Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cтаніслаў Шушкевіч, якога выклікаюць у суд за Кангрэс: «Апошні раз судзілі 10 год таму, быў гэткі ж абсурд»


Станіслаў Шушкевіч на Беларусім незалежным кангрэсе

Станіслаў Шушкевіч на Беларусім незалежным кангрэсе

Былы старшыня Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Станіслаў Шушкевіч атрымаў позву з Цэнтральнага раённага суду Менску.

Сакратар судзьдзі Вікторыі Шабуні спадар С. Ліпай выклікае вядомага палітыка ў суд на 9 раніцы 24 траўня. Судзіць Станіслава Шушкевіча зьбіраюцца за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве — устаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэсу, які прайшоў 15 траўня ў менскім сквэры Янкі Купалы.

Станіслаў Шушкевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што ў суд 24 траўня ён ня пойдзе, бо будзе ў гэты дзень у Варшаве, куды запрошаны на канфэрэнцыю. Тое, што яго прыцягваюць да адказнасьці за ўдзел у вулічнай акцыі, першы кіраўнік беларускай дзяржавы пракамэнтаваў гэтак:

«Што тут камэнтаваць? Калі казаць з пункту гледжаньня свабоды сходаў ці свабоды слова, дык бачна, што іх няма ў нас зусім. Бо ніякі парадак мы не парушалі, а адбылося тое, што нам ня выдзелілі памяшканьня, і тады арганізатары кангрэсу мусілі сабраць людзей на пляцоўцы паля помніка Янку Купалу і там праводзіць сход. Цяпер за гэта можна судзіць? Мне асабіста там міліцыянты нічога не прадʼяўлялі. Хоць было, калі сыходзіў — а я крыху раней сышоў — дык міліцыянт сказаў, што на мяне будуць пісаць пратакол. „Пішыце, што вы яшчэ можаце рабіць“, — адказаў я і сышоў. Чарняўскім назваўся той міліцыянт», — паведаміў Станіслаў Шушкевіч.

Былы сьпікер Вярхоўнага Савету згадаў, што апошні раз яго судзілі гадоў 10 таму ў Першамайскім судзе Менску. Паводле міліцыі, падчас вулічнай акцыі Станіслаў Шушкевіч нібыта заклікаў мітынгоўцаў выйсьці на праежджую частку дарогі, што палітык абвяргаў.

«7 гадзін ішло паседжаньне, відэа прагледзелі, на якім было бачна, што я нікога парушаць парадак не заклікаў. На працэсе прысутнічалі амбасадары эўрапейскіх краін, шмат людзей было. Судзьдзя, маладая жанчына, ня ведала, што рабіць, зрабіла перапынак, а ў выніку апраўдала. Але цяпер наўрад ці апраўдаюць, тым больш — я быў адным з арганізатараў Кангрэсу», — сказаў Станіслаў Шушкевіч.

Вядома, што пратаколы зь міліцыі аб удзеле ў Беларускім нацыянальным кангрэсе і непадпарадкаваньні «законным патрабаваньням» атрымалі некалькі актывістаў, у тым ліку старшыня незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў ды іншыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG