Раней тэлеканал CNN паведаміў, што 21 кастрычніка амэрыканскі хакер па мянушцы The Jester (жартаўнік, блазан) узламаў сайт расейскага замежнапалітычнага ведамства і пакінуў там паведамленьне з заклікам спыніць кібэратакі на ЗША:
«Магчыма, у вас атрымліваецца запалохваць суседнія краіны, але гэта Амэрыка. Тут гэта нікога ня ўразіла», — сьцьвярджалася ў апублікаваным на сайце расейскага МЗС паведамленьні.
Паводле зьвестак CNN, хакер узламаў сайт у адказ на напад на правайдэра буйных амэрыканскіх сайтаў і сэрвісаў, такіх, як Twitter, PayPal, Amazon, Spotify, Ebay, Netflix і Vox. Адказнасьць за гэтую кібэратаку ўзяла на сябе нейкая хакерская група пад назвай New World Hackers, паведамляе Associated Press. ФБР і Міністэрства нацыянальнай бясьпекі ЗША праводзяць расьсьледаваньне.
У пачатку кастрычніка ўлады Злучаных Штатаў абвінавацілі Расею ў хакерскіх нападах з мэтай умяшацца ў амэрыканскі перадвыбарчы працэс. Масква адпрэчыла гэтыя абвінавачваньні. Пазьней стала вядома, што Цэнтральнае разьведвальнае ўпраўленьне ЗША рыхтуе адказ на расейскія кібэрапэрацыі.