Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сымбалі змаганьня. Лёс нацыянальнай сымболікі — Пагоні і бел-чырвона-белага сьцяга


Герб «Пагоня» — ваяр з узьнятым мячом на белым кані ў чырвоным полі — вядомы ў Беларусі з глыбокай старажытнасьці, з XIII стагодзьдзя. Як пішуць у навуковых выданьнях, «герб зьявіўся ў выніку працэсу геральдызацыі выявы ўзброенага вершніка з партрэтных пячатак вялікіх князёў Ягайлы і Вітаўта».

Бел-чырвона-белы сьцяг у сёньняшнім выглядзе, у адрозьненьне ад «Пагоні», мае канкрэтнага аўтара. Сьцяг стварыў у 1917 годзе Клаўдзій Дуж-Душэўскі.

Бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» былі сымбалямі Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.

А ў Савецкай Беларусі зьявіліся ўжо іншыя сымбалі. Спачатку ў БССР свайго герба не было, ва ўсіх саюзных рэспубліках адзінымі нацыянальнымі сымбалямі былі чырвоны сьцяг і герб СССР.

Герб БССР быў прыняты ў 1927 годзе.

Чырвона-зялёны беларускі сьцяг зьявіўся ў 1951 годзе, калі некаторыя саюзныя рэспублікі, у ліку якіх была і БССР, уступілі ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый.

У незалежную Беларусь вярнуліся старадаўнія сымбалі. 19 верасьня 1991 году, напярэдадні развалу СССР, бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» былі прызнаныя дзяржаўнай сымболікай незалежнай Беларусі. Такое рашэньне прыняў Вярхоўны Савет Беларусі 12-га скліканьня.

Гэта нацыянальная сымболіка заставалася дзяржаўнай да травеньскага рэфэрэндуму 1995 году.

Напярэдадні 20-й гадавіны рэфэрэндуму 1995 году тагачасны кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын прызнаўся ў інтэрвію Радыё Свабода, што менавіта ён — аўтар сучасных герба і сьцяга, за якія бальшыня беларусаў прагаласавала тады.

У 1995 годзе знакаміты беларускі гісторык-геральдыст Анатоль Цітоў працаваў у Навукова-дасьледчым інстытуце дакумэнтазнаўства і архіўнай справы (які быў створаны на базе Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ). Спадар Цітоў узгадвае, як начальнік галоўнага архіўнага ўпраўленьня Міхальчанка выклікаў яго і кажа: «Тут Сініцын распрацоўвае нейкі герб, хоча параіцца наконт зорачкі на гербе». Анатоль Цітоў адмовіўся: маўляў, ён выступае за «Пагоню», таму ня можа быць «і нашым, і вашым». Празь месяц з інстытуту яго звольнілі.

Лукашэнка паказвае сымболіку, вынесеную на рэфэрэндум
Лукашэнка паказвае сымболіку, вынесеную на рэфэрэндум

Што да стварэньня дзяржаўнай сымболікі спадаром Сініцыным, Анатоль Цітоў выказаў такое меркаваньне:

«У нас усе думаюць, што геральдыка вельмі простая рэч — узяў і намаляваў. Абвесьцяць штосьці няўцямнае гербам — значыць, будзе герб. У нас, на жаль, няма да гэтага строгага стаўленьня. Кожны калгас, раён, вобласьць маюць герб. Дык з 1566 году кожнае ваяводзтва, кожны павет мелі герб Пагоня. Гэта зацьверджана Статутам Вялікага Княства Літоўскага 1566 году. А так перайначваць — гэта нейкая палітычная каньюнктура, і зорачка тая. Ну, яны лічаць, што гэта герб. А гэта палітычны сымбаль, які адлюстроўвае саму сыстэму ўлады».

Ну, яны лічаць, што гэта герб. А гэта палітычны сымбаль, які адлюстроўвае саму сыстэму ўлады

Новы герб аказаўся вельмі падобны да герба БССР. Спадар Сініцын і не хавае, што за аснову быў узяты менавіта ён. На эскізе Сініцына ня стала сярпа і молата, а надпіс БССР быў заменены на «Рэспубліка Беларусь». Замест так званай «гербавай фігуры» — сярпа і молата — зьявіўся абрыс, контур Беларусі. А ўверсе яшчэ зьявілася зорачка. Як сьцьвярджае Леанід Сініцын, ён быў супраць зорачкі, на зорцы настаяў тагачасны прэзыдэнцкі заўгас Іван Ціцянкоў. Сумесны твор Сініцына і Ціцянкова адмыслоўца, геральдыст Анатоль Цітоў сапраўдным гербам ня лічыць:

«Дык што ён зрабіў? Гэта ж стары герб, старая сымболіка. Гэта яшчэ, здаецца, герб Дубасава — быў такі мастак, які адразу пасьля рэвалюцыі зрабіў герб СССР. А наш, беларускі герб быў зацьверджаны ў 1927 годзе. Так што гэта герб не Сініцына, ён быў яшчэ ў 1920-я гады распрацаваны, а ён зрабіў нейкія папраўкі. Ну што ж, гэтая эмблематыка адпавядае іх разуменьню герба. Але гэта ня герб насамрэч. У нас жа які прынцып: „Я начальнік — ты дурань, ты начальнік — я дурань“. І Сініцын сьвята верыць у гэты прынцып».

Новы герб, падтрыманы большасьцю выбарцаў на рэфэрэндуме, быў зацьверджаны ўказам прэзыдэнта № 213 ад 7 чэрвеня 1995 году. Але 10 гадоў на ім — да 2005 году — была недарэчнасьць: кветкі лёну былі з шасьцю пялёсткамі. Насамрэч кветкі лёну маюць 5 пялёсткаў.

Толькі ў 2005 годзе мастаку-геральдысту, сябру Міжнароднага саюзу дызайнэраў Віктару Ляхору было даручана выканаць каляровую і контурную эталённыя выявы сучаснай беларускай сымболікі. Памылка з кветачкамі лёну была выпраўленая.

А ў 2007 годзе пастановай Савету Міністраў герб «Пагоня» быў уключаны ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.

У Беларусі «Пагоня» прысутнічае ў гербах Віцебскай і Гомельскай абласьцей, шэрагу гарадоў — Магілёва, Рэчыцы, Верхнядзьвінску, Лепеля. Ёсьць «Пагоня» і на эмблемах розных арганізацыяў: КХП-БНФ, Таварыства беларускай мовы імя Скарыны, Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», нават на нарукаўным знаку 2271-й базы інжынэрных боепрыпасаў Узброеных Сіл.

А вось бел-чырвона-беламу сьцягу пашанцавала меней. За яго могуць затрымаць — як «за выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG