Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкая турэмная мадэль з савецкімі зэкаўскімі паняцьцямі


Экспэрты-крымінолягі многіх краінаў сьвету сёньня сьведчаць пра «крызыс пакараньня», маючы на ўвазе крызыс крымінальнай палітыкі і крымінальнай юстыцыі, крызыс паліцэйскага кантролю. Аднак пры гэтым адзначаюць, што нічога іншага за турму чалавецтва пакуль так і не прыдумала.

«Турма — гэта заўсёды кепска»

Установы, прызначаныя ізаляваць ды застрашваць злачынцаў — правобраз цяперашняй турмы — узьніклі ў Эўропе ў прамежку паміж 12 і 16 стагодзьдзямі. У ВКЛ у 15–17 стагодзьдзях турэмнае зьняволеньне рэгулявалася заканадаўча. Ізаляцыя правапарушальніка магла быць наземнай або падземнай, злачынец мусіў плаціць за яе так званае мыта, і абмяжоўвалася яна тэрмінам ад шасьці месяцаў да году. Самым жорсткім пакараньнем было пазбаўленьне жыцьця. Гэтая кара дзялілася на кваліфікаваную ды простую. Кваліфікаваная — гэта калі злачынцу спальвалі, саджалі на кол, закопвалі жывым у зямлю і г.д. Простай сьмяротнай карай лічылася адсячэньне галавы або павешаньне. У ВКЛ турма адыгрывала перадусім функцыю застрашваньня. Адлік жа гісторыі эўрапейскіх турмаў у сучасным разуменьні вядзецца з 16 стагодзьдзя, калі ў Нямеччыне ў 1532 годзе быў прыняты першы крымінальны кодэкс Караліна (Constitutio Criminalis Carolina, у скароце С.С.С.).

Якаў Гілінскі
Якаў Гілінскі

«Гэтым актам, — адзначае прызнаны аўтарытэт, прафэсар крыміналёгіі з Санкт-Пецярбургу Якаў Гілінскі, — упершыню было заяўлена пра пазбаўленьне волі. Чужыя паводле думкі і дзеяньняў (не такія, як мы) павінны былі быць адпрэчаныя ад, так бы мовіць, „нас“ — нармальных, законапаслухмяных. Вось гэтая ізаляцыя магла быць у розных формах. Самая простая ды старажытная — выгнаньне. Ня менш просты шлях — фізычнае зьнішчэньне. Зьвярніце ўвагу — спаленьне тых жа „вядзьмарак“, з аднаго боку, лічылася зьнішчэньнем, а з другога — узаконеным рытуалам ачышчэньня. Бо, паводле інквізытараў, праз полымя ды агонь праходзіла ачышчэньне ад цёмных сілаў. У сярэднявеччы пачала распаўсюджвацца ізаляцыя яшчэ адной катэгорыі „не такіх, як мы“, — псыхічна хворых. Іх утрымлівалі як крымінальных злачынцаў — у такіх жа вязьніцах, сырых сутарэньнях, прыкоўвалі ланцугамі да слупоў і г.д. Зь цягам часу ўсё гэта спарадзіла турму ў шырокім сэнсе слова як спосаб ды мэтад ізаляцыі».

На пытаньне, ці можна казаць пра нейкі прагрэс у турэмнай сыстэме за гэты час, прафэсар Гілінскі, якому давялося наведваць турмы і іншыя пэнітэнцыярныя ўстановы шмат якіх краін Азіі, Амэрыкі, Эўропы і, вядома ж, былога СССР ды Расеі, адказвае:

«Турма — і гэта тычыцца любой краіны — гэта заўсёды кепска. Калі мы будзем зыходзіць з гэтага гледзішча, гледзішча прагрэсу зла, то, зразумела, зло можа прагрэсаваць, але тады яно становіцца яшчэ большым злом.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:57 0:00
Наўпроставы лінк

Паводле прафэсара Гілінскага, садзячы людзей у вязьніцы, грамадзтвы так ці інакш атрымліваюць іх «назад» — але ўжо з крымінальнымі норавамі, мовай, ладам жыцьця. Навуковец прытрымліваецца думкі, што на большай частцы постсавецкай прасторы вязьніца сваёй «блатной» часткай уваходзіць у побыт грамадзтва і яго культуру і хутчэй спрыяе дэзадаптацыі былога зьняволенага ды служыць яму школай злачыннасьці, чым выконвае функцыю рэсацыялізацыі і перанавучаньня. Прафэсар Гілінскі выкарыстоўвае такі тэрмін, як «прызанізацыя» («атурэмліваньне», ад англ. prison — турма).

У той час як турмы Заходняй Эўропы пераконваюць, што надзейнасьць аховы (у асноўным з дапамогай электроннай тэхнікі, без аўтаматчыкаў і сабак) і рэжымныя патрабаваньні цалкам могуць спалучацца з захаваньнем правоў чалавека, павагай яго асобы, — на вялікай частцы постсавецкай прасторы турэмныя ўстановы застаюцца ваенізаванымі аб’ектамі. Наглядчыкі тут маюць вайсковыя знакі адрозьненьня, а аўтаматчыкі ды сабакі — абавязковы турэмны атрыбут. Два дзесяцігодзьдзі, якія прайшлі з моманту распаду СССР, не сфармавалі нейкай новай альтэрнатыўнай культуры турмы, — адзначае Гілінскі.

Мова сучаснай літоўскай турмы. Ні «фені», ні «зладзеяў у законе»

Нават у Літве, Латвіі, Эстоніі — рэспубліках, якія самымі першымі выйшлі са складу СССР і даўно будуюць турмы паводле швэдзкай мадэлі, — усё яшчэ дзейнічаюць савецкія зэкаўскія «паняцьці». Былы мянчук, а цяпер вілянчук, якія зьведаў савецкія, беларускія ды літоўскія турмы, Валер Савянкоў перакананы, што зьнікнуць яны ня вельмі хутка, бо гэта кодэкс, які рэгулюе адносіны паміж зэкамі:

Валер Савянкоў
Валер Савянкоў

«Уся савецкая крымінальная культура — зэкаўская, яна захавалася. Бо толькі яна дапамагае вызначаць адносіны паміж зэкамі. Яна ж фармавалася гадамі. Яна расстаўляе па сваіх месцах касты, кланы. І больш-менш ратуе многіх людзей, таму што гэта „кодэкс“. І яго трэба выконваць. Калі немагчыма зь „пеўнем“ за руку павітацца, то гэта немагчыма ні ў якім разе! Новыя зэкі гэта перанялі і таксама выконваюць».

Калі казаць пра так званую «лінгва франка» літоўскай турмы, то гэта, паводле Валера Савянкова, безумоўна, літоўская мова, але таксама і расейская. Яна зразумелая як крымінальнікам-літоўцам, так і наглядчыкам. Галоўнае правіла літоўскай турмы — у камэрах павінна гучаць толькі зразумелая мова. З гэтай прычыны ў зэкаўскім асяродзьдзі не пачуеш мовы польскай меншасьці. Яна не зразумелая бальшыні зэкаў. Гэтаксама не гучыць ці амаль не гучыць так званая феня.

«Гэта таксама незразумелая мова для многіх насельнікаў літоўскіх турмаў. Не гучыць у нас і шансон. Большасьць нашых сядзельцаў — моладзь. А ў яе зусім іншыя прыярытэты», — кажа Валер Савянкоў.

«Калі ж гаварыць пра такую зьяву савецкага крымінальнага сьвету, як „зладзеі ў законе“, то ў Літве такога таксама няма, таму што „карануюць“ у асноўным у Расеі. У Літве калі што зьявіцца на ўзроўні чуткі, то яго ціха забяруць, пасадзяць у асобную камэру ў падвале, і ніхто ня будзе ведаць — хто ён, што ён і як. Каб не было такога. Няма і такога паняцьця, як „смотрящий“. У кожнай камэры будзе такі, хто ведае традыцыі, хто ведае кодэкс, той і будзе, хто больш „аўтарытэтны“ — а гэта той, хто больш сядзеў. „Спэцоўскі“, як у нас кажуць. Значыць, у яго тры-чатыры „ходкі“. І ён самы аўтарытэтны, ён ведае, каго чапаць нельга, у каго „по беспределу“ нельга адабраць ні адзежу, нічога. Таму што каб не было гэтага кодэксу, адміністрацыя б ня ўправілася з парадкам і дысцыплінай, там быў бы „беспредел“. Хто каго хацеў — біў бы, хто каго хацеў — абіраў бы. А там трэба за ўсё гэта адказаць. Калі ты ўжо зь некім ня так зрабіў, то павінен перад старшым адказаць — чаму?»

Грузія. Калі крымінальныя аўтарытэты ў ізаляцыі

У грузінскім турэмным фальклёры нямала песьняў, прысьвечаных цяжкай зэкаўскай долі.

Найбольш папулярнай зь іх лічыцца «Доля зладзейская». Кажуць, яна нярэдка гучыць на крымінальных сходках. Шырокай савецкай аўдыторыі яна стала вядомая дзякуючы кінакарціне «Вырак» (1959 г.) студыі «Грузіяфільм».

Паняцьце «Злодзей», «злодзей у законе», «законьнік» — найвышэйшы ў злачынным асяродзьдзі тытул — зьявілася ў СССР у 1930-я гады і ня мае аналягаў у сусьветнай крымінальнай практыцы. «Злодзей у законе» — гэта ня проста прадстаўнік крымінальнай эліты, ён захавальнік злачынных традыцыяў, гарант «паняцьцяў», трацейскі судзьдзя ў розных крымінальных разборках.

Пасьля 2003 году, калі да ўлады ў Грузіі прыйшоў Міхаіл Саакашвілі і абвясьціў вайну арганізаванай злачыннасьці, шмат якія СМІ пісалі, што ўсе грузінскія зладзеі ў законе або сядзяць за кратамі як шараговыя крымінальнікі, або, хто не сядзіць, эмігравалі з Грузіі, збольшага ў суседнюю Расею. Паводле расейскіх праваахоўных крыніцаў, апошнім часам у Маскве легальна і нелегальна пражываюць каля сотні крымінальных «аўтарытэтаў» з гэтай закаўкаскай краіны.

Пасьля сыходу Саакашвілі з прэзыдэнцкай пасады ў мясцовых СМІ зьявіліся шматлікія сьведчаньні таго, што абвешчанае ім рэфармаваньне пэнітэнцыярнай сыстэмы паводле амэрыканскай мадэлі не ўдалося. Больш за тое, у інтэрнэт былі выстаўленыя відэаролікі пра катаваньні зьняволеных, зьдзекі зь іх і нават згвалтаваньні. Былы асуджаны Ўладзімер вызваліўся ўжо пры новым прэзыдэнце. Ён сядзеў у тым ліку і ў сумна вядомай тбіліскай Глданскай вязьніцы. Паводле ягоных словаў, тое, што паказана на скандальна вядомым відэа, — гэта вяршыня айсбэрга.

Уладзімер: «Тое, што ізалявалі „зладзеяў у законе“, — гэта ня значыць, што герархіі ў турме больш няма. Бо ў любым выпадку кіраваць турмой даводзіцца з дапамогай нейкіх аўтарытэтаў.Паколькі зладзеі ізаляваныя, то ў свае рукі справу ўзялі тыя, хто спрытнейшы. Па сутнасьці, гэтыя зэкі пачыналі дзейнічаць ад імя „законьнікаў“. Як усё было пры іхнім кіраваньні? Там, дзе я сядзеў, быў так званы „куратнік“. Іх галоўны „певень“ — істота, якая мела ўлады больш, чым астатняе „зэкаўскае“ начальства — заўгасы, ключнікі і г.д. Было бачна, як яго пабойваюцца нават некаторыя кантралёры. Калі прывозілі этап малалетак, ён ішоў у „каранцін“ і выбіраў сабе чарговую ахвяру.З тых шасьці камэраў „куратніка“ па начах, калі новенькіх прывозіла „варонка“, даносіліся крыкі. Дзеля застрашваньня іх зьбівалі і ўсяляк зь іх зьдзекаваліся бугаі ў форме. Любы няверны крок тых асуджаных, і зь імі могуць зрабіць невядома што».

«Калі казаць пра барацьбу з „паняцьцямі“, то беларуская сытуацыя нагадвае грузінскую», — лічыць былы зэк Алег. Алег сядзеў аднойчы. Спачатку на Кальварыйскай у Менску, а пасьля закрыцьця гэтай калёніі — у Віцебску.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:19 0:00
Наўпроставы лінк

«Я ніколі не належаў, як і не зьбіраюся належаць, да так званых «блатных», сьвядомых крымінальнікаў. Але лічу: пакуль у нашых турмах не існуе альтэрнатывы старым зэкаўскім «паняцьцям».

Сяргей, які больш за палову з сваіх 45 гадоў правёў за кратамі, лічыць, што зладзейскія паняцьці ў беларускіх турмах, аднак, усё яшчэ дзейнічаюць. Існуе, як і паўсюль на постсавецкай прасторы, каставая сыстэма. Той жа перавод асуджаных у ніжэйшую касту «апушчаных». Але нейкі сэксуальны гвалт пры гэтым, адрозна ад тых жа грузінскіх турмаў, тут не дапускаецца.

Паводле словаў Сяргея, калі нешта падобнае здарыцца, тым больш у дачыненьні да маладога недасьведчанага першахода, вычварэнец будзе пакараны паводле самых строгіх зэкаўскіх законаў.

«Турма мяняецца, — працягвае суразмоўца. — Адыходзіць такі рытуал ініцыяцыі, як турэмныя наколкі, якія маглі расказаць пра артыкулы зэка ды яго статус, адыходзіць зэкаўская блатная песьня. Яшчэ — традыцыя чыфірыць».

Мікіта Ліхавід варыць чыфір
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:52 0:00
Наўпроставы лінк

Цяперашняя турма не жыве адзіным арганізмам, як гэта было раней.

Аляксандар Фядута: пра турэмны кодэкс і жывучасьць жаргону

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

Пісьменьнік ды грамадзкі дзеяч Аляксандар Фядута сядзеў у сьледчым ізалятары КДБ. У пік сталінскіх рэпрэсіяў 1937–1938 гадоў у падвалах гэтай установы, паводле ацэнак некаторых дасьледчыкаў, расстралялі больш за 10 тысяч чалавек, у тым ліку шмат прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты. Фядута трапіў у «Амэрыканку» ў сьнежні 2010 году як фігурант справы аб Плошчы. Сярод вязьняў СІЗА 21 стагодзьдзя — кандыдаты на прэзыдэнта, літаратары, журналісты, палітыкі, банкіры, міністры, амэрыканскі адвакат, вядомы расейскі бізнэсовец.

Наша размова — пра турэмны кодэкс, а таксама пра жаргон гэтай элітарнай турмы.

Аляксандар Фядута падкрэсьлівае, што ў ягоным выпадку ў камэры не было «смотрящего», старшага камэры, як заведзена з савецкіх часоў. І, адпаведна, паводзіны арыштаваных і ўзаемаадносіны паміж імі былі іншыя:

«У адной з камэр, дзе я сядзеў, быў хлопец, які вельмі добра рабіў салату і рабіў яе на ўсю камэру. І тады ён станавіўся галоўным. А калі ўвечары мае калегі па няшчасьці пыталіся, ці не магу я ім прачытаць нейкую лекцыю ці пераказаць кнігу, я станавіўся галоўным. А калі мы выходзілі на шпацыр, галоўным быў той, хто ішоў за мной і сачыў, каб я не зваліўся ад галалёду. Мяне, шчыра кажучы, уразіла гэта. І ўразіла культура паводзінаў. Разумееце, у камэры, разьлічанай на чатыры асобы, сядзяць шэсьць чалавек. І ў кожнага павінна быць мажлівасьць застацца сам-насам з сабою. Гэта ня значыць, што яму выдзеляць нейкі куток. Але па твары, яго выразы бачыш: чалавек чытае альбо піша ліст. І ў гэты момант мяняецца канфігурацыя прасторы ў камэры, у яго асабістую прастору ніхто не заходзіць. Таму што галоўнае — не перашкаджаць чалавеку. Гэта што датычыць менавіта культуры быцьця, культуры паводзін».

Разумееце, у камэры, разьлічанай на чатыры асобы, сядзяць шэсьць чалавек. І ў кожнага павінна быць мажлівасьць застацца сам-насам з сабою

У цэлым у савецкія часы ў жыцьці грамадзтва прысутнічала і турэмная лексыка, і турэмныя аповеды. Турэмная культура пранікала ў культуру масавую ў тым ліку і праз заснавальнікаў ды правадыроў савецкай дзяржавы, якія паспыталі царскай катаргі і для якіх турэмны быт і звычаі сталі часткай жыцьцёвага досьведу. Ці зьмяняецца нешта ў гэтым сэнсе ў сёньняшняй Беларусі?

Фядута: «У грамадзкім жыцьці Беларусі дамінуе тое пакаленьне, якое пражыло палову жыцьця ці больш пры савецкай уладзе. Напрыклад, як я. І, хачу я ці не, у маёй падсьвядомасьці ёсьць такі выраз: палова краіны сядзела, другая — сьцерагла. І мы дагэтуль успрымаем краіну як краіну былых зэкаў і былых ахоўнікаў, нашчадкаў катаў і ахвяраў. Толькі цяпер зьявілася тая генэрацыя беларусаў, для якой турэмны лексыкон неактуальны. Актуальны інтэрнэт-лексыкон, так званая „альбанская мова“. Гэта зусім іншая генэрацыя. Дзякуй, што яна зьявілася, а маё пакаленьне адыходзіць. З майго пункту гледжаньня, нават калі былы зэк, ну, напрыклад, як Алесь Бяляцкі, ці Фядута, ці Анатоль Лябедзька не выкарыстоўвае турэмны жаргон, гэта адбываецца не таму, што ён яго ня ведае, а таму, што мы ня хочам яго ўжываць. Але справа ў тым, што мы ведалі гэты турэмны жаргон яшчэ да таго, як мы апынуліся ў турме. І сказаць, што гэта таксама частка нашай асабістай культуры, немажліва. Бо ўжо гарбачоўская генэрацыя — я маю на ўвазе тых, хто стаў дарослымі людзьмі, паканчаў унівэрсытэты, пачаў працаваць пры Гарбачову, — ужо тады для нас турэмны жаргон ня быў актуальны. А цяпер гэта распаўсюджваецца і на астатнія страты грамадзкасьці. Слова „страты“ я тут ужываю ў сацыялягічным сэнсе.

Трошку іншая сытуацыя ва Ўкраіне і ў Расеі. Таму што там вялікія рэгіёны, дзе канцэнтрацыя былых зэкаў занадта вялікая. Гэта той жа самы Данбас. А ў Расеі — Сыбір і Поўнач. Вось там турэмны жаргон сапраўды актуальны, і нават ня толькі ў тых сацыяльных групах, якія лічаць сябе сацыяльна блізкімі да турмы».

Адрозна ад заснавальнікаў савецкай дзяржавы, кіраўнікі краінаў СНД, за выключэньнем экс-прэзыдэнта Ўкраіны Януковіча, за кратамі не сядзелі. Чаму некаторыя зь іх выкарыстоўваюць турэмны слэнг? Напрыклад, той жа Пуцін: «шыла ў сьценку і на бакавую» — што на мове супрацоўнікаў НКВД азначала «закрыць справу»?

Ці ня можа на захаваньне турэмных традыцыяў уплываць хоць бы тое, што ў кабінэце кожнага беларускага міліцэйскага начальніка можа стаяць бюст Дзяржынскага, былога сядзельца царскіх часоў, які застаецца ўзорам і сымбалем для перайманьня?

Фядута: «Я ня ведаю, ці існуе польская «феня», — мажліва, існуе. Але наўрад ці шляхціц Фэлікс Дзяржынскі стаў бы ёю карыстацца. Таксама як і патомны дваранін Уладзімір Ульянаў. Яна для Леніна не была актуальная, яна не была яму патрэбная. Яны ўсё маглі выказаць на правільнай расейскай мове. Досьвед зэкаў — гэта ўжо іншая генэрацыя тых, хто трапіў на вышэйшы ўзровень улады. Зэкаўскі лексыкон пасьля Сталіна сышоў, пры Хрушчову гэта не было модна. А пры Брэжневу наагул ані ў кога з кіраўнікоў не было асабістага турэмнага досьведу. Таму гэта тады на вышэйшым узроўні не прыжылося. І цяпер мы сапраўды бачым, як прэзыдэнт Расеі карыстаецца турэмнай «феняй», таму што яна для яго ўжо мова ўлады, улады бескантрольнай, якая ня хоча нікому падпарадкоўвацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG