма. Можа, у яго зьяўляюцца некаторыя цяжкасьці ў фізычным пляне, таму што алькаголь умешваецца ў абмен рэчываў, але яны досыць хутка праходзяць», — адзначае ён.

Аляксандар падкрэсьлівае, што трэба адрозьніваць такія зьявы, як «п’янства» і «алькагалізм», хоць вонкава яны могуць нічым не адрозьнівацца. Розьніца ж у тым, што алькагалізм — гэта менавіта фізычная залежнасьць ад алькаголю, а п’янства — гэта сацыяльная і культурная праблема.

П’янства — гэта пытаньне безвыходнасьці

«П’янства — гэта пытаньне безвыходнасьці. Чалавек п’е ад безвыходнасьці — ён не алькаголік, яму проста няма чым заняцца, няма куды прыкласьці свае сілы. Калі ў чалавека ёсьць псыхалягічнае жаданьне сысьці з гэтай рэальнасьці, калі яму некамфортна тут з самім сабой, то ён знойдзе куды сыходзіць. Алькагалізм нездарма называюць добраахвотным вар’яцтвам або пасіўным самагубствам. Тут усё роўна, што ён абярэ. Ён можа выбраць антыдэпрэсанты, наркотыкі ці нешта яшчэ. Ён замяняе адну залежнасьць іншай толькі таму, што ня можа быць тут і цяпер цьвярозым», — тлумачыць Аляксандар.

Зрэшты, цяжкі п’яніца, які злоўжывае алькаголем доўгія гады, можа стаць алькаголікам. Калі, вядома, дажыве да гэтага:

Зрэшты, цяжкі п’яніца, які злоўжывае алькаголем доўгія гады, можа стаць алькаголікам. Калі, вядома, дажыве да гэтага:

«Падступнасьць алькаголю ў тым, што ад яго ніхто не памірае, хоць 95% сьмерцяў — зь яго ўдзелам. Чалавек, які фізіялягічна абаронены, хутчэй загіне ў п’янай бойцы, разаб’ецца, патоне або згарыць. Гэта значыць, алькагалізм разьвіцца не пасьпее. Але калі чалавек п’яніца і яму шанцуе ў жыцьці, то ён стане алькаголікам».

У дачыненьні да п’яніц могуць быць эфэктыўныя рэпрэсіўныя мэтады — тыя ж лячэбна-працоўныя прафілякторыі. Аднак ужываць такія мэтады супраць алькаголікаў бессэнсоўна. Беларуская дзяржава толькі нядаўна пачала прыходзіць да разуменьня гэтага, адзначае Аляксандар.

Тэст на алькагалізм

Зразумець, што ў цябе праблемы з алькаголем, заўсёды вельмі складана, кажа Аляксандар.

«У адрозьненьне ад наркотыкаў, якія вельмі хутка мяняюць жыцьцё чалавека, алькаголь разбурае яго ня так імкліва. Чалавек часьцей за ўсё пачынае ўжываць алькаголь яшчэ ў старэйшых клясах школы, працягвае гэта рабіць у інстытуце, а потым — калі ўжо ідзе працаваць, робіць кар’еру. І паколькі алькаголь у той ці іншай ступені праходзіць праз усё яго жыцьцё, то чалавеку вельмі складана зразумець, дзе ён сапраўдны, а дзе той, на каго ўплывае алькаголь. Для таго каб зразумець, што ў цябе ёсьць праблемы з алькаголем, патрэбна сумленнасьць і назіральнасьць», — падкрэсьлівае ён.

Аднак проста заўважыць у сабе гэтыя прыкметы мала. Трэба яшчэ і захацець вылечыцца.

Аляксандар кажа, што існуюць тры клясычныя прыкметы алькагалізму. Першая прыкмета — гэта правалы ў памяці пасьля ўжываньня алькаголю, што сьведчыць пра своеасаблівасьць успрыманьня алькаголю арганізмам. З гэтым цесна зьвязана няўменьне кантраляваць колькасьць выпітага: напрыклад, плянуеш выпіць 100 грам, а выпіваеш цэлую бутэльку.

Другая прыкмета — гэта ўсё большая талерантнасьць да алькаголю, то бок калі чалавек можа з кожным разам выпіваць усё больш і больш. Пры гэтым на канцавой стадыі алькагалізму пачынаюць дзейнічаць супрацьлеглыя працэсы — чалавек можа напіцца з паўбутэлькі піва. Аднак да гэтай стадыі мала хто дажывае.

Трэцяя прыкмета — гэта калі алькаголь пачынае займаць думкі і час чалавека. Чалавеку становяцца нецікавыя сябры і кнігі, яго кола інтарэсаў рэзка звужаецца.

Калі ў чалавека радасьць зьвязаная з алькаголем, то гэта званочак

«Чалавек можа нават доўгі час ня піць, весьці паўнавартаснае жыцьцё, але быць шчасьлівым, толькі калі выпівае. Калі ў чалавека радасьць зьвязаная з алькаголем, то гэта званочак, — падкрэсьлівае Аляксандар. — Напрыклад, чалавек чакае зарплаты не для таго, каб атрымаць грошы, а для таго, каб дазволіць сабе выпіць. Або чакае пятніцы не для таго, каб адпачыць, а каб напіцца. Або сустракаецца зь сябрамі — і абавязкова павінен выпіць, а інакш і казаць няма пра што. Або ідзе на дыскатэку пазнаёміцца зь дзяўчынай, а аказваецца, што да знаёмства справа і не даходзіць, таму што яму цікавей выпіць».

Наяўнасьць гэтых прыкмет з высокай доляй імавернасьці сьведчыць пра тое, што чалавек — алькаголік.

Аднак проста заўважыць у сабе гэтыя прыкметы мала. Трэба яшчэ і захацець вылечыцца.

«Часьцей за ўсё чалавек ня хоча ад гэтага пазбаўляцца. Ён разумее, што калі пачне лячыцца, то яму прыйдзецца адмовіцца ад алькаголю, а ён вельмі баіцца гэтага. Напрыклад, калі ўвайсьці ў палату ракавых хворых і сказаць, што ёсьць гарантаваны сродак, які дапаможа вам вылечыцца, то, хутчэй за ўсё, яго будуць выкарыстоўваць усе. А калі вы зойдзеце ў наркалёгію і скажаце, што ёсьць гарантаваны сродак пазбавіцца ад гэтай хваробы, то дай Бог, каб хаця б два чалавекі захацелі з вамі пагутарыць. Я вельмі мала ведаў людзей, якія заўважалі ў сабе вось гэтыя сымптомы і спрабавалі зьвярнуцца па дапамогу», — тлумачыць Аляксандар.

Ён падкрэсьлівае, што ўсе лекары прызнаюць: алькагалізм невылечны. Аднак кінуць піць і вярнуцца да нармальнага жыцьця цалкам магчыма, хоць гэта і няпроста. І справа тут ня ў сіле волі.

«Для алькаголіка на нейкай стадыі адмовіцца ад алькаголю проста на сіле волі — гэта практычна самагубства. Я асабіста ведаў людзей, якія канчалі жыцьцё самагубствам, пасьля таго як кідалі піць. Проста цьвярозымі ім быць вельмі некамфортна», — кажа ён.

Таму адмова ад алькаголю, з пункту гледжаньня Аляксандра, павінна быць зьвязаная з агульнай зьменаю стаўленьня да жыцьця, зьменаю духоўных арыенціраў.

Таварыства ананімных алькаголікаў

У мэдычнай літаратуры алькагалізм часьцей за ўсё называюць бія-псыха-соцыя-духоўным захворваньнем. І калі даць рады бія-псыха-соцыя-складніку гэтай хваробы могуць дапамагчы лекары, то духоўны складнік лечыцца выключна самастойна. «Наша задача — паказаць праблему і падвесьці да яе рашэньня. Далей чалавек вырашае сам», — падкрэсьлівае ён.

Тым людзям, якія прызналі ў сябе праблемы з алькаголем, раяць зьвяртацца ў таварыства ананімных алькаголікаў, бо лічыцца, што гэта найбольш эфэктыўная праграма барацьбы з алькагалізмам. У свой час праграма ананімных алькаголікаў дапамагла і самому Аляксандру.

«Ананімныя алькаголікі — гэта духоўная праграма, асноўная задача — у тым, каб чалавек прыйшоў да Бога, знайшоў сэнс жыцьця. Яна не прывязаная ні да якай рэлігіі канкрэтна, туды ходзяць людзі розных веравызнаньняў, але гэта духоўныя размовы на тэму вышэйшай сілы», — тлумачыць ён.

У таварыстваў ананімных алькаголікаў няма сваіх памяшканьняў — памяшканьні ім даюць альбо цэрквы, альбо наркалёгіі. Аднак ні сьвятары, ні лекары ня маюць права ўмешвацца ў працу суполкі.

Асноўны прынцып ананімных алькаголікаў просты: чалавек, які кінуў піць, хоча дапамагчы іншым

«Гэта добраахвотная арганізацыя, дзе няма галоўных, няма статутнага капіталу. У традыцыях ананімных алькаголікаў нават адмыслова прапісана — нельга даваць вялікія ахвяраваньні. Гэта выключае магчымасьць нажывы. Асноўны прынцып ананімных алькаголікаў просты: чалавек, які кінуў піць, хоча дапамагчы іншым», — падкрэсьлівае Аляксандар.

Паводле яго, сёньня кожны наркадыспансэр зацікаўлены ў тым, каб мець пры сабе суполку ананімных алькаголікаў. Царква, як праваслаўная, так і каталіцкая, таксама дапамагае разьвіцьцю такіх праграмаў. У свой час Аляксандру параіў зьвярнуцца ў суполку ананімных алькаголікаў менавіта сьвятар.

Хвароба хлусьні

Са словаў Аляксандра, Беларусь у пляне распаўсюджанасьці гэтага захворваньня мала чым адрозьніваецца ад іншых краін: узровень алькагалізму ўсюды прыкладна аднолькавы. А вось бытавое п’янства ў Беларусі сапраўды распаўсюджанае значна больш, чым на Захадзе.

Падобныя падвойныя стандарты сустракаюцца на ўсіх узроўнях жыцьця — школа, інстытут, праца і г.д.

Прычынай злоўжываньня алькаголем часьцей за ўсё становіцца хлусьня і двайныя стандарты, лічыць Аляксандар. У той ці іншай ступені хлусьня пранізвае любое грамадзтва, прычым на ўсіх узроўнях. Пачынаецца ўсе зь сям’і — калі, да прыкладу, бацька вучыць сына паважаць маці, але пры гэтым сам яе абражае. Падобныя падвойныя стандарты сустракаюцца на ўсіх узроўнях жыцьця — школа, інстытут, праца і г.д.

«У грамадзтве, дзе ёсьць падвойныя стандарты, заўсёды людзі пачынаюць хлусіць. Найпрасьцейшы прыклад у гэтым пляне — Савецкі Саюз. Усе ведалі, што камуністам быць сорамна, але выгадна. Таму, каб зрабіць кар’еру, ішлі ў камуністы. Некаторыя людзі, ненавідзячы камуністаў, дасягалі досыць вялікіх вышынь у кампартыі, бо імкнуліся зрабіць кар’еру. Гэта значыць, чалавек пастаянна жыве ў хлусьні. А алькагалізм дае адчуваньне свабоды ад гэтай хлусьні», — кажа ён.

Паперадзе плянэты ўсёй

У 2014 годзе Сусьветная арганізацыя аховы здароўя назвала Беларусь першай краінай у сьвеце па ўзроўні ўжываньня алькаголю. У сярэднім беларус 15-гадовага ўзросту і старэйшы спажывае 17,5 літра чыстага сьпірту за год. Мужчыны п’юць больш — 27,5 літра, жанчыны — 9,1 літра ў год.

Паводле дадзеных МУС, кожнае пятае злачынства ў Беларусі зьдзяйсьняецца ў стане алькагольнага ап’яненьня.

Паводле дасьледаваньня, праведзенага ў 2012 годзе Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам псыхічнага здароўя, больш за траціну беларусаў злоўжываюць сьпіртнымі напоямі. Для кожнага пятага мужчыны ў Беларусі характэрнае «сыстэматычнае п’янства».

Эканамічныя страты ад спажываньня алькаголю ў Беларусі ацэньваюцца ў 7% ВУП (у краінах Эўразьвязу — 2–4%).

Паводле дадзеных МУС, кожнае пятае злачынства ў Беларусі зьдзяйсьняецца ў стане алькагольнага ап’яненьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG