Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ТОП-7 дамоў «спадара з падарункамі», альбо дзе жыве Санта-Клаўс


Хочаце пераканаць дзіця, што спадар, які кладзе падарункі пад ялінку, сапраўды існуе? У такім разе на зімовыя сьвяты варта зьдзейсьніць падарожжа ў адну зь сямі краін, дзе для казачнага пэрсанажа збудаваныя сядзібы і паркі і працуюць паштовыя офісы.

1. Беларусь. Белавеская пушча. Сядзіба Дзеда Мароза

Так склалася, што частка беларускіх дзетак на зімовыя сьвяты чакае прыходу Сьвятога Мікалая, камусьці падарункі пад ялінку кладзе Санта-Клаўс, да кагосьці завітвае Зюзя, і ўсё ж да большасьці прыходзіць Дзед Мароз. Менавіта ў апошняга ў Беларусі ёсьць свая сядзіба, якая знаходзіцца ў адным з найпрыгажэйшых месцаў краіны — у лясах Белавескай пушчы. Уладаньні Дзеда Мароза распасьціраюцца на 15 гектараў, больш чым у калегі з Ляпляндыі. У сядзібу ўваходзяць драўляны дом гаспадара, дзе ён жыве і прымае гасьцей, апартамэнты яго памочніцы Сьнягуркі, скарбніца зь лістамі і малюнкамі дзетак, асобная хатка, дзе наведвальнікаў чакае пачастунак. Ёсьць на тэрыторыі сядзібы і чароўны млын, які перакручвае дрэнныя ўчынкі ў труху, і паляна Дванаццаці Месяцаў, і алея знакаў Усходняга Календара. Па дарожках рэзыдэнцыі езьдзіць цягнічок, на якім з задавальненьнем катаюцца і дарослыя, і дзеці.

Сядзіба працуе на працягу ўсяго году, аднак самая гарачая пара тут, вядома, узімку. У Белавескай пушчы сьвяткуюць Каляды, Новы год, нават існуе цырымонія пропуску Новага году празь мяжу. Турфірмы прапануюць шэраг экскурсійных праграм з наведваньнем Белавескай пушчы і сядзібы Дзеда Мароза. Зьезьдзіць варта ўжо таму, што ў пушчы можна пабачыць зубра — самую статную і магутную жывёлу краіны. Выправіцца ў госьці да Дзеда Мароза можна і самастойна. Парк працуе штодня з 9:00 да 18:00. Ад цэнтральнай брамы Белавескай пушчы ў сядзібу зімовага пэрсанажа ідзе аўтобус для індывідуальных наведвальнікаў.

Дзед Мароз і Сьнягурка ў Белавескай пушы

Дзед Мароз і Сьнягурка ў Белавескай пушы

2. Фінляндыя. Рованіэмі. Санта-парк

Найвядомейшы Санта-Клаўс жыве ў фінскай Ляпляндыі. Ёўлупукі — так яго імя гучыць па-фінску — утрымлівае цэлы забаўляльны парк паміж Рованіэмі і аэрапортам. Галоўны офіс Ёўлупукі абсталяваны на паштамце: тут ён разьбірае пошту, складае сьпісы падарункаў, адказвае на лісты, а таксама сустракае маленькіх гасьцей. Жыве Ёўлупукі разам зь місіс Сантай, якая славіцца сваім кулінарным майстэрствам. Разам зь дзецьмі яна выпякае сьвяточныя булачкі, печыва і пернікі. Прымаць гасьцей гаспадарам дапамагаюць эльфы. У Санта-парку для іх зробленая майстэрня, дзе яны разам зь дзецьмі майструюць калядныя падарункі. Эльфы выкладаюць у школе каліграфіі, дзе ахвочыя могуць прыгожа падпісаць сьвяточную паштоўку і адправіць яе блізкім і сябрам. Эльфы дапамагаюць наведвальнікам парку перасекчы Палярнае кола, прычым — пад зямлёю. Эльфы-машыністы кіруюць цягніком, які падарожнічае праз усе поры году і робіць прыпынак у майстэрні эльфаў. Эльфы-праваднікі складаюць кампанію ахвочым пакатацца на санях, запрэжаных аленямі. Пакатацца можна па навакольлі і заехаць у вёску саамаў — карэнных жыхароў Ляпляндыі, якія сталі першымі аленегадоўцамі. Дарэчы, кажуць, што ў Ляпляндыі аленяў больш, чым людзей. На тэрыторыі парку ёсьць сувэнірная крама, Лядовы бар з фантазійнымі напоямі, працуе кавярня «Кота», дзе ў зімовы сэзон, апроч дэсэртаў і пачастункаў, можна замовіць паўнавартасны абед.

Санта-парк адчынены да 9 студзеня ад 10-й да 18-й.

На працягу года Ёўлупукі, адзін ці з жонкай, падарожнічае па сьвеце: ён вывучае мовы, прыглядаецца да дзяцей, яго жонка зьбірае кулінарныя рэцэпты для сваёй кнігі. Дарэчы, у 2010 годзе Ёўлупукі наведаў Менск, дзе напярэдадні зімовых сьвятаў сустрэўся зь беларускімі дзеткамі.

Фота ©Shutterstock

Фота ©Shutterstock

3. Швэцыя. Мура. Томтэлэнд

Швэды клічуць Санта-Клаўса Томтэ. Відавочна, скарочана ад — Юльтомтэн, які першапачаткова быў калядным гномам, якому штогод людзі павінны былі ставіць на ганак талерачку рысавай кашы зь міндалям. Цяпер у Швэцыі збудаваны Томтэлэнд, дзе гаспадарыць Томтэ з іншымі казачнымі пэрсанажамі. Пры ўваходзе ў парк наведвальнікі атрымліваюць мапу, каб было прасьцей арыентавацца на тэрыторыі, і праграмку падзей. У парку ёсьць Дом Санты са спальняй, гасьцявым пакоем, кабінэтам. Самы вялікі будынак Томтэлэнда — майстэрня Санты, у якой таксама разьмешчаныя пошта, кавярня і цацачная крама. Разам з Томтэ ў парку жывуць вялікія і малыя тролі, у дамках якіх можна гуляць, лясныя эльфы, фэі і прынцэса дрэваў, Сьнежная каралева, вадзяны эльф. У парку працуе рэстаран, кавярні, грыль на адкрытым паветры.

Сёлета парк працуе з 10:00 да 16:00. 2-3 студзеня ў Томтэлэндзе дзейнічае праграма на ангельскай мове.

Томтэлэнд збудаваны ў чароўнай правінцыі Даларна каля гарадка Мура — менавіта тут праходзіць сусьветна вядомая лыжная гонка Васалапет. Апынуўшыся ў мясцовасьці, варта наведаць медны руднік у Фалуне, дзе здабывалі чырвона-карычневы пігмент для фарбы, якой пафарбаваная ледзь не палова ўсіх драўляных дамоў Швэцыі. Дарэчы, на рудніку працуе асобная дзіцячая шахта. Знаходзіцца ў ваколіцах і самы папулярны гарналыжны курорт Швэцыі, дзе трэніруецца нацыянальная зборная краіны. Лыжны сэзон на курорце Оша Гронкліт пачынаецца ў сярэдзіне лістапада і доўжыцца да канца красавіка. І, вядома, на памяць у Даларне варта набыць каляровую статуэтку далекарлійскага коніка.

4. Нарвэгія. Курорт Савален

Яшчэ адна рэзыдэнцыя Санта-Клаўса знаходзіцца ў Нарвэгіі. Курорт Савален набыў сусьветную вядомасьць якраз праз тое, што Санта (па-нарвэску Юленісэн) абраў яго месцам свайго жыхарства. Уласна курорт працуе круглы год, аднак гарачая пара тут пачынаецца з надыходам зімовых сьвятаў — у сярэдзіне сьнежня. Юленісэн жыве, працуе і прымае гасьцей ва ўласным доме на вуліцы Санты. Разьбірацца з карэспандэнцыяй яму дапамагаюць, вядома ж, эльфы. Самыя ўдалыя лісты, паштоўкі і фотаздымкі Санта разьвешвае на сьценах свайго офісу. Апроч дома Юленісэна на вуліцы Санты знаходзіцца чатырнаццаць забаўляльных цэнтраў, дзе цягам дня можна хораша адпачыць і павесяліцца. Уласна курорт Савален разьлічаны на актыўны сямейны адпачынак. Тут распрацавана сетка лыжных маршрутаў: гэта 7 трас, 4 пад’ёмнікі, зь якіх адзін — дзіцячы, і амаль сто кілямэтраў трасы для бегавых лыжаў. Ёсьць горкі, лядовыя каткі. І, вядома, сярод самых гарачых прапаноў — катаньне на вазках, запрэжаных аленямі, і сьнегаходах. Пагрэцца пасьля марозных забаваў можна ў вялізным спа-цэнтры — з саўнамі, басэйнамі, гротамі і неверагодна прыгожым відам на горы.

5. Грэнляндыя. Нуўк

Падарожжа да дацкага Санты можа апынуцца сапраўднай авантурай: месцам свайго жыхарства ён абраў экзатычную Грэнляндыю. Тэмпэратура паветра тут не ўзьнімаецца вышэй за пяць-дзесяць градусаў цяпла нават улетку, затое ўзімку і ўвосень тут самае прыгожае паўночнае зьзяньне. Жыве мясцовы Санта-Клаўс у мініятурнай сталіцы Грэнляндыі — горад Нуўк налічвае трошкі больш за пятнаццаць тысяч жыхароў. Сярод самых папулярных месцаў — офіс і паштовае аддзяленьне Санта-Клаўса і будынак Нацыянальнага музэю з муміямі эскімосаў. Зімою, асабліва на сьвяты, у Грэнляндыі — гарачая пара. Аэрапорты выспы прымаюць рэкордныя лічбы турыстаў, у сталіцу дадаткова курсіруюць паромы. Калі застацца на сьвяты ў Грэнляндыі, існуе вялікая верагоднасьць таго, што Санта асабіста пакладзе падарунак пад вашу ялінку. Сьвяткаваньне не абыходзіцца тут безь зімовых забаў: катаньня на лыжах і каньках, язды на сабачых запрэжках. Можна выправіцца на паляваньне, рыбалку ці ў падарожжа да леднікоў. І, вядома, тут варта паспрабаваць мясцовую кухню, дзе перавагу аддаюць морапрадуктам. Іх вараць, параць, смажаць ці сушаць — і ядуць. А пасьля запіваюць, на выбар, гарбатай, кавай зь вяршкамі, трыма відамі алькаголю ці аленевым малаком.

Палярнае зіхценьне над Нукам. Фота ©Shutterstock

Палярнае зіхценьне над Нукам. Фота ©Shutterstock

6. Аляска. Норт-Поўл

Дом амэрыканскага Санта-Клаўса ў штаце Аляска існуе больш за шэсьцьдзясят гадоў. Гісторыя яго стварэньня выглядае як клясычная амэрыканская казка.

У 1949 годзе Кон і Нэлі Мілер апынуліся ў штаце Аляска, маючы ў кішэні адзін даляр і сорак цэнтаў, а на плячах — двух галодных дзяцей. Каб зарабляць на пражыцьцё, Кон зрабіўся гандляром, а на Каляды штогод, апрануўшы чырвоны строй Санта-Клаўса, віншаваў мясцовых дзетак са сьвятамі. У хуткім часе, Кона сталі пазнаваць на вуліцах. У 1952 годзе сям’я вырашыла адкрыць сваю першую краму ў новым мястэчку пад назвай Норт-Поўл, альбо Паўночны полюс.

Аднойчы ўвечары, калі Кон сканчваў апошнія прыгатаваньні да адкрыцьця крамы, у памяшканьне зайшоў малады хлопец і, пазнаўшы Кона, прамовіў: «Вітаю, Санта-Клаўс! Ты будуеш сабе новы дом?» Натхненьне ў момант прыйшло да гаспадара: ён вырашыў назваць сваю краму «Дом Санта-Клаўса».

Больш за 20 гадоў крама пад клапатлівым кіраўніцтвам Нэлі і Кона была і паштовым аддзяленьнем, і гандлёвым цэнтрам, і месцам сустрэчы местачкоўцаў, дзе можна было выпіць кубачак кавы і абмеркаваць апошнія падзеі ў штаце і сьвеце. У 1972 годзе Мілеры вымушаныя былі пераехаць у новы будынак, а «Дом Санта-Клаўса» займеў новы статус рэзыдэнцыі «спадара з падарункамі».

У хуткім часе дом набыў вядомасьць у сьвеце, і гарадок атрымаў няспынны турыстычны паток, асабліва падчас зімовых сьвят. Кон 19 гадоў праслужыў мэрам Норт-Поўла, а Нэлі зьвязвала тысячы лёсаў, ладзячы ў Доме Санты шлюбныя цырымоніі.

Цяпер справу бацькоў працягваюць дзеці. Штогод тысячы турыстаў наведваюць гарадок у штаце Аляска і тысячы дзяцей дасылаюць у мясцовае аддзяленьне сувязі свае лісты. Дарэчы, на панадворку каля дамка Санты стаіць адна з найвялікшых у сьвеце статуй гэтага сьвяточнага пэрсанажа — вышыня яго дасягае 42 мэтраў.

Дом Санта-Клаўса працуе круглы год. Тут можна сустрэцца з самім Сантам, пакатацца на аленях, набыць шыкоўныя падарункі і пад кубачак кавы з’есьці смачны дэсэрт.

7. Расея. Вялікі Ўсьцюг

У гэтай краіне Дзед Мароз мае некалькі рэзыдэнцый, аднак самая вядомая знаходзіцца ў старажытным горадзе Вялікі Ўсьцюг. У падарожжа ва Ўсьцюг можна адправіцца на самалёце альбо на Навагоднім цягніку, які пачынае курсіраваць з расейскай сталіцы на зімовыя сьвяты. Уласна ў горадзе тутэйшы Дзед Мароз мае паштовае аддзяленьне, майстэрню і працоўны кабінэт. Большасьць наведвальнікаў, аднак, імкнуцца трапіць ва ўладаньні гаспадара ў 8 кілямэтрах ад горада. Гэта сапраўдны забаўляльны парк — з казачнай сьцежкай, з палацам Дзеда Мароза, ледніком, кузьняй, майстэрняй, Зімовым садам і заапаркам. На тэрыторыі парка працуюць кавярні, дзе можна ўтульна пасядзець, адпачыць, выпіць гарачай гарбаты з пачастункамі. Дом Дзеда Мароза адкрыты для наведваньня круглы год.

Сядзіба Дзеда Мароза ў Вялікім Усьцюгу. Фота ©Shutterstock

Сядзіба Дзеда Мароза ў Вялікім Усьцюгу. Фота ©Shutterstock

Яна Шыдлоўская
для Радыё Свабода

XS
SM
MD
LG