Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта дзікунства — забараняць рэлігію, забараняць веравызнаньне», — Анатоль Сідарэвіч


Малебен «Cьведак Яговы» ў Чыце, архіўнае фота
Малебен «Cьведак Яговы» ў Чыце, архіўнае фота

У Расеі царкву «Сьведкі Яговы» прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй. Расейскі Мін’юст заявіў, што «Сьведкі Яговы» распаўсюджваюць экстрэмісцкую літаратуру, таксама ведамства выявіла экстрэмізм у дзейнасьці аднаго з аддзяленьняў арганізацыі ў горадзе Бірабіджане. Цягам некалькіх дзён на тэрыторыі Расеі будуць зачыненыя ўсе 395 аддзяленьняў царквы. Ці не пагражае беларускім «Сьведкам Яговы» падобная сытуацыя?

«Сьведкі Яговы» зьявіліся ў Беларусі ў 1994 годзе, афіцыйна як рэлігійнае аб’яднаньне былі зарэгістраваныя ў Міністэрстве юстыцыі ў 1997-м. Цяпер у краіне 27 грамадаў «Сьведак Яговы», яны аб’ядноўваюць амаль 6 тысяч вернікаў.

Юрыстка, каардынатарка міжнароднай адукацыйнай праграмы Сеткі дамоў правоў чалавека «Міжнароднае права для абароны грамадзкіх інтарэсаў» у Беларусі Дзіна Шаўцова спадзяецца, што тут аналягічнай з Расеяй сытуацыі са «Сьведкамі Яговы» ня будзе. Праваабаронца зьвяртае ўвагу, што «Сьведкам Яговы» зарэгістравацца ў Мін’юсьце ўдалося ў 1997 годзе — яшчэ да таго, як у 2002 годзе быў прыняты Закон аб свабодзе веравызнаньня і рэлігійных аб’яднаньнях:

«Пры тым, што мы назіралі нэгатыўныя тэндэнцыі ў частцы абмежаваньня магчымасьцяў рэлігійнай дзейнасьці, рэлігійнай свабоды з прыняцьцем гэтага закону з пачатку 2000-х, магу сказаць, што ёсьць дрэннае заканадаўства, але няма надта нэгатыўнай практыкі яго прымяненьня. Прымяненьне артыкула 193 „прым“ Крымінальнага кодэксу (замах на асобы і правы грамадзян з боку кіраўніцтва рэлігійнага аб’яднаньня) здараецца, але да суду такія справы не даходзяць. Так што ўвесь гэты наш кантэкст рэлігійнай свабоды дае надзею на тое, што ў Беларусі са „Сьведкамі Яговы“ ня здарыцца так, як у Расеі».

Праваабаронца Дзіна Шаўцова ўзгадала і выпад упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі ў бок «Сьведак Яговы» ў лютым 2016 году, калі той сказаў:

«Не выключаю, што намі сумесна з аблвыканкамамі будуць прынятыя канкрэтныя крокі па зьняцьці з рэгістрацыі некаторых грамадаў «Сьведак Яговы».

«Падставай для пагрозы ў некаторай ступені стала навязьлівая для нашай культуры, для нашага мэнталітэту дзейнасьць «Сьведак Яговы» па распаўсюду сваіх перакананьняў. Але далей за гэтае выказваньне Гулякі справа не пайшла.

Некалькі гадоў таму была канфліктная сытуацыя ў Рэчыцы, калі «Сьведкі Яговы» праводзілі свой сход у прыватным доме, і да іх настойліва спрабавалі ўламіцца, выбілі дзьверы. Былі і праблемы, зьвязаныя з прызывам у войска вернікаў. Але менавіта з прычыны адмовы вернікаў «Сьведак Яговы» праходзіць воінскую службу ў 2000 годзе было прынята першае рашэньне Канстытуцыйнага суду па альтэрнатыўнай службе. Тады Канстытуцыйны суд зьвярнуў увагу, што такое права ў грамадзян ёсьць, яно павінна быць забясьпечана, і павінен быць распрацаваны заканадаўчы акт аб альтэрнатыўнай службе. Гэтай канфліктнай сытуацыяй займаўся Беларускі Хэльсынскі камітэт. Так што Закон аб альтэрнатыўнай службе зьвіўся не без уплыву «Сьведак Яговы».

Адмыслоўца ў рэлігійных справах, гісторык Анатоль Сідарэвіч наконт забароны ў Расеі дзейнасьці «Сьведак Яговы» выказаўся так:

«Гэта дзікунства — забараніць рэлігію, забараніць веравызнаньне. А што будзе зь вернікамі, з догматамі гэтай веры? Іх таксама забароняць, ці ўсе 200 тысяч расейскіх вернікаў „Сьведак Яговы“ ў Сыбір сашлюць? Як можна забараніць 200 тысячам людзей па-свойму верыць у Бога? Мяркую, што ўздагон за „законам Магніцкага“ ЗША прымуць „закон ягавістаў“.

Больш за тое, я ўпэўнены, што ўскладненьні для Расеі будуць і з Усясьветнай радай цэркваў, будуць ускладненьні з пратэстантамі, пяцідзясятнікамі, баптыстамі.

Званочак вельмі трывожны. У ХХІ стагодзьдзі гэта дзікунства — забараняць рэлігію. Нават у Савецкім Саюзе пад ціскам ЗША і Вялікай Брытаніі легалізавалі баптысцкую царкву, Сталін пайшоў на аднаўленьне Маскоўскай патрыярхіі і адначасова даў свабоду пяцідзясятнікам, баптыстам ды іншым. А пасьля распаду Савецкага Саюзу царква пяцідзясятнікаў ператварылася ў асобны Саюз хрысьціянаў веры эвангельскай. Цяпер пяцідзясятнікі ў Беларусі — самая вялікая пратэстанцкая царква.

Я сачу за гэтым працэсам і спадзяюся, што ў беларускіх уладаў хопіць розуму не пайсьці за прыкладам расейцаў».

Зьвязацца з кіраўніцтвам рэлігійнага аб’яднаньня «Сьведкі Яговы» ў пятніцу Свабодзе не ўдалося — яно паабяцала даць камэнтар на наступным тыдні.

Прыхільнікі рэлігійнай плыні «Сьведкі Яговы» адзіным Богам лічаць Ягову і адмаўляюць вучэньне пра Тройцу, бесьсьмяротнасьць душы. Асаблівую ўвагу сведкі Яговы аддаюць умацаваньню сям’і, адмаўляюцца ваяваць, захоўваюць палітычны нэўтралітэт, не адзначаюць дні нараджэньня, Каляды і Вялікдзень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG