Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Сьветлагорску фрылансэры здымалі сьпілаваныя елкі — і трапілі ў пастарунак


Цэнтральная плошча ў Сьветлагорску — да абнаўленьня

Цэнтральная плошча ў Сьветлагорску — да абнаўленьня

У Сьветлагорску міліцыя затрымала журналістаў-фрылансэраў Аляксея Атрошчанку і Кастуся Жукоўскага, а таксама грамадзкага актывіста, кіраўніка раённай арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргея Дайнэку.

«Мы здымалі, — кажа Сяргей Дайнэка, — на відэакамэру панараму цэнтральнай плошчы, на якой улады сьпілавалі паўдзясятка жывых елак і арэхавых дрэваў. На іх месца зьбіраюцца пасадзіць туі, быццам не засталося ў горадзе праблемаў, апрача як замяніць звыклыя зялёныя насаджэньні на экзатычныя.

Спачатку да нас падышла невядомая жанчына, стала лаяцца: „Што гэта апазыцыя, БНФ тут робіць?“, а сьледам за ёй і міліцыянты патрульна-паставой службы: „Чаго шуміце? Хто такія? Што робіце? Вашы дакумэнты?“

Мы, канечне, паказалі дакумэнты. Патлумачылі, што здымаем абнаўленьне плошчы. У фрылансэраў міліцыянты сталі дапытвацца, ці ёсьць акрэдытацыя, дазвол на відэаздымкі».

Паводле актывіста, неўзабаве на плошчы зьявіўся яшчэ адзін міліцыянт, які назваўся маёрам Вяжэвічам, і таксама запатрабаваў дакумэнты. І зноў-такі стаў пытацца ў Атрошчанкі і Жукоўскага пра акрэдытацыю.

«Дык правяралі ўжо! Ці чарга ўжо на праверку?» — пацікавіўся Жукоўскі.

Усім тром загадалі ісьці ў райаддзел міліцыі, які знаходзіцца побач, пры цэнтральнай плошчы.

«Мяне апыталі пад запіс, што рабіў на плошчы, і адпусьцілі, а Аляксея Атрошчанку і Кастуся Жукоўскага пакінулі ў пастарунку. Выклікалі аднекуль панятых, каб агледзець відэаапаратуру, і, відаць, таксама дапытаць або нават скласьці пратакол», — кажа Сяргей Дайнэка.

Тэлефоны Кастуся Жукоўскага і Аляксея Атрошчанкі пакуль недасяжныя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG