Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзя Церлюкевіч: пра жорны гета, партыйную «сэкту» і вышэйшыя сілы


Уладзімер Церлюкевіч у 2016-м і ў 1960-х

Уладзімер Церлюкевіч у 2016-м і ў 1960-х

Славуты футбольны судзьдзя Ўладзімер Церлюкевіч згадвае, як уратаваўся ад сьмерці ў менскім гета, за што атрымаў славу непадкупнага арбітра і чаму Лі Гарві Освальд адвільваў ад вытворчай гімнастыкі на менскім радыёзаводзе.

У свае 87 Уладзімер Адамавіч чакае старту футбольнага сэзону зь ня меншым імпэтам, чым любы заўзятар-падлетак. Яно і зразумела — любімай справе аддадзены не адзін дзясятак гадоў. Хоць прызнаецца, што сучасны падыход яму ня вельмі імпануе: раней гулялі за ідэю, а цяпер безь перадаплаты ніхто і нагой не варухне.

Адзін з пакояў у менскай кватэры Церлюкевіча даўно ператвораны ў імправізаваны музэй. Узнагароды, кубкі, мэдалі, граматы, рарытэтныя фатаздымкі — усё нагадвае пра слаўныя часы ў вялікім футболе. Тут жа партрэты блізкіх людзей, якія адышлі ў іншы сьвет: першая і другая жонкі, якія памерлі з розьніцай у паўстагодзьдзя; малы сын, якога ня здолела ўратаваць савецкая мэдыцына; чужая сямʼя, якая зьбегам абставінаў стала роднай.

«Фотавітрына» ў пакоі Церлюкевіча

«Фотавітрына» ў пакоі Церлюкевіча

Голымі рукамі зрабіў падкоп і ўцёк з фашысцкага гета

Зрэшты, карʼера судзьдзі, які дасягнуў усесаюзнага прызнаньня, рызыкавала не пачацца зусім. На пачатку акупацыі, летам 1941-га, 12-гадовы Валодзя Церлюкевіч трапіў у менскае гета разам з бацькамі ды іншымі жыхарамі вуліцы Замкавай — нямецкае камандаваньне ледзь ня першым чынам акрэсьліла «межы аселасьці» для габрэйскага насельніцтва. Старэйшых братоў Міхаіла і Эдуарда ў першыя дні вайны тэрмінова выклікалі ў ваенкамат, і на гэтым усе зьвесткі пра іх лёс абрываюцца — хутчэй за ўсё, прызыўнікі загінулі, калі немцы разбамбілі зборны пункт па вуліцы Куйбышава.

«Арбітраж»: Церлюкевіч — першы справа (1962 год)

«Арбітраж»: Церлюкевіч — першы справа (1962 год)

Ужо ў ліпені 1941-га «спэцзона» на загад акупацыйных уладаў была ўтворана ў межах вуліц Сухой, Апанскага (Кальварыйскай), Астроўскага (Ракаўскай). Уладзімер Адамавіч празь сьлёзы згадвае пра пакуты і прыніжэньні, якія давялося перажыць у нацысцкай рэзэрвацыі. А калі 7 лістапада, на дзень рэвалюцыі, карнікі пайшлі «зачышчаць» тэрыторыю, засталося толькі адно — уцёкі:

«Наш дом разбамбілі ў першы ж дзень, як у Менск прыйшла вайна. А жыць недзе трэба, і мы пайшлі да брата Мішкі, які літаральна за месяц да мабілізацыі атрымаў пакойчык у інтэрнаце ад друкарні імя Сталіна — яны з Эдзікам там разам і працавалі. Сабралі, што ацалела, і пацягнуліся. Нядоўга, праўда, там пажылі — што называецца, паставілі ў чаргу на эшафот. Тата, мама, яе сёстры, я (дарэчы, шкадаваў, што яшчэ непрызыўнога ўзросту) — усе павінны былі перасяліцца ў гета... Памятаю, на Ракаўскай, дзе хлебазавод, стаяла швейная фабрыка — яе ўжо няма, цяпер усё вакол забудавалі — дык туды сагналі столькі людзей, колькі, здавалася, нельга было і запхнуць. Хто дзе валяўся, ніякіх ложкаў не было. Сказаць, што было страшна — не сказаць нічога... Месца, дзе кожны дзень чакаеш сьмерці, там пра будучыню ніхто ўжо ня думае...»

Цяжкія ўспаміны пра сорак першы

Цяжкія ўспаміны пра сорак першы

Спадар Уладзімер кажа, што бацькоў расстралялі падчас першага пагрому, учыненага карнікамі ў раёне вуліц Замкавай, Падзамкавай і Нямігі. І тады, працуючы пазногцямі, хлопчык пачаў рабіць падкоп:

«Відаць, моцна жыць хацеў, раз адважыўся на такое... Пралез пад дротам — і папоўз куды вочы глядзяць. Гета было абгароджанае, зь дзьвюма прахаднымі, але некаторыя месцы ахоўваліся меней, там і выскачыў. Хаваўся па руінах, жабраваў, карміўся абы-чым. Праз колькі дзён вырашыў ісьці з гораду, заставацца было небясьпечна. Падышоў да нейкай бабулькі, яна паказала, у які бок вакзал, а праз мост ужо пачнуцца вёскі. Пасьля перажытага хацелася апынуцца дзе далей, і за той дзень прайшоў 40 кілямэтраў — спыніўся толькі ля Койданава. І гэта ў 12 гадоў. Раніцай выйшаў, увечары зваліўся. Пазьней даведаўся, што за дзень да таго таксама быў пагром, проста жах нейкі... Баяўся, канечне, людзі ж розныя — і добрыя, і ня вельмі. Пастукаўся ў хату, адчыніла жанчына — што трэба? Так і так, кажу, зь дзіцячага дому. Пашчасьціла, што не прагналі...»

Жанчына аказалася спагадлівая і паабяцала завесьці да сваёй маці, якая жыла недалёка ад Койданава. Пераначаваў, назаўтра першы раз за шмат дзён пасьнедаў — і неўзабаве апынуўся ў вёсцы Макаўчыцы. Гаспадыняй была Марфа Харытон, адна гадавала чатырох дзетак. Прыняла як свайго: шкадавала, перажывала — можа, таму, што была надзвычай рэлігійная. Валодзя дапамагаў па гаспадарцы, пасьвіў каровы. Празь дзесяцігодзьдзі пасьля таго ўспамінае: хоць і быў яшчэ малы, але, лежачы на зэдліку каля печы, пакутаваў ад навязьлівай думкі:

«Было неяк усё роўна, што здарыцца са мной, але вельмі шкада людзей, якія маглі ні за што пацярпець: яны мяне ўратавалі, накармілі, абагрэлі, але каб паліцаі даведаліся, каго хаваюць, канец быў бы ўсім. Спалілі б усё чыста. А ў іх быў і конь, і карова была, і авечкі. Гэта шчасьце нейкае, што ніхто зь вяскоўцаў не залажыў, не пабег куды трэба. У іншым выпадку размова была б кароткая. Але калі гаспадыня адчувала небясьпеку, хавалі мяне то ў склеп, то ў падпольле. Нейкім чынам перакантаваўся, Бог і добрыя людзі мяне зьбераглі... Цяпер вось застаўся адным з рэдкіх магіканаў, жывых карэнных менчукоў ужо можна пералічыць на пальцах».

Надворʼе для футбаліста — не перашкода

Надворʼе для футбаліста — не перашкода

Пасьля зьнявечанага Менску Койданава на некалькі гадоў стала для Ўладзімера Церлюкевіча другім домам: тут ён пражыў да лета 1944 году, адсюль пасьля канчатковага вызваленьня Беларусі пайшоў у людзі. Але вось ужо 75 гадоў ня траціць кантакту са сваімі ратавальнікамі, дакладней, зь іх нашчадкамі.

За гарадзкую гульню судзьдзі плацілі 3 рублі, за ўсесаюзную — 175

У 14 гадоў паступіў і ў 1946-м на выдатна скончыў менскую чыгуначную вучэльню № 3, дзе ўсурʼёз захапіўся спортам. Працаваў памочнікам машыніста, качагарам. Неўзабаве па накіраваньні таварыства «Працоўныя рэзэрвы» едзе ў Маскву, вучыцца ў тэхнікуме фізкультуры. Пасьля вяртаньня працягвае вучобу ў Інстытуце фізкультуры са спэцыялізацыяй «Спартыўныя гульні».

У пасьляваенную разруху, расказвае суразмоўца, ці не адзінай забавай і для дзяцей, і для дарослых былі дваровыя гульні. Мячоў не было, ганялі паміж руінаў бляшанкі ад кансэрваў ды скручаныя анучы, а зімой лупілі самаробнымі клюшкамі плоскае каменьне па замерзлых затоках. Менавіта таму пазьнейшыя куміры савецкіх заўзятараў і былі сапраўднымі ўнівэрсаламі — аднолькава добра гулялі і ў футбол, і ў хакей:

Хакейны брамнік Церлюкевіч

Хакейны брамнік Церлюкевіч

«Так, і ў футбол, і ў хакей гулялі. Ніхто асабліва і не падзяляў, было як само сабой зразумелае. Мала таго, на прадпрыемствах абавязкова існавалі ня толькі футбольныя, а і хакейныя каманды. „Каробкі“ практычна ўсюды стаялі, а ў школах дык у абавязковым парадку. І хакей разьвіваўся — адрозна ад сёньняшняга дня. У тых жа парках залівалі пляцоўкі: так, у Парку Горкага трэніравалася каманда 42-га заводу. Спортам займаліся ўсе. А цяпер людзям няма на гэта часу, усе ў кампутарах. Кажуць, што ўжо і матэматыка нікому не патрэбная: на машынцы палічыў — ды нармальна. Усё памянялася з тэхнічнага гледзішча. Толькі вось народ ад гэтага не разумнейшы становіцца, а тупейшы. Я ўжо не кажу пра тое, што людзі фізычна слабыя».

Мода канца 1940-х: 20-гадовы Ўладзімер Церлюкевіч

Мода канца 1940-х: 20-гадовы Ўладзімер Церлюкевіч

Пасьля вызваленьня Менску Ўладзімер вярнуўся ў разбураны горад. Перабіваўся выпадковымі заробкамі, а ўвечары разам з аднагодкамі «адрываўся» на сьвежым паветры. Адпраўным у наступнай працяглай і яскравай судзейскай карʼеры стаў 1947-ы — 18-гадоваму знаўцу ня толькі практыкі, але і тэорыі назіральныя спартовыя функцыянэры адразу даручылі нават не юнацкі турнір, а адказнае спаборніцтва сілавікоў. Згадвае пра дэбют у новым амплюа, а таксама тарыфы на судзейства — падпрацоўка прыносіла невялікія, але такія патрэбныя грошы:

«У 1947 годзе Менск прымаў першынства Саюзу сярод галоўных упраўленьняў міліцыі. Матчы праходзілі на стадыёне „Пищевик“ у парку Горкага, мяне паставілі судзіць на лініі. Некаторыя гульцы потым атрымалі саюзную вядомасьць — як той жа Чарнышоў. Сапраўдныя ўнівэрсалы, бо гулялі і ў футбол, і ў хакей. Дарэчы, хакей я таксама судзіў, хоць, вядома, не ў такой ступені, як футбол. Прыемнасьць пачала прыносіць і невялікія грошы. Увогуле, па тым часе падзел быў такі: судзьдзя трэцяй катэгорыі, другой, першай, рэспубліканскай, усесаюзнай і нарэшце міжнароднай. За мінусам апошняй прайшоў усе прыступкі, пачынаючы зьнізу, маю ўсе клясыфікацыйныя білеты. Ну, а цяпер адразу пачынаюць з рэспубліканскай: толкам не пагуляў, судзіць яшчэ не навучыўся — ня важна...

Подпіс на здымку: Гарык Вольскі. Верагодна, у кадры Артур Вольскі (справа)

Подпіс на здымку: Гарык Вольскі. Верагодна, у кадры Артур Вольскі (справа)

Я судзіў вельмі шмат. Таму што есьці ж хочацца. За гарадзкую гульню плацілі 3 рублі, які-ніякі хлеб. За рэспубліканскую — ужо 5 рублёў. А за саюзную адразу 175, але гэта ўжо не па катэгорыі, быў адзіны тарыф».

Галоўны судзьдзя турніру «Скураны мяч» (1982 год)

Галоўны судзьдзя турніру «Скураны мяч» (1982 год)

Судзейская справа складалася ўдала, і на пачатку 1960-х Уладзімер Церлюкевіч спачатку атрымаў статус рэспубліканскага ўзроўню, а ў 1968-м падмацаваў кляс званьнем судзьдзі ўсесаюзнай катэгорыі. Працаваў як у элітным клясе «А», так і ў «Б» — пазьнейшым аналягу першай лігі. Каб падымаць узровень на месцах, езьдзіў у працяглыя камандзіроўкі па рэгіёнах РСФСР — прыкладам, у Якуцкай АССР абслугоўваў першынствы і рыхтаваў судзейскія кадры.

«Аэрафлёт» — чэмпіён Якуціі 1974 году. Церлюкевіч — сядзіць у першым шэрагу

«Аэрафлёт» — чэмпіён Якуціі 1974 году. Церлюкевіч — сядзіць у першым шэрагу

Неўзабаве для выязных матчаў саюзнага чэмпіянату была сфармаваная беларуская брыгада ў складзе Ходзін — Мацкевіч — Церлюкевіч. Апошняму збольшага была адведзена роля лайнсмэна, дзьве астатнія пазыцыі — у полі і на лініі — падзялілі астатнія двое, некалі футбалісты, калегі па менскім «Спартаку». Ходзін, дарэчы, першы зь беларускіх арбітраў, хто адсудзіў 100 гульняў у вышэйшай лізе.

Беларускі судзьдзя ўсесаюзнай катэгорыі

Беларускі судзьдзя ўсесаюзнай катэгорыі

Судзейскае пасьведчаньне

Судзейскае пасьведчаньне

А колькі ўвогуле Беларусь вырасьціла судзьдзяў саюзнага ўзроўню? «Падшываленка — раз, Строеў — два, Ціхановіч — тры, Мацюшаў —чатыры, Жук — пяць. Гэта тыя, хто з ходу прыходзіць на памяць. Дарэчы, Ходзін з Мацкевічам хоць і лічыліся беларускімі судзьдзямі, але сюды трапілі з Расеі, праходзілі тут вайсковую службу», — пералічвае на пальцах адной рукі Ўладзімер Церлюкевіч.

Беспартыйнага арбітра на замежныя турніры не дапускалі

У судзействе Ўладзімер Адамавіч узгадаваў годных спадкаемцаў. Самым пасьпяховым стаў Вадзім Жук, які рэгаліямі перасягнуў настаўніка. Першым зь беларусаў атрымаў званьне рэфэры ФІФА (судзьдзі міжнароднай катэгорыі), судзіў матчы самага высокага ўзроўню, трапіў у сьпіс 100 лепшых арбітраў сьвету паводле вэрсіі IFFHS:

Малады Вадзім Жук (зьлева), побач — настаўнік

Малады Вадзім Жук (зьлева), побач — настаўнік

«Ня тое што я стаяў над ім і вучыў элемэнтарнай грамаце. Але сапраўды падказваў, папраўляў памылкі, даваў парады. Ён жа чалавек граматны — адзін інстытут скончыў, потым другі. Значыць, жаданьне вучыцца і ўдасканальвацца было. Памятаю, як яшчэ зусім маладога Вадзіма першы раз паслалі ў Маскву на футбольныя юнацкія спаборніцтвы, і Марк Барысавіч Розін (куратар дзіцячага футболу ў Спорткамітэце СССР, заснавальнік турніру „Кожаный мяч“. — РС) паглядзеў на яго і адразу зрабіў выснову: талковы хлопец, трэба яго прасоўваць далей».

Дзіцячы футбол: усё як у дарослых

Дзіцячы футбол: усё як у дарослых

Дзьверы на міжнародную арэну для беларускіх арбітраў прачыніліся толькі са здабыцьцём сувэрэнітэту — за часамі Саюзу прабіцца ў Эўропу скрозь шчыльныя шэрагі маскоўскіх лабістаў было амаль немагчыма. Зрэшты, быў і іншы абмежавальны фактар — ідэалягічны. Калі выпадала замежная камандзіроўка, перавагу без ваганьняў аддавалі судзьдзям-камуністам. Беспартыйнаму Церлюкевічу гэта ўжо было недаступна:

Кожны значок — з гораду, дзе судзіў матчы вышэйшай лігі

Кожны значок — з гораду, дзе судзіў матчы вышэйшай лігі

«На Саюзе я адсудзіў усё. Але да міжнароднага ўзроўню дабрацца было проста нерэальна, канкурэнцыя жорсткая. Ну, ведаеш як: камусьці чалавек падабаецца, камусьці не падабаецца. Да таго ж я ня быў сябрам партыі, а гэта як прысуд. Скажам, Ходзін быў партыйны, Мацкевіч таксама ў партыі. Гэта важна было ня толькі для судзьдзі, колькі для органаў, якія вырашалі, каго можна выпускаць за мяжу, а каго не. Давай па шчырасьці: выклікаюць трох ці чатырох судзьдзяў, усе саюзнай катэгорыі. Трэба пакінуць двух. Член партыі? Так. А вы? Я камсамолец. Ніхто нікога не абражае, не крытыкуе, але пакуль вяртаемся дадому, на партыйнага ўжо прыйшоў выклік, а беспартыйнаму — дулю. Пры тым, што ўзроўнем кваліфікацыі камуніст можа быць і ніжэйшы. Але ж статус... Карацей, як у прымаўцы: блат вышэй за Саўнаркам. Вось так было...»

Ходзяць легенды — маўляў, футбольных судзьдзяў мясцовыя службы прымалі на найвышэйшым узроўні, лепш як партыйных бонзаў, намагаючыся ўсяляк задобрыць, абы атрымаць станоўчы вынік на табло? Асабліва што тычыцца гасьцінных рэгіёнаў Закаўказьзя ды Сярэдняй Азіі:

З футбольным «сьвяцілам» Леанідам Гараем

З футбольным «сьвяцілам» Леанідам Гараем

«Збольшага байкі, хоць асобных за руку і лавілі — адхілялі бязь лішніх словаў. Шчыра кажу: я нават баяўся, што такая сытуацыя можа ўзьнікнуць — пачнуць нешта прапаноўваць. Відаць, адчувалі, таму не турбавалі. Бо бессэнсоўна. Улічыце, што на кожную гульню вышэйшай лігі дэлегаваўся прадстаўнік з Масквы, інспэктар, выяжджалі і кіраўнікі фэдэрацыі. Ну, ідзе матч, футбалісты з судзьдзямі на перамовы ў разьдзявальню ня ходзяць, правільна? Дый прадавацца за кавалак каўбасы? Грошы былі, маглі сабе дазволіць. Дый раптам маскоўскія таварышы нешта западозраць, нехта ў рэстаране „сяброўскую вячэру“ сфатаграфуе, то з працай разьвітаесься ў адно імгненьне... Я сышоў з судзейства чысьцюткі — душа і сумленьне спакойныя, граху на мне няма. І ў Маскве мяне за гэта любілі. Судзьдзяў жа шмат, але ня ўсе атрымлівалі віншаваньні за сумленную працу. А мяне і Гранаткін віншаваў, і Латышаў, і Машкаркін, і ўсе тагачасныя кіраўнікі».

Падчас вайсковых збораў ва Ўкраіне

Падчас вайсковых збораў ва Ўкраіне

Амэрыканец закінуў ногі на стол і ігнараваў вытворчую гімнастыку

Паколькі ў СССР спорт лічыўся аматарскім, то і гульцам, і трэнэрам, і судзьдзям дзеля праформы неабходна было аформіцца на «асноўнае месца працы» — каб прадпрыемства прынамсі трымала цябе ў штаце і плаціла заробак. Такім месцам для Ўладзімера Адамавіча пры канцы 1950-х стаў менскі радыёзавод. Паміж выездамі ў поле ў ягоныя функцыі ўваходзіла арганізацыя вытворчай гімнастыкі ў цэхах, падрыхтоўка камандаў па відах спорту, арганізацыя калёны фізкультурнікаў на парады, а таксама... сяброўскі масаж дырэктару:

Першамайскі парад фізкультурніц (1955 год). Церлюкевіч — завадатар

Першамайскі парад фізкультурніц (1955 год). Церлюкевіч — завадатар

«Мне, дарэчы, радыёзавод даў гэтую кватэру. І я лічу, што заслужыў. Па-першае, кожны дзень вёў вытворчую гімнастыку, прычым адзін. Па штатным раскладзе патрабаваліся два чалавекі — інструктар і мэтадыст — а пад мяне ўсё абʼядналі ў адно. Ну вось я першую палову дня быў адказны за гімнастыку: праходзіў па цэхах, рабілі практыкаваньні. Усе ўжо былі ў курсе: прыходзілі на працу а 8-й і ведалі, што ў 10.45 празьвініць званок на перапынак. Гэта ўваходзіла ў працоўны распарадак. Дружна ўставалі, пачыналі з хадзьбы на месцы, прысядалі, зарадка для рук. Любілі і чакалі гэтую паўзу: і мэханічны цэх, і сталярны, і нават у гальваніцы — усе рабілі. А пасьля абеду ўжо займаўся арганізацыйнай працай: рыхтаваў каманды па футболе, хакеі, лыжах, выстаўляў на спаборніцтвы. Мне, трэба сказаць, не адмаўлялі: лыжы куплялі, клюшкі, мячы, увесь неабходны інвэнтар».

Вытворчая гімнастыка на радыёзаводзе

Вытворчая гімнастыка на радыёзаводзе

Працаўнікі з задавальненьнем адрываліся ад манатоннай канвэернай працы, але быў адзін, які начыста ігнараваў гэты пункт працоўнага графіку. Нефармалам, які мог сабе дазволіць закінуць ногі на стол, быў ніхто іншы, як малады амэрыканскі марксіст Лі Гарві Освальд. Савецкія ўлады ў 1960-м уладкавалі яго ў Менску, а амэрыканскія праз тры гады абвінавацілі ў забойстве прэзыдэнта Джона Фіцджэральда Кэнэдзі. Зрэшты, чэкісты, якія паўсюль негалосна суправаджалі падазронага элемэнта, параілі інструктару проста заплюшчыць вочы на ягоныя свавольствы:

Падрыхтоўка да матча

Падрыхтоўка да матча

«Гэта быў ён, дакладна. У сьлясарным цэху працавалі зборшчыкі, і ён сярод іх. Ногі на стале, нават не зьвярнуў увагі, як я ўвайшоў. Ну, я адпрацаваў, усе вярнуліся на свае месцы, а ў яго нуль рэакцыі. Паспрабаваў заікнуцца майстру, але мяне адразу папярэдзілі: ня трэба зь ім размаўляць, зрабіў сваё — ідзі далей. Органы ж працавалі, ня спалі ў шапку. Дык што, пасьля гэтага буду яму ўказваць, каб ён свае ногі са стала зьняў? Можа ён так дома прывык. Карацей, дзелавы, як у той песьні — „ён ударнік такі дзелавы...“. Так ніводнага практыкаваньня і не зрабіў. А як яшчэ параілі не чапаць, то я і не нарываўся — ня дурань, усё зразумеў. Я і так нікога не чапаў, гэта ж справа добраахвотная: хочаш — рабі, ня хочаш — не рабі. Усе нашы рабілі перапынак ахвотна...»

Жыцьцё як бясконцая паласа разьвітаньня зь любімымі

Драмы асабістага жыцьця для Ўладзімера Церлюкевіча ня скончыліся дачаснай і трагічнай стратай бацькоў. На пачатку 1950-х ён ажаніўся, нарадзіўся сын. Аказалася, што ў хлопчыка поліяміэліт — захворваньне кары галаўнога мозгу. Усе спробы ўратаваць малога плёну не далі — 6-гадовы Грыша памёр. Ягоныя здымкі і цяпер на самым відным месцы ў бацькавым пакоі. Празь некаторы час ня стала і жонкі Розы, якая так і не акрыяла ад трагедыі.

Маладосьць ня вечная: з другой жонкай Раісай

Маладосьць ня вечная: з другой жонкай Раісай

Ажаніўся другі раз, жонкай стала супрацоўніца выдавецтва, дыплямаваная журналістка Раіса. Два гады таму спадарожніцы, зь якой пражылі амаль паўстагодзьдзя, ня стала. У бацькоўскую хату наведваюцца сыны Саша і Валера, сёлета 30-гадовы юбілей адзначае ўнук Міхаіл. Не губляецца сувязь і з койданаўскімі ратавальнікамі:

«Зь сямʼі Харытон трывалыя кантакты падтрымліваў з Аляксандрам — сынам аднаго зь дзяцей Марфы, Пятра. Сама яна памерла неўзабаве пасьля вайны, дзеці разьехаліся. Мабыць, нікога ўжо і няма, бо яны ж яшчэ старэйшыя за мяне. Аляксандар Пятровіч — ён палкоўнік юстыцыі, з мэдалём скончыў койданаўскую школу. Ягоны сын Андрэй працуе ў Менску стаматолягам, ён майстар спорту па акрабатыцы. Ягоныя дзеці Максім і Андрэй вельмі таленавітыя, ангельскую выдатна ведаюць. Сямʼя добрая, высакародная. Люблю іх, а інакш і нельга: раз людзі мяне ўратавалі, я мушу дапамагаць. Касьцюмчыкі малым якія куплю, слодычаў. Грошы з пэнсіі застаюцца, куды іх падзець? Я ж такі ядун, што мне шмат ня трэба, хіба што на лекі».

Зь дзецьмі Валерам і Сашам

Зь дзецьмі Валерам і Сашам

З койданаўскай раднёй: з праўнукам і прапраўнукамі Марфы Харытон

З койданаўскай раднёй: з праўнукам і прапраўнукамі Марфы Харытон

Судзейская карʼера Ўладзімера Церлюкевіча скончылася ў 1974 годзе — арбітраў, як сілавікоў, да нядаўняга часу выпраўлялі на пэнсію ў 45. Тым ня меней яшчэ да сярэдзіны 1990-х яго запрашалі інспэктарам на матчы чэмпіянату Беларусі — як своеасаблівага трацейскага судзьдзю на выпадак пасьляматчавых спрэчак. У першыя гады незалежнасьці прыцягваўся да турніраў з удзелам камандаў палітыкаў, пра што да сёньня нагадваюць здымкі ў кампаніі з Генадзем Карпенкам. Палітык, віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету быў вядомым аматарам футболу, у свой час нават судзіў матчы рэспубліканскага ўзроўню.

Генадзь Карпенка (у цэнтры), справа — Уладзімер Церлюкевіч

Генадзь Карпенка (у цэнтры), справа — Уладзімер Церлюкевіч

Цяпер пра былога «жыўчыка» на бакавой лініі нагадваюць хіба што фатаздымкі, якія вяртаюць у няпростае, але насычанае мінулае. За апошнія гады Ўладзімер Адамавіч перанёс некалькі складаных апэрацыяў, кожны спуск на вуліцу зь чацьвёртага паверху і тым больш падʼём даецца вельмі цяжка. Тым ня меней кожны панядзелак стараецца абавязкова выбрацца ў лазьню Палаца воднага спорту, дзе згадаць мінулае зьбіраюцца вэтэраны беларускага футболу:

Кветкі ад удзячных заўзятараў (адкрыцьцё сэзону — 1987)

Кветкі ад удзячных заўзятараў (адкрыцьцё сэзону — 1987)

«Шчыра скажу: ужо надакучыла жыць. Паміраць пара, хопіць. Пражыў 87 гадоў дый годзе, дай іншаму хоць палову ад гэтага, трэба ж сумленьне мець. Сустракаю кожны дзень як апошні, таму хачу хоць нечым некаму дапамагчы. Прыкладам, у пераходзе мэтро часта сядзіць хлопчык, на скрыпцы грае — кожны раз даю. Бачу бедных, тых, хто ў нястачы — даю. Ты дасі — і табе Бог дапаможа. Я не атэіст, не заўзяты вернік, але ж чалавек павінен у нешта верыць. А як у камуністычную партыю ўжо ніхто ня верыць, то адзінае, у каго застаецца верыць, дык толькі ў Бога. Згодны? Некалі нас выхоўвалі на ідэалёгіі камунізму, але ж яна ня спраўдзілася. Таму цяпер кожны сам вырашае, куды прыхінуцца. Пажыў: хай добра, хай дрэнна, але вышэйшыя сілы мяне суправаджалі. Настаў час адыходзіць...»

Мяч — верны спадарожнік па жыцьці

Мяч — верны спадарожнік па жыцьці

На заслужаны адпачынак Уладзімер Церлюкевіч выйшаў ужо ў вельмі паважным веку, але на знакавыя футбольныя матчы з удзелам зборнай выбіраўся да апошняга часу — пакуль дынамаўская арэна не ператварылася ў руіны. Не забываецца пра яго існаваньне і Беларуская фэдэрацыя футболу, штогод адзначаючы ўнёсак аднаго зь першапраходцаў судзейскай справы ў разьвіцьцё гульні № 1.

За ўнёсак у разьвіцьцё беларускага футболу

За ўнёсак у разьвіцьцё беларускага футболу

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG