Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча папы рымскага з маскоўскім патрыярхам адкрые магчымасьць візыту пантыфіка ў Беларусь


Папа Францішак і патрыярх Маскоўскі Кірыл сустрэнуцца 12 лютага гэтага году на Кубе. Пра гэта паведамілі ў Ватыкане 5 лютага. Паводле афіцыйнай інфармацыі, пантыфік і патрыярх падпішуць дэклярацыю, а таксама адбудзецца іх сумесная прамова. Паводле Ватыкану, гэта «першая сустрэча», якая мае «выключнае значэньне» для экумэнічнага дыялёгу.

Палітык і публіцыст, дасьледчык гісторыі рэлігіі ў Беларусі і вернік грэка-каталіцкай царквы Анатоль Сідарэвіч пракамэнтаваў Свабодзе значэньне сустрэчы для сьвету і царквы ў Беларусі:

Анатоль Сідарэвіч

Анатоль Сідарэвіч

«Гэта сустрэча, пра якую гавораць ад пачатку Другога Ватыканскага сабору. Тады на саборы Расейскую праваслаўную царкву прадстаўляў мітрапаліт Нікадзім Ротаў, а ён вядомы як настаўнік патрыярха Кірыла. У сваю чаргу, патрыярх Кірыл цяпер вядомы тым, што ён парадкуе прававыя нормы і дзейнасьць царкоўных інстытутаў Маскоўскага патрыярхату паводле ўзору рымскай курыі і рымскага біскупа.

Але патрыярх Кірыл і ягоныя папярэднікі крыху спазьніліся. Бо папа Рымскі Ян Павал ІІ, папа Бэнэдыкт ХVІ і папа Францішак — яны сустракаліся з усяленскімі патрыярхамі Дзімітрыем і Варфаламеем. Папы таксама пабывалі ў многіх праваслаўных краінах.

І, наколькі мне вядома, за выключэньнем амэрыканскай царквы, прадстаўнік Расейскага патрыярхату — ці не апошні з прадстаўнікоў памесных праваслаўных цэркваў, які не сустракаўся з рымскім біскупам.

У чым значэньне гэтай сустрэчы? Канечне, будзе выяўлена салідарнасьць абедзьвюх цэркваў у змаганьні з так званым лібэральным ціскам. Маецца на ўвазе супрацьстаяньне запатрабаваньням сэкулярызаванага сьвету: аднаполым шлюбам, абортам, эўтаназіі, геннай інжынэрыі і гэтак далей. Словам — гаворка пойдзе пра супольную працу ў адстойваньні традыцыйных хрысьціянскіх каштоўнасьцяў.

Другое — гэта дыялёг паміж лідэрамі маскоўскай і рымска-каталіцкай цэркваў, які ня будзе спрыяльны для ўкраінскіх, беларускіх і расейскіх грэка-каталікоў. Бо Ватыкан у адным з дакумэнтаў ужо заявіў, што унія ня можа быць мэханізмам збліжэньня каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. Гэта саступкі Ватыкану Расейскай праваслаўнай царкве, бо яшчэ з ХV стагодзьдзя ён мае ідэю і спрабуе наладзіць дыялёг з Маскоўскай царквой. І калі ва Ўкраіне быў падпольны патрыярхат і ўніяцкая царква захавалася найбольш масава, то ў Беларусі і Расеі грэка-каталікі існуюць фактычна, але юрыдычна царквы не існуе. Таму для грэка-каталікоў гэтая сустрэча нічога карыснага не абяцае.

Што тычыцца каталікоў, то пры падпісаньні дэклярацыі і пэўным збліжэньні ня выключаны візыт папы Рымскага ў Беларусь. Але калі папа прыедзе ў Беларусь, то ён павінен адведаць таксама і ўніятаў. А ўніяты павінны сустрэць яго ў сваім храме. У чыстым выглядзе такі храм ёсьць толькі ў Полацку.

У такім выпадку, магчыма, улада дасьць урэшце дазвол на будоўлю грэка-каталіцкага храма і ў Менску.

Наколькі магчымае збліжэньне цэркваў? У чэрвені на Крыце адбудзецца Ўсясьветны праваслаўны сабор. І Расейская праваслаўная царква, пры ўсім надзіманьні шчок, ня самая вялікая ў сьвеце па колькасьці актыўных вернікаў. Акрамя таго, у Расейскай царквы ёсьць праблема Ўкраіны, якая ў пэрспэктыве паўстане і адыдзе ад расейскага ўплыву. У яшчэ далейшай пэрспэктыве гэта адбудзецца і зь беларускай царквой. І расейская праваслаўная царква стане адной з многіх, як румынская ці ўкраінская. Таму, з пункту гледжаньня гэтай гістарычнай пэрспэктывы, новыя кантакты з Масквой не прынясуць Ватыкану вялікай карысьці. Зараз гэтая сустрэча дасьць супольную дэклярацыю пра вернасьць хрысьціянскім каштоўнасьцям, пра тое, што унія не зьяўляецца шляхам да збліжэньня цэркваў. Але да рэальнага збліжэньня праваслаўнай Расейскай царквы і Рыма-каталіцкага касьцёла вельмі далёка, і наўрад ці яно ў бліжэйшай пэрспэктыве адбудзецца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG