Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шушкевіч: Лукашэнка ілгаў з трыбуны пра мяне на ўсю краіну


Станіслаў Шушкевіч, архіўнае фота

Станіслаў Шушкевіч, архіўнае фота

У першым інтэрвію з сэрыі «Кандыдаты прэзыдэнцкіх навук» — былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі, кандыдат на першых прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 годзе Станіслаў Шушкевіч. На тых выбарах Шушкевіч набраў 10 працэнтаў галасоў, заняўшы чацьвёртае месца пасьля Аляксандра Лукашэнкі, Вячаслава Кебіча і Зянона Пазьняка.

— Вы бралі ўдзел у першых выбарах прэзыдэнта Беларусі ў 1994 годзе. Як сьцьвярджаюць многія, гэта былі першыя і апошнія дэмакратычныя выбары. На вашу думку, ці маглі вынікі быць іншымі? Ці маглі вы тады перамагчы?

— Па-першае, я згодны з тым, што тыя выбары былі дэмакратычнымі і справядлівымі. Тады яшчэ не ажыла і не арганізавалася старая намэнклятура. У яе ўжо былі закладзеныя пачаткі клептакратыі, выкарыстаньня ўлады ва ўласных мэтах — але яны яшчэ не праяўляліся.

Я ня думаю, што я тады мог перамагчы. Перад гэтым самы хлусьлівы з нашых уладароў, Лукашэнка, ілгаў з трыбуны пра мяне на ўсю краіну, у людзей складалася ўражаньне, што я карупцыянэр і нешта там прысвоіў.

— Як тыя выбары паўплывалі на ваша жыцьцё, як яго зьмянілі? Ці вы не шкадуеце, што тады пайшлі на ўдзел у якасьці кандыдата?

— Тады не пайсьці на гэтыя выбары я ня мог. Я лічыў, што трэба ў іх удзельнічаць. Я перад гэтым удзельнічаў і выйграваў выбары народных дэпутатаў СССР і БССР. Таму я лічыў, што пэўны шанец у мяне ёсьць. Але я вельмі добра разумеў тады, што трэба, каб ад дэмакратычных сілаў выходзіў нехта адзін — Зянон Пазьняк ці я. Я добра разумеў, што галасы прыхільнікаў Пазьняка ніколі мне ня будуць аддадзеныя. Што да Зянона Станіслававіча, то, як вядома, ён ніколі не ішоў ні на якія кампрамісы, ніякія саступкі. У стратэгічным сэнсе — дэмакратычныя сілы тады паступілі ня лепшым чынам.

— Ва ўсіх удзельнікаў гэтага нашага праекту — былых кандыдатаў у прэзыдэнты — я буду пытацца пра стаўленьне да цяперашніх выбараў, 2015 году. На вашу думку, ці трэба дэмакратычным і апазыцыйным сілаў удзельнічаць у гэтай кампаніі?

— У мяне такое перакананьне, што ўсе бачаць, што ўдзел у выбарах бессэнсоўны і дапамагае толькі ўладзе. Бо загадзя вырашаны лёс гэтых так званых выбараў. Гэтая агідная постаць на чале ЦВК нічога ж людзкага ня робіць. Яна гэтаксама будзе падтрымліваць усю хлусьню і выконваць плян, як выконвала да гэтага часу.

Я ня ведаю таго апазыцыянэра, які б не разумеў, што гэта бессэнсоўна. Але ў нас зьявілася цяпер апазыцыя такая, якая нічога, акрамя апазыцыйнай дзейнасьці, ня здольная рабіць. Таму яны прытрымліваюцца такога прамога (амэрыканскага, дарэчы) падыходу — што калі ёсьць выбары, то трэба ў іх удзельнічаць, бо як інакш можна процістаяць гэтай уладзе? Але я думаю, што амэрыканскі стандарт у гэтым выпадку нам не падыходзіць.

— Калі глядзець на ўсю гісторыю прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, ці былі пасьля 1994 году на наступных прэзыдэнцкіх выбарах нейкія шанцы ў дэмакратычных кандыдатаў?

Старая намэнклятура добра аб’ядналася. Спачатку яна рабіла стаўку на Кебіча, а потым зразумела, што Лукашэнка — гэта нават лепш

— Шанцы былі вельмі слабыя, па адной простай прычыне — беларусы ня здолелі аб’яднацца вакол нейкага аднаго каардынацыйнага цэнтру. Але нават пры ўмовах аб’яднаньня перамагчы было б цяжка па адной простай прычыне — старая намэнклятура добра аб’ядналася. Спачатку яна рабіла стаўку на Кебіча, а потым зразумела, што Лукашэнка — гэта нават лепш. Бо ён неадукаваны, хаця і хітры, і можна разыграць яго як трэба, выкарыстаць Расею, калі трэба. Таму я думаю, што шанцаў пасьля таго, як аб’ядналася старая намэнклятура — ужо не было. Шанцаў і сёньня вельмі мала. Бо гэта мусіць быць такое аб’яднаньне, такое жаданьне пайсьці на рызыку, на магчымую страту дабрабыту, што павінна быць вельмі шмат герояў. А ў нас іх толькі адзінкі.

— Ці лічыце вы, што перамены, якія прыйдуць у Беларусь — прыйдуць праз выбары? Ці яны могуць ажыцьцявіцца празь іншыя дзеяньні?

— Ва ўмовах дыктатуры праз выбары ніхто дэмакратыю не заваёўваў. Але я думаю, што наблізіць добрыя часы можна было б. Але тым, хто за дэмакратычную Беларусь, трэба набрацца мужнасьці не прэтэндаваць на першыя ролі, як гэта робяць усе ў нас сёньня. Не хачу называць прозьвішчы, але ў нас чалавек адыходзіць з адной групоўкі, дзе ён быў не на першым месцы, і ўтварае іншую, дзе становіцца лідэрам. Нават у партыях у нас ня здольныя выдзеліць лідэра. Але трэба знайсьці мужнасьць прызнаць і знайсьці аднаго сапраўднага лідэра. Павінна быць сумленьне ў людзей — ён гэта робіць лепей за мяне. І таму зробім на яго стаўку.

— Ці патрэбна ўвогуле Беларусі моцная прэзыдэнцкая ўлада, ці лепш парлямэнцкая рэспубліка?

— Я думаю, што парлямэнцкая рэспубліка — гэта больш справядліва. Бо калі нешта вырашае парлямэнт, то там розныя думкі, дыскусія, ёсьць выбары дэпутатаў. Але калі гэтыя выбары будуць зробленыя тым самым хлусьлівым чынам, то наўрад ці што лепшае будзе.

Ёсьць тут пэўны элемэнт рызыкі. Калі трапляецца справядлівы, прыстойны прэзыдэнт, то справы можна палепшыць хутчэй, чым у парлямэнцкай рэспубліцы. Калі ж трапляецца такі, як у нас, які акрамя ўласнай улады нічым не клапоціцца, то і выходзіць, што мы па ўсіх паказчыках значна адстаём ад усіх нашых суседзяў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG