Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Свой рубель лепшы, чым нечы» — стваральнік беларускіх талераў Лявон Бартлаў пра новыя грошы


Лявон Бартлаў

Лявон Бартлаў

Праз два тыдні ў абарачэньне фінансавай сыстэмы Беларусі паступяць купюры новага ўзору. І хоць маральна рыхтаваць спажыўцоў да зьменаў пачалі загадзя, дублюючы цэньнікі з улікам дэнамінацыі, у рукі да людзей новыя грошы трапяць толькі 1 ліпеня.

Упершыню ад моманту абвяшчэньня незалежнасьці ў беларусаў зьявіцца жалезная дробязь, а «паперкі» атрымаюць прынцыпова іншы дызайн. Праўда, нязьменнай застанецца сутнасьць, атрыманая ў спадчыну ад савецкіх часоў, — рубель і капейка.

1 ліпеня 2016 году будзе праведзена дэнамінацыя беларускага рубля ў суадносінах 1:10 000. Банкноты ўзору 2000 году заменяць на новыя, надрукаваныя яшчэ ў 2009-м. Такім чынам, за 10 тысяч беларускіх рублёў старога ўзору можна будзе атрымаць 1 новы рубель. Да 31 сьнежня гэтага году грашовыя знакі ўзораў 2000 і 2009 гадоў будуць знаходзіцца ў паралельным абарачэньні і будуць аднолькава абавязковыя да прыёму.

Плюс глябалізацыя, мінус асьветніцкая місія

Экспэрты сыходзяцца ў меркаваньні, што новым грашам наўрад ці наканавана стаць яшчэ адной падставай для гонару: стылістычна яны нагадваюць эўра. Да таго ж, распрацоўнікі адмовіліся ад асьветніцкай місіі, не захацеўшы ўпрыгожваць купюры выявамі выбітных асобаў.

Паказальна, што зусім іншая канцэпцыя выпрацоўвалася чвэрць стагодзьдзя таму.

Яшчэ летам 1990 году, неўзабаве пасьля прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, кіраўнік парлямэнцкай апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк ініцыяваў стварэньне нацыянальных грошай — талераў. Зьявіліся публікацыі пра будучую беларускую валюту ў трох газэтах, асноўны тэкст надрукаваны ў «Літаратуры і мастацтве» 28 верасьня таго ж году. Вось што пра падрыхтоўчую працу згадвае сам Зянон Пазьняк:

«У мяне было некалькі размоваў з тагачасным прэмʼер-міністрам Вячаславам Кебічам на прадмет увядзеньня беларускага талера. На пэрспэктыву была дасягнута прынцыповая дамоўленасьць менавіта пра „талер“, пра гістарычнае абгрунтаваньне ідэі, пра эскізы і пра нераспаўсюджваньне інфармацыі аб дамоўленасьці (гэтага вымагала сытуацыя, бо Беларусь знаходзілася ў СССР). Мной была зроблена сакрэтная замова на паказальныя эскізы беларускіх грошай нашаму фронтаўскаму мастаку Лявону Бартлаву: былі прадстаўлены наміналы, прозьвішчы асобаў, выявы якіх мусілі быць на талерах. Праз пэўны час праца была выкананая на добрым мастацкім узроўні — калярыстыка і кампазыцыйная рэмінісцэнцыя бел-чырвона-белага сьцяга, жухла-бежавая танальнасьць фону пад старыя манускрыпты».

Як згадвае спадар Пазьняк, неўзабаве тэчку з паказальнымі эскізамі, абгрунтаваньнем і гістарычнымі матэрʼяламі ён аднёс Кебічу, які пры ім урачыста паклаў яе ў сэйф і сказаў: «Выдатна, цяпер мы ўзброеныя!». Праўда, рэалізаваць стратэгічны праект у сілу забюракратызаванасьці і бясконцых аглядак на Маскву так і не ўдалося: пасьля здабыцьця сувэрэнітэту Кебіч пачаў падтрымліваць антынезалежніцкія сілы.

Эскізы талераў Бартлава

Эскізы талераў Бартлава

Пра што цяпер моцна шкадуе і аўтар эскізаў першых грошай незалежнай Беларусі Лявон Бартлаў.

На яго перакананьне, за гэты час талеры ў любым разе адбыліся б як «дзяржаўная зьява» — нароўні з унікальнымі грашовымі адзінкамі краін былога СССР.

Плён працы сваіх сёньняшніх пасьлядоўнікаў ён называе «калькаваньнем, пазбаўленым індывідуальнасьці».

«Шмат падабенства з эўраасыгнацыямі. Не сказаў бы, што зусім абязьлічаныя, але „партытуры“ ідэнтычныя. Лічбавае нанясеньне, графэма, асабліва ў манэтным шэрагу — трэба мець спрактыкаванае вока, каб сходу адрозьніць напісаньне на рублях і на эўра», — дзеліцца першымі ўражаньнямі суразмоўца. На яго думку, браць за прыклад для перайманьня эўра было вельмі неразумна. І найперш з прычыны адсутнасьці выразнай лякалізацыі.

У гэтым сэнсе, удакладняе мастак, прынцыпова адрозны падыход закладаўся ў часе працы над талерамі. Кожны намінал меў навукова-гістарычнае абгрунтаваньне, чаму на той ці іншай купюры мусіць быць выява нацыянальных стаўпоў — ад Эўфрасіньні Полацкай і Францішка Скарыны да Максіма Багдановіча і Янкі Купалы.

Абноўленыя рублі, надрукаваныя ў канцы «нулявых» і толькі цяпер гатовыя да ўвядзеньня ў абарот, абмяжоўваюцца архітэктурнымі збудаваньнямі, ухваленымі на нечы асабісты густ.

«У наш час дасьледчыкі займаліся навуковым тлумачэньнем: што нясе з сабой кожная грашовая купюра. Казалі, што чалавек, які бярэ ў рукі разьліковы білет, павінен дзяліць сваю частку сьвету на тую каштоўнасьць, якую за гэта мае, — гаворыць спадар Бартлаў. — Грошы — не афіша, якая запрашае на вечарынку. Гэта сурʼёзнае пранікненьне чалавека ў глыбіню і традыцыі».

Лявон Бартлаў

Лявон Бартлаў

Грошы — ня проста сродак разьліку, а і духоўны падмурак

«Грошы, якія знаходзяцца на руках у людзей, — гэта і ёсьць пэўны „духоўны посах“, — працягвае суразмоўца. — Ён непрыкметны , яго нельга намацаць, але калі я ўзяў у рукі купюру, я павінен ганарыцца, што дакрануўся да гісторыі сваёй зямлі. І тады, магчыма, асабіста буду імкнуцца да таго, каб спрыяць яе стабільнасьці, каб за гэтыя грошы можна было купіць больш. Але калі гістарычная повязь будзе недастаткова зразумелая і асэнсаваная, то грошы ў сваім малюнку, у чытаньні і кантакце з чалавекам будуць пустыя. Як іх ні расфарбоўвай, якія эстэтычныя формы ні прымай, якія прыёмы ні выкарыстоўвай».

У якасьці хрэстаматыйнага прыкладу купюраў, якія ў сваёй сутнасьці «шмат большыя за грошы як сродак разьліку», Лявон Бартлаў прыводзіць брытанскі фунт стэрлінгаў і амэрыканскі даляр:

«Ці стануць рублі, як фунт стэрлінгаў? Наўрад ці. Што такое фунт з пазыцыі сучасных адчуваньняў— эстэтычных, этычных? Водгук яшчэ той імпэрыі: цэлыя стагодзьдзі ніхто не мяняў яго па сваёй графэме. Гэта прыблізна, каб у нас дагэтуль хадзілі грошы ВКЛ ці Рэчы Паспалітай. Ня проста „разьліковы білет“, за ім — глыбіня часу. Чаму брытанцы не перайшлі на эўра? Не таму, што прадчувалі эканамічную вакханалію. У іх ёсьць сваё, вось яны ў ім і жывуць. Узьвялі ў гэтым сэнсе Эвэрэст, а ўсе астатнія — лазьце вакол, насыпайце свае ўзгоркі. Тое ж можна сказаць і пра даляр. Як бы мы да яго не ставіліся, як бы не разумелі псыхалёгію таго, што зь ім зьвязана — хтосьці любіць, хтосьці ня любіць — ён існаваў і будзе існаваць. За ім — выразны канцэптуальны пласт. Намалявалі некалі базавую канцэпцыю, і што ад таго часу зьмянілася? Ступень абароны, афарбоўка-расфарбоўка, але ж застаецца галоўнае — сэнс».

Новыя беларускія банкноты

Новыя беларускія банкноты

А вось эўра, якое ўзятае за прататып новага беларускага рубля, на думку мастака і распрацоўніка эскізу талера Лявона Бартлава, апрыёры ня можа перадаць нацыянальную адметнасьць з-за сваёй «глябалісцкай сутнасьці»:

«Вазьміце даляр і эўра. Наконт даляра ўяўленьне больш цэльнае. Не таму, што купюры падобныя, ёсьць адчуваньне канцэптуальнай завершанасьці. Што да эўра, то пачынаецца цырк, жангліраваньне. З гледзішча мастака — выстава сучаснага „арту“ ў Францыі, Нідэрляндах, яшчэ дзесьці. Прыйшоў у выставачную залю — паглядзеў. Потым цябе завялі ў іншую залю, але ў іншай краіне, і ты бачыш абсалютна тое ж! Трэцяя, чацьвёртая, пятая — дэжавю, усё аднолькава! У Бэльгіі гэта, Нямеччыне ці Швэцыі — сказаць можа толькі чалавек, які разумее нацыянальную культуру. Вось тады ён убачыць, ацэніць. Як тыя шатляндзкія кілты. У эўра размытыя формы дзяржаўнай ідэнтычнасьці, што нельга браць за прыклад. Зрэшты, у іх уся сучасная палітыка такая ж, а сёньняшняя канцэпцыя, выражаная ў грашах, найперш выяўляецца ў плыні мігрантаў. Чалавек прыйшоў са сваёй краіны, са сваёй культуры, і патрабуе даць яму эўра. Для яго гэта толькі спосаб існаваньня, а не зацьвярджэньне ўласнай духоўнасьці».

Эскізы талераў Бартлава

Эскізы талераў Бартлава

Капейка пратрымаецца хіба да прэзыдэнцкіх выбараў

На думку фінансавых аналітыкаў, беларускія ўлады абралі ня самы зручны час для экспэрымэнтаў з дэнамінацыяй. Асабліва гэта тычыцца ўвядзеньня дробных манэт, якія пры існуючых тэмпах інфляцыі рызыкуюць стаць непатрэбным балястам ужо за першыя гады абарачэньня. Дарэчы, калі вярнуць усе былыя абразаньні нулёў, праўдзівы курс стаіць на мяжы 200 мільёнаў рублёў.

«Я калі даведаўся, што будзе яшчэ і дробязь, толькі махнуў рукой, — прызнаецца Лявон Бартлаў. „Дробязь“ — гэта ня толькі візуальная, а матэрыяльная характарыстыка стабільнасьці. А калі стабільнасьці няма, то эквівалентам можа быць што заўгодна — мыла, соль, запалкі. Толькі не капейка».

Як жыцьцё беларусаў адмяраецца ад выбараў да выбараў, такі ж тэрмін жыцьця спадар Бартлаў прарочыць і беларускім «медзякам: «Думаю, да наступных прэзыдэнцкіх выбараў капейка пратрымаецца. Дзеля прыстойнасьці. Бо далей ідуць тэмы, якія ніяк немагчыма спрагназаваць. Ну, хто ведае, як падзеі ў сьвеце будуць уплываць на асобныя краіны, у тым ліку на Беларусь? Мы — маленькі караблік, а побач — гіганты. Куды прыцягне, куды прыбʼе — сказаць цяжка».

Яшчэ ня сьцерлася з памяці, што ня толькі ў 1990-х, а нават у пачатку 2000-х беларускае кіраўніцтва не адкідала магчымасьць увядзеньня расейскага рубля ў якасьці грашовай адзінкі ў межах так званай Саюзнай дзяржавы. Пры такім раскладзе, кажа Лявон Бартлаў, Беларусь аўтаматычна страціла б свой эканамічны, а сьледам і палітычны сувэрэнітэт. Таму, на ягонае меркаваньне, можна крытыкаваць распрацоўнікаў новых банкнотаў за адсутнасьць «праяваў нацыяналізму» на купюрах, але разам з тым вітаць рашэньне паставіць Маскву перад фактам — ніякай агульнай валюты ня будзе.

Мець беларускі талер — разумна, правільна, абʼектыўна

«Так, куды лепш мець свой рубель, чым нечы, — зазначае суразмоўца. — Ва ўсялякім разе, сёньняшні ўрад вырашыў яшчэ раз вызначыць сябе самастойнай, незалежнай дзяржаўнай адзінкай. І гэта добра, бо свая валюта — першая прыкмета незалежнасьці. А каб прыйшоў расейскі рубель, усё хутка растапілася б, зьнікла б этнаграфічнае разуменьне самога ўтварэньня Беларусь. Толькі з-за таго, што зьявіўся расейскі рубель. Таму хай паціху, але ідзе дыстанцыяваньне ад Расеі».

Тым ня меней, на перакананьне Лявона Бартлава, з праекцыяй на гістарычную справядлівасьць у якасьці нацыянальнай валюты беларусы ўсё ж павінны былі мець талер. «Гэта было б разумна, правільна, абʼектыўна. А галоўнае, на гістарычна абгрунтаваным для нашай краіны прынцыпе — назьве „талер“, — кажа ён. — У талерах, якія мы распрацоўвалі, усё гэта закладалася ўжо на ўзроўні ідэі. І каб тады ўрад прыняў адпаведнае рашэньне, працэс хутка пайшоў бы ў масы. Бо існавала правільная, граматная канцэпцыя, якая трымаецца на відавочных рэчах: на разуменьні, што такое краіна, у якой ты жывеш, што такое культура, у якой ты існуеш, што такое духоўнае асяродзьдзе, якое цябе атачае».

Паводле гісторыкаў, у 2014-м споўнілася 450 гадоў ад пачатку «біцьця» талераў у Вялікім Княстве Літоўскім. Віленская мынца («манэтны двор») запачаткавала справу ў 1564 годзе і досыць доўга вырабляла манэты вагой амаль 30 грамаў срэбра высокай пробы. Жыгімонт Аўгуст абвяшчаў выпуск талераў і дагэтуль, але, як сьведчаць дасьледчыкі, тады гэта была толькі дэклярацыя.

Талер стаў валютай міжнароднага гандлю і распаўсюдзіўся па сьвеце напачатку XVI стагодзьдзя. У 1518 годзе мынца чэскага графа Шцепана Шліка ў Яхімаве (па-нямецку Joachimstal — Яхімаў дол) пачала біць «ёахімсталеры», адкуль і пайшла назва талер.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG