Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурыкаў убачыў «шчыльнейшыя і глыбейшыя» адносіны


Аляксандар Сурыкаў, архіўнае фота
Аляксандар Сурыкаў, архіўнае фота

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, што за 2014 год дачыненьні паміж Беларусьсю і Расеяй сталі «шчыльнейшымі і глыбейшымі». Ён таксама пацьвердзіў, што Расея, паводле сёлетніх дамоўленасьцяў, паставіць у Беларусь дадатковую авіятэхніку «для аховы паветраных межаў саюзнай дзяржавы». Сурыкаў пажадаў перамогі Аляксандру Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах 2015-га году.

Амбасадар Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў сказаў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, што жадае перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году Аляксандру Лукашэнку:

«Як грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі я жадаю перамогі Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. Таму што ад гэтага залежыць у гэты складаны час адсутнасьць турбуленцыі ў краіне. Я часам сустракаюся і з апазыцыяй. Але бачу, што ў іх няма праграмы, няма адзінства. Несур’ёзна гэта.

Канечне, калі Лукашэнка пойдзе на выбары. У мяне ёсьць сумненьні чамусьці».

Карэспандэнт: «Чаму вы сумняваецеся, што ён пойдзе?»

Сурыкаў: «Гэтага ж ад яго залежыць. Ён жа пакуль не сказаў, што пойдзе. Гэта ж вельмі нялёгкая праца. Я сам, канечне, ніколі не працаваў прэзыдэнтам, але наеўся губэрнатарства (Сурыкаў у свой час быў губэрнатарам Алтайскага краю — РС) у тыя цяжкія часы. Разумею, якая гэта цяжкая ноша. Некаторым трэба казаць дзякуй за тое, што яны на гэта згодныя».

Пётра Садоўскі
Пётра Садоўскі

Фармальна прычапіцца да гэтых выказваньняў дыплямата цяжка, — кажа Свабодзе першы амбасадар Рэспублікі Беларусь у Нямеччыне Пётра Садоўскі. Па-першае, Сурыкаў агаварыўся, што гаворыць не як амбасадар, а толькі як грамадзянін Расеі. Па-другое, выбарчая кампанія ў Беларусі яшчэ афіцыйна не абвешчаная. І усё ж пытаньне паліткарэктнасьці дыплямата такога высокага рангу, на мой погляд, тут існуе.

Дачыненьні Расеі і Беларусі сталі «шчыльнейшымі і глыбейшымі» — лічыць амбасадар Сурыкаў:

«Калі браць за базу 2013 год, то 44% беларусаў былі за інтэграцыю з Эўразьвязам, 30 зь нечым працэнтаў — за інтэграцыю з Расеяй. Сёлета ўсё наадварот: 46% — за інтэграцыйнае аб’яднаньне з Расеяй, 32% — з Эўразьвязам. Гэта пра штосьці гаворыць? Мабыць, мы ўсё-такі бліжэй і сур’ёзьней».

Кіраўнік расейскай дыпмісіі цьвердзіць: дзеяньні Расеі ў Крыме падтрымалі амаль 70% беларускіх грамадзянаў:

«Гэта столькі ж, колькі ў Расейскай Фэдэрацыі. Гэта гаворыць, мабыць, аб нашых братэрскіх сувязях? Мабыць, гаворыць. Так што нашы дачыненьні, як мне падаецца, сталі шчыльнейшымі і глыбейшымі».

Амбасадар Сурыкаў не сказаў, адкуль ён узяў гэтыя лічбы. «Яны блізкія да праўдзівых і неаднаразова прыводзіліся незалежнымі сацыёлягамі», — гаворыць Свабодзе заснавальнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў прафэсар Алег Манаеў.

Алег Манаеў
Алег Манаеў

«Лічбы амбасадар прывёў у прынцыпе правільныя. Пытаньне ў тым, ці можна, грунтуючыся на гэтых лічбах, казаць, што шчыльнейшымі сталі дачыненьні дзьвюх дзяржаваў, двух народаў? Гэта больш складана. І я думаю, усё не зусім так проста, як гэта падае амбасадар», — дадае Манаеў.

Прафэсар Манаеў тлумачыць, што падобны крэн у настроях беларусаў сёлета адбыўся выключна з-за падзеяў ва Ўкраіне:

«Пра гэта шмат пісалі сёлета. І сацыёлягі, і аналітыкі, і экспэрты, і журналісты. І палітыкі адзначалі, што эфэкт Майдану ў Беларусі аказаўся супрацьлеглым. Бальшыня ўспрыняла гэта як беспарадак, парушэньне стабільнасьці, небясьпеку хаосу — эканамічнага і палітычнага і г. д., і г. д.»

Алег Манаеў адзначае: стаўленьне да Расеі ў беларусаў ужо зьмяняецца, і дзеліцца з нашым радыё сьвежымі назіраньнямі:

«Да сярэдзіны году, да лета прарасейскія настроі ў Беларусі сапраўды моцна ўзмацняліся. А пасьля яны замерлі на адным узроўні. І за апошнія паўгоду (маецца на ўвазе ліпень — сьнежань) яны не павялічыліся. Гэта азначае, што шмат беларусаў сталі больш асьцярожна, больш насьцярожана глядзець у бок Расеі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG