Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шумчанка ня пойдзе на выбары, пакуль Лукашэнка ва ўладзе


Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

Лідэр прадпрымальніцкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» не зьбіраецца ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах

Анатоль Шумчанка, лідэр прадпрымальніцкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва», сёньня заявіў Свабодзе, што ён адназначна ня будзе ўдзельнічаць у выбарах у Палату прадстаўнікоў, якія маюць адбыцца сёлета ўвосень:

«У мяне ёсьць прынцыповая пазыцыя, ад якой я не адыходжу. Пакуль у Беларусі пры ўладзе Аляксандар Лукашэнка, у нас ня могуць праходзіць справядлівыя і празрыстыя выбары. Гэта маё перакананьне, і я яго прытрымліваюся. Таму, калі нехта кажа, што Шумчанка пойдзе на выбары, то гэта ня болей як трызьненьне».

Пра тое, што лідэр «Пэрспэктывы» зьбіраецца далучыцца да адзінага сьпісу на парлямэнцкія выбары, Свабодзе сёньня паведаміў былы дэпутат і палітвязень Сяргей Скрабец:

Сяргей Скрабец

Сяргей Скрабец

«Ёсьць такая задумка стварыць кааліцыю. У яе маюць увайсьці спачатку лідэрка грамадзкай арганізацыі „Наш дом“ Вольга Карач, экс-кандыдат у прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка і я. Гэта яшчэ на ўзроўні ідэі. Пакуль мы вялі толькі тэлефонныя размовы на гэты конт. Спадарыня Карач павінна днямі пад’ехаць у Менск, і тады мы пра ўсё пагаворым больш дэталёва.

Акрамя таго, да кааліцыі, якая яшчэ толькі ствараецца, могуць далучыцца незарэгістраваная партыя майго былога калегі па Палаце прадстаўнікоў Уладзімера Навасяда, аўганцы Аляксандра Камароўскага і бізнэсоўцы з „Пэрспэктывы“ Аляксандра Шумчанкі. Зноў жа, гэта пакуль толькі ідэя.

Мы хацелі б скласьці агульную праграму эканамічных рэформаў і на яе падмурку весьці агітацыйную парлямэнцкую кампанію».

Афіцыйна выбарчая кампанія ў Беларусі яшчэ не абвешчаная. Калі выбары адбудуцца ў верасьні, то старт ім будзе дадзены ў чэрвені. Але шмат якія апазыцыйныя структуры ўжо заяўляюць пра свой удзел у выбарчай кампаніі. Так, пра стварэньне правацэнтрысцкай кааліцыі з удзелам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху «За свабоду» і незарэгістраванай партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі паведамілі тры гэтыя структуры.

Па асобных сьпісах зьбіраюцца вылучацца прадстаўнікі Партыі БНФ, партыі «Справядлівы сьвет», сацыял-дэмакраты з Грамады і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».Пра намер актыўна ўдзельнічаць у выбарах таксама публічна заявілі і некаторыя праўладныя структуры, у прыватнасьці, «Белая Русь» і Камуністычная партыя Беларусі.

XS
SM
MD
LG