Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьвятлана Алексіевіч: «Надзея Саўчанка стала ўкраінскай Жаннай д’Арк»


Сьвятлана Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч

«Украіна будзе вольнай, свабоднай, незалежнай. Іншая справа — хацелася, каб было менш крыві», — заявіла нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, перадаючы ва ўкраінскую амбасаду кнігі і ліст для Надзеі Саўчанкі.

2 сьнежня ў амбасадзе Ўкраіны ў Менску ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч перадала для ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, якая цяпер у расейскай турме, свае кнігі «Ў вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі» і «Чарнобыльская малітва», а таксама ліст да яе.

Сьвятлана Алексіевіч назвала Надзею Саўчанку «ўкраінскай Жаннай д’Арк» і выказала словы павагі і ўдзячнасьці:

«Я вельмі захапляюся Надзеяй Саўчанкай, гэта чалавек, які абараняе сваю радзіму, сапраўдны салдат. Асабліва гэта зразумела ў Беларусі, дзе была партызанская вайна, калі велічэзная дзяржава навальваецца на іншую дзяржаву, менш падрыхтаваную да вайны. Тады ўсё залежыць ад мужнасьці асобных людзей, ад самаахвярнасьці. Зразумець гэта складана ў мірны час. Я разумею, як гэта няпроста — сёньня паміраць. Тым больш што ўкраінская армія аказалася непадрыхтаваная да такой маштабнай інтэрвэнцыі.

Хутчэй за ўсё, тыя мужчыны, якія яе захапілі, падумалі, што яна проста баба. Я сама была на вайне ў Аўганістане, калі пісала кнігу „Цынкавыя хлопчыкі“, і ведаю, як мужчыны ставяцца на вайне да жанчыны — крыху высакамерна. Яны думалі, што гэта баба, а Надзея аказалася ўкраінскай Жаннай д’Арк. Гэта сымбаль барацьбы ўкраінскага народу».

Народнага дэпутата Ўкраіны, лётчыцу Надзею Саўчанку ў Расеі абвінавачваюць у саўдзеле ў забойстве двух супрацоўнікаў расейскага тэлебачаньня, якія летам 2014 году нелегальна знаходзіліся пад Луганскам і трапілі пад артылерыйскі абстрэл. Саўчанка абвінавачваньні адмаўняе.

Што будзе далей з Надзеяй Саўчанкай, які лёс яе чакае — прадказаць цяжка, мяркуе Сьвятлана Алексіевіч:

«Гэта залежыць ад міжнароднай каньюнктуры — ці яе памяняюць на кагосьці, ці проста адпусьцяць. Гэта цяпер незразумела, як незразумелая і геапалітычная мапа ў сьвеце, якая мяняецца кожны дзень. Вось Сырыя і ні з пушчы ні з поля Турэччына раптам сталі ворагамі. Расея цяпер апынулася ў коле ворагаў, і гэта знаёмая формула для Расеі.

Надзя — карта ў гэтай гульні, невялікая, але сур’ёзная карта. Яна паводзіць сябе так, што гэта каштуе ёй жыцьця, я ведаю, як яна галадала, я памятаю яе першы допыт — гэта была неймаверная годнасьць!

Я сама напалову ўкраінка, у мяне маці ўкраінка, я вельмі рада, што ўва мне цячэ ўкраінская кроў. Я нядаўна была ва Ўкраіне, была на Майдане, я бачыла гэтых людзей, я схіляю галаву перад Нябеснай сотняй. Гэта героі, гэта людзі, якія былі гатовыя памерці за сваю краіну. Я мела вельмі шмат сустрэчаў з маладымі людзьмі і бачыла гэтыя палымяныя вочы, жаданьне пабудаваць новую краіну. Гэта ўсё складаецца ў мяне ў адзіную карціну, што Ўкраіна будзе вольнай, свабоднай, незалежнай краінай. Іншая справа — хацелася, каб было менш крыві...

Я бачыла, як рэфрыжэратары развозілі па Ўкраіне загінулых герояў, украінскіх салдат. Як беглі да дарогі жанчыны, дзеці, мужчыны станавіліся на калені ўздоўж дарогі — я пра гэта і цяпер бязь сьлёз не магу гаварыць. Што б там ні казалі пра карупцыю, Расею, няўменьне Ўкраіны процістаяць, адсутнасьць моцнай баяздольнай арміі, якую раскралі, іншыя праблемы — але было адчуваньне, што гэта народ».

Украінскія дыпляматы ў лістападзе перадалі нобэлеўскай ляўрэатцы Сьвятлане Алексіевіч кнігу ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі «Сильне ім’я Надія». Легендарная ўкраінка ў знак павагі да Алексіевіч напісала: «Любити свій народ, свою Батьківщину, людей і залишатися людиною!»

Сьвятлана Алексіевіч сказала, што кнігу Надзеі Саўчанкі, якую тая напісала ў вязьніцы, яна прачытала і была вельмі ўражаная:

«Мне вельмі спадабалася, што ў кнізе Надзея такая, як у жыцьці — там усё ёсьць. Яна перадала дух армейскага побыту, годнасьць, пагарду да катаў. Чым страшная таталітарная сыстэма, як цяпер кажуць, — Бэрыі і Сталіна? А хто пісаў даносы, хто ахоўваў, хто зьбіваў ахвяраў, зьдзекаваўся, судзіў? Ёсьць мільёны маленькіх катаў. І гэта яна вельмі добра паказала — наколькі зло банальнае, наколькі яно пранізвае ўсё жыцьцё. Такіх людзей, як Надзя, ня вельмі шмат. І тое, што яны ёсьць, — гэта ратуе нашу агульную годнасьць».

Часовы павераны ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Валер Джыгун падзякаваў Сьвятлане і выказаў спадзяваньне, што, магчыма, аўтарытэт нобэлеўскай ляўрэаткі паспрыяе вызваленьню Надзеі Саўчанкі.

Сьвятлана Алексіевіч паабяцала, што пасьля ўрачыстасьцяў у Швэцыі і лячэньня ў Ізраілі абавязкова наведае Ўкраіну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG