Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аўтамабілі з кветкамі афармлялі без чаргі» — у Кастрычніцкім судзе Менску судзяць яшчэ 13 ашмянскіх мытнікаў


З 10 лістапада ў Кастрычніцкім судзе Менску ідзе працэс над групай мытнікаў Ашмянскай мытні.

Аналягічныя справы разглядаюцца таксама ў Партызанскім і Фрунзенскім раённых судах сталіцы.

Да 1 сьнежня ў Кастрычніцкім судзе дапыталі мытнікаў, якія знаходзяцца ў судовай залі не пад вартай. А сёньня пачалі дапытваць тых, каго трымаюць у жалезнай клетцы. Першы з такіх падсудных, Аляксандар Находка, атрыманьне часткі інкрымінаванага хабару прызнаў.

А ўсяго ў групе мытнікаў, якіх судзяць у Кастрычніцкім судзе, 13 чалавек (у Партызанскім —11). Гэта І. Кузьміч, А. Паўловіч, Д. Зарэцкі, Д. Клыга, А. Стэльмах, А. Карповіч, А. Находка, Р. Мароз, М. Стурліс, А. Назараў, С. Харэвіч, А. Асіповіч, Ч. Пашкевіч.

Што даў допыт падсудных, якія прызналі віну і знаходзяцца пад падпіскай аб нявыезьдзе?

Былы намесьнік начальніка аддзелу мытні Ігар Кузьміч паведаміў суду, што на Ашмянскай мытні існавала адпрацаваная схема атрыманьня хабару з аўтамабіляў, якія вязуць кветкі. Кузьміч пайменна назваў мытнікаў, якім перадаваў грошы. Паводле падсуднага Кузьміча, грошы ад яго атрымліваў і інспэктар Аляксандар Находка.

Сёньня Находка пачаў даваць паказаньні першым з тых, каго трымаюць у клетцы, і адразу ж прызнаў, што ў красавіку-траўні 2014 году атрымаў грошы ад мытнікаў Ігара Кузьміча і Дзьмітрыя Клыгі. Паводле падсуднага, Кузьміч яму не патлумачыў, за што перадае 200 даляраў, толькі папрасіў, каб нікому не казаў. А вось Клыга сказаў, што «грошы — за кветкі».

«Усяго ад Кузьміча і Клыгі атрымаў 1200 даляраў. Але ніякіх парушэньняў у афармленьні грузаў не рабіў, загадаў на гэта ад начальства не атрымліваў. Шкадую, што ўзяў гэтыя грошы. Браў на „чорны дзень“, ня траціў. Пасьля арышту мае сваякі перавялі гэтыя грошы на рахунак КДБ. Спадзяюся, суд гэта залічыць», — сказаў суду Аляксандар Находка.

Паводле падсуднага, на працоўным месцы мытніку забаронена мець грошай болей за 10 даляраў у эквіваленце. На пытаньне, чаму ж тады ён браў грошы — ці не баяўся, што зловяць? — падсудны адказаў: «Баяўся, але браў. Разьлічваў, што ня выявяць. Пытаньняў, за што даюць грошы, не задаваў».

Паводле абвінавачаньня, мытнік Находка ўваходзіў у арганізаваную злачынную групоўку, якая дзейнічала на Ашмянскай мытні з 2010 па 2015 год. Падсудны гэта адмаўляе і спасылаецца на тое, што ўвогуле пачаў афармляць грузы як мытнік толькі з 2011 году. Як сказаў суду Находка, ён ніколі не ўхіляўся ад праверкі транспартных сродкаў, калі гэта было неабходна паводле інструкцыі. Таксама Аляксандар Находка паведаміў суду, што сьледзтва не дало яму магчымасьці праверыць мытныя дакумэнты, якія нібыта сьведчаць пра ягоныя парушэньні пры афармленьні грузаў. Ён хадайнічаў, каб такія дакумэнты прадставілі, але яму адмовілі. Усяго мытніку Находку інкрымінуюць атрыманьне 7 тысяч 200 даляраў хабару, ён прызнае хабар толькі на суму 1200 даляраў.

Як і на працэсе над ашмянскімі мытнікамі ў Партызанскім судзе, паказаньні былых мытнікаў у Кастрычніцкім судзе часткова адрозьніваюцца ад таго, што арыштаваныя казалі на сьледзтве. Гэтак, у красавіку 2015 году, на пачатку сьледзтва, Находка прызнаваў, што афармляў аўтамабілі з кветкамі без чаргі — цяпер у судзе падсудны пра гэта не згадаў.

Паводле назіральнікаў, схема хабарніцтва, якая дасьледуецца ў Кастрычніцкім судзе Менску, супадае са схемай, якая пачала выяўляцца на працэсе ў Партызанскім судзе.

«Гэта амаль тое самае, што было ва Ўзбэкістане ў часы позьняга Брэжнева: падначаленыя бяруць хабар і дзеляцца зь непасрэднымі начальнікамі, тыя перадаюць частку грошай наверх, і гэтак да самага верху. Але ў цяперашнім беларускім варыянце, відаць, схема дзейнічала наадварот, зьверху ўніз: асноўныя грошы бралі начальнікі, а тым, хто ўнізе, яны перадавалі частку хабару, каб маўчалі і працавалі гэтак далей», — сказаў адзін з назіральнікаў за працэсам у Кастрычніцкім судзе.

Суд над кіраўнікамі і адказнымі супрацоўнікамі Ашмянскай мытні, якіх падазраюць у арганізацыі «злачыннай групоўкі», пачнецца 5 сьнежня ў Менскім абласным судзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG