Віленскаму акруговаму суду, які разглядвае справу 13 студзеня 1991 году, удалося выдаць позву былому прэзыдэнту Савецкага Саюзу Міхаілу Гарбачову, паведамляе Delfi.
«Уручаная позва, і ўручана яна 28 сьнежня», — сказала ў чацьвер судзьдзя Айнора Карнэлія Мацявічэне, якая разглядае гэтую справу. Паводле яе, позва ў суд Гарбачову была накіраваная звычайнай поштай на адрас Фонду М. Гарбачова. Суд атрымаў паведамленьне аб ўручэньні позвы. У адрасаваным суду лісьце ёсьць подпіс М. Гарбачова. Больш ніякіх дакумэнтаў суд не атрымаў — не паведамляецца, ці сьведка мае намер прыбыць на працэс у Літве, або ён згодны даць паказаньні з дапамогай відэаканфэрэнцыі.
У гэтай позьве названыя ўсе заплянаваныя даты судовых пасяджэньняў. Суд зазначыў, што згодны правесьці відэаканфэрэнцыю для апытаньня гэтага сьведкі. У парадку дня таксама ёсьць просьба, каб 85-гадовы М. Гарбачоў назваў асобу, зь якой можна было б падтрымліваць сувязь пры варыянце дыстанцыйнага апытаньня. Яшчэ адна позва была адпраўлена яму электроннай поштай, трэцяя позва — празь Міністэрства юстыцыі.
Віленскі акруговы суд у кастрычніку летась пастанавіў апытаць М. Гарбачова ў якасьці сьведкі. Просьбу апытаць былога лідэра Савецкага Саюзу падалі сын загінулага падчас крывавых студзеньскіх падзеяў Апалінараса Павілайціса Робертас Павілайціс і ягоны адвакат. Сам Гарбачоў раней адмаўляў, што даваў загад страляць у Вільні.
У ноч на 13 студзеня 1991 году ў выніку дзеяньняў савецкіх вайскоўцаў каля Дому друку, тэлевежы і будынку Літоўскага радыё і ТВ было забіта 14 грамадзянскіх асоб. Сотні людзей атрымалі раненьні.